Валерый Багданаў: сістэма адукацыі Беларусі развіваецца ў правільным напрамку

- 13:05Образование: взгляд через эпохи

Імя Валерыя Багданава добра вядома ў сферы адукацыі Магілёўшчыны. Амаль сорак гадоў ён кіраваў рознымі навучальнымі ўстановамі рэгіёна. На працягу дзесяцігоддзя ўзначальваў упраўленне па адукацыі аблвыканкама. Прафесійны шлях Валерыя Сцяфанавіча — прыклад працавітасці і адданасці сваёй справе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Усё жыццё Валерыя Багданава трывала звязана з адукацыйнай галіной. Прыслухаўшыся да парад школьных настаўнікаў, ён скончыў гістарычны факультэт цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова. І хаця працоўную біяграфію пачаў з камсамола, даволі хутка вярнуўся на педагагічны шлях і больш з яго не збочваў.

— Спачатку кіраўніцкі вопыт атрымліваў у адной з вячэрніх школ Магілёва. Потым стаў дырэктарам сярэдняй школы № 37 горада. Тады гэтая ўстанова была самай вялікай у краіне па колькасці вучняў. У канцы 80-х тут вучылася 3350 дзяцей. Навучанне было арганізавана ў тры змены. Першы званок гучаў у 7:50 раніцы, а заканчваліся ўрокі а палове дзявятай вечара. Было цяжка, але педагагічны калектыў спраўляўся: школа была ў ліку лепшых па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці, — падзяліўся Валерый Сцяфанавіч.

У 1990 годзе ў рэспубліцы пачалі адкрывацца агульнаадукацыйныя ліцэі. Ля вытокаў станаўлення ліцэйскай адукацыі стаяў і Валерый Багданаў.

— Ліцэі былі абсалютна новым тыпам навучальных устаноў, але нейкіх вялікіх цяжкасцей у функцыянаванні не ўзнікала. Калі ўзначаліў Магілёўскі абласны ліцэй № 1, адразу ж заняўся дасканалым падборам кадраў. Гэта і адыграла ключавую ролю. Прытрымліваюся меркавання, што аснова адукацыі — нас­таўнікі. У свой час прыцягнуў у ліцэйскі калектыў цудоўных прафесіяналаў, педагогаў, якія працуюць з дзецьмі па поклічы сэрца. Сярод іх уладальнік звання “Народны настаўнік Беларусі” Валерый Барашкоў, — расказаў суразмоўнік.

Кіраванне 1-м абласным ліцэем Валерый Багданаў прыгадвае з цеплынёй. Пачаўшы з нуля, разам з камандай аднадумцаў яму ўдалося закласці традыцыі, якіх ва ўстанове прытрымліваюцца і зараз.

— Прыярытэтам было прадастаўленне якасных ведаў. Сумеснымі намаганнямі нам гэта ўдавалася. Асабліва яскрава навучэнцы праяўлялі сябе ў алімпіядах: установа гучала як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні. Лідарскія пазіцыі ліцэй захоўвае і сёння. Заўсёды лічыў важным і выхаванне вучняў, таму ў ліцэйскіх сценах дзейнічала шырокая сетка гурткоў рознай накіраванасці, працавалі выхавальнікі, якія выконвалі функцыі класных кіраўнікоў. Адметнай традыцыяй, якая працягвае існа­ваць, сталі вераснёўскія вучнёўскія паходы. Турызм выдатна згуртоўвае і аб’ядноўвае незнаёмых дзяцей у адзіны клас, — адзначыў Валерый Сцяфанавіч.

Шмат успамінаў Валерыя Багданава прысвечана перыяду работы начальнікам упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Адукацыйную сферу вобласці ён узначальваў падчас станаўлення суверэннай Беларусі.

— У сярэдзіне 90-х краіна атрымала незалежнасць, адукацыі неабходна было на­даць нацыянальны змест. Адбывалася мнос­тва рэформ. Праводзячы часавую паралель і ацэньваючы зробленае, скажу: у большасці сваёй рашэнні прымаліся правільныя. Вядома, ёсць спрэчныя, дыс­кусійныя моманты, але ў цэлым нам удалося зрабіць галоўнае: захаваўшы савецкую спадчыну, узяць курс на ўкараненне перадавых адукацыйных тэндэнцый, — адзначыў Валерый Сцяфанавіч.

Будучы членам калегіі Міністэрства адукацыі, Валерый Багданаў укараняў інавацыйныя ініцыятывы ў рэгіянальную адукацыю. Ён унёс свой уклад у інфарматызацыю магілёўскіх навучальных устаноў.

— Усведамленне таго, што за інфармацыйнымі тэхналогіямі будучыня, прыйшло пасля замежных камандзіровак. Мае перакананні ўсебакова падтрымаў тагачасны губернатар Магілёўшчыны Аляксандр Мікалаевіч Кулічкоў. Была зацверджана адпаведная праграма інфарматызацыі. Ва ўсе ліцэі, прафесійна-тэхнічныя ўстановы і буйныя школы раёнаў паставілі сучасныя камп’ютарныя класы. У 1997 годзе ў фармаце маштабнага семінара мы прадставілі праведзеную работу калегам з іншых абласцей. Тагачасны міністр адукацыі Васіль Іванавіч Стражаў быў уражаны. Нашы навацыі ўзялі за аснову для складання рэс­публіканскай праграмы інфарматызацыі сістэмы адукацыі, — расказаў Валерый Сцяфанавіч.

З яго падачы было наладжана цеснае міжведамаснае ўзаемадзеянне ў прафілактычнай рабоце, што дало магчымасць стабілізаваць у галіне сітуацыю са здзяйсненнем супрацьпраўных дзеянняў непаўналетнімі. Таксама Валерый Багданаў папулярызаваў напрацоўкі асобных раёнаў па супрацоўніцтве з калгасамі па арганізацыі харчавання сельскіх школьнікаў, паспрыяў вырашэнню праблемы з харчаваннем у гарадскіх навучальных установах.

— Ніколі не баяўся браць на сябе адказнасць, вызначаць арыенціры і весці людзей за сабой. На мой погляд, інакш немагчыма быць кіраўніком. Паспяховае кіраванне — гэта ў тым ліку і ўменне разгледзець станоўчыя пачынанні ў калектывах на месцах, а пасля — папулярызаваць і распаўсюдзіць эфектыўны вопыт, — упэўнены Валерый Сцяфанавіч.

Выразных прафесійных прынцыпаў Валерый Багданаў прытрымліваўся на кожнай сваёй пасадзе. І паўсюдна гэта прыносіла чаканыя вынікі. Узначальваючы Магілёўскі абласны інстытут развіцця адукацыі, ён наладзіў метадычнае суправаджэнне педагогаў у рэгіёне. А калі быў дырэктарам Магілёўскай абласной ДЮСШ алімпійскага рэзерву па шахматах і шашках, выбудаваў алгарытмы падрыхтоўкі будучых чэмпіёнаў.

— Сам працаваў з энтузіязмам і заўсёды матываваў на поўную самааддачу калектывы. Імкнуўся праяўляць увагу да педагогаў: стымуляваў, падтрымліваў. Гэта дазваляла згуртавана праца­ваць над выкананнем пастаўленых задач. У МДАІРА мы змаглі распрацаваць агульныя падыходы ў павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў. У ДЮСШ — распаўсю­дзілі па вобласці шахматны ўсенавуч, выхавалі шматлікіх пераможцаў прэс­тыжных турніраў. Адна з вучаніц школы Вольга Бадэлька нават стала міжнарод­ным гросмайстрам па шахматах, — заўважыў Валерый Сцяфанавіч.

Зараз Валерый Багданаў знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму ўнікае ў тое, што адбываецца ў сферы адукацыі: удзельнічае ў жнівеньскіх педагагічных канферэнцыях і іншых знакавых мерапрыемствах, со­чыць за актуальнымі навінамі.

— Вельмі радуюся дасягненням магілёўскага настаўніцтва. Поспехаў нямала. У гэтым несумненная заслуга цяперашняга начальніка ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэя Барысавіча Заблоцкага. Некалі ўзгадняў яго на пасаду начальніка раённага аддзела адукацыі: патэнцыял асобы быў бачны ўжо тады. Ганаруся і тым, што прызначаў дырэктарамі Пятра Уладзіміравіча Шылава і Алега Адамавіча Бахановіча. Сёння яны ма­юць званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, а ўзначаленыя імі навучальныя ўстановы ператварыліся ў адукацыйныя брэнды Прыдняпроўскага краю, — пад­крэсліў Валерый Сцяфанавіч. — Наогул сістэма адукацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі сёння адпавядае сусветным стандартам. Мы даём дзецям добрыя веды і не забываем пра выхаванне падрастаючага пакалення. Зроблена шмат, але спачываць на лаўрах нельга. Трэба працягваць рух наперад, бо якасная праца немагчымая без удасканалення і развіцця.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара