Валанцёры — у цэнтры падзей

Ужо вельмі хутка пачне працаваць пасля грунтоўнай рэканструкцыі знакаміты стадыён “Дынама” ў Мінску. Рэканструкцыя доўжылася амаль 6 гадоў, і літаральна праз некалькі дзён спартыўная арэна прыме першыя спаборніцтвы, першых балельшчыкаў. Свой уклад у яе абнаўленне ўнеслі і сталічныя студэнты — члены грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Арганізаваў работу валанцёраў на гэтым важным аб’екце гарадскі камітэт БРСМ. Маладыя людзі шмат чаго паспелі зрабіць, папрацаваць на “Дынама” давялося многім хлопцам і дзяўчатам.

Адзін з валанцёраў, камандзір штаба працоўных спраў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, чацвёртакурснік Іван Рыбнікаў расказвае, што маладыя людзі задзейнічаны ў асноўным на падсобных работах — прыбіраюць, мыюць, пераносяць грузы, прыводзяць у парадак газоны, па магчымасці дапамагалі ў іншых работах. Але любая работа, нават самая простая, набліжае стадыён да важнага моманту — урачыстага адкрыцця і першага лёгкаатлетычнага матча, які запланаваны на
22 чэрвеня.

Абноўлены стадыён, дарэчы, зможа прыняць адначасова больш за 22 тысячы балельшчыкаў, якія размесцяцца на трыбунах з камфортам. Менавіта на гэтых трыбунах мы і сустракаемся з Іванам і яго камандай, а таксама з валанцёрамі з іншых сталічных універсітэтаў. У дзень нашай сустрэчы на “Дынама” працуюць 60 студэнтаў, звычайна сюды прыходзіць прыкладна столькі ж валанцёраў, змяняючы адзін аднаго. Гэта студэнты лінгвістычнага, медыцынскага, тэхналагічнага ўніверсітэтаў, універсітэта культуры і БДУ, а яшчэ прадстаўнікі трох мінскіх раёнаў — Фрунзенскага, Цэнтральнага і Кастрычніцкага (супрацоўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, навучэнцы каледжаў).

— Працуем пэўны час, — гаворыць мой суразмоўнік, — і бачылі стадыён, калі ён быў іншым. Працай сваёй ганарымся, бо не кожны можа трапіць у валанцёрскі атрад — трэба прайсці адбор. Мы рады дапамагчы.

А яшчэ мы, у прыватнасці, студэнты лінгвістычнага ўніверсітэта і я ў тым ліку, збіраемся і далей заставацца валанцёрамі. Будзем, выкарыстоўваючы свае веды, працаваць праз год на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску — усяго 200 валанцёраў ад нашай УВА.

Іван і яго таварышы сцвярджаюць, што працаваць на рэканструкцыі вельмі цікава: мяняюцца віды работ, у якіх удзельнічаюць валанцёры, на вачах мяняецца аблічча стадыёна — і гэта натхняе, бо адчуваеш сябе далучаным да значных, важных для краіны падзей.

…А на стадыёне, у яго памяшканнях і на прылеглай тэрыторыі ні на хвіліну не спыняецца работа: дзяўчаты і хлопцы з медінстытута на чале са сваім камандзірам шасцікурсніцай Вікторыяй Сац, студэнты іншых універсітэтаў прыбіраюць трыбуны, мыюць крэслы, па зялёным дынамаўскім полі бесперапынна ездзіць спецыяльная машына, наводзячы бляск на і без таго, здавалася б, ідэальны газон, рабочыя нешта робяць на навесах над трыбунамі, іншыя цягнуць кабель у памяшканнях. Жыццё віруе, і ў гэтай віхуры не губляюцца студэнты, навучэнцы, іншая моладзь — актывісты БРСМ.

Яны — у цэнтры падзей.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *