Валерый ШМАТ: “Нас яднае бязмежная любоў да музыкі”

- 14:36Культура

Як педагог уплывае на станаўленне дзіцяці? Чым варта кіравацца настаўніку пры выкладанні музычнага матэрыялу? На што ў першую чаргу звяртаюць увагу члены журы дзіцячых музычных конкурсаў? Як стаць паспяховым артыстам у сучасным свеце, а таксама чаго дасягнула арт-група “Беларусы” за 15 гадоў свайго існавання? На гэтыя і многія іншыя пытанні адкажа стваральнік і мастацкі кіраўнік калектыву, спявак, кампазітар, арганіст, уладальнік медаля Францыска Скарыны, настаўнік многіх юных выканаўцаў, якія неаднаразова станавіліся пераможцамі самых прэстыжных міжнародных конкурсаў, Валерый Шмат.

Валерый, мы з вамі знаёмы амаль дзесяць гадоў. І колькі я вас ведаю, столькі вы займаецеся педагагічнай дзейнасцю, навучаючы вакальнаму майстэрству дзяцей самага рознага ўзросту. Што вам дапамагае знахо­дзіць агульную мову з выхаванцамі?

— Па-першае, самае галоўнае — трэба любіць справу, якой ты займаешся, бо шчаслівыя тыя людзі, якія спалучаюць і працу, і захапленне. Па-другое, заўсёды неабходна паважаць дзіця, яго бацькоў і нават сацыяльны статус і асяроддзе, у якім яно выхоўваецца. Па-трэцяе, педагог павінен добра ведаць сваю справу, прычым увесь час, сістэматычна працаваць над сваім удасканаленнем, а таму, напрыклад, у музыцы пастаянна вывучаць новыя кірункі. Вельмі важна, каб педагог ведаў больш, чым яго вучань. Калі выхаванец пачынае адчуваць, што ён ведае ўсё тое, што і настаўнік, у яго зніжаецца павага да педагога. І апошняе — неабходна не толькі разумець педагагічную справу і асноўныя законы педагогікі, але і выдатна ведаць псіхалогію пэўных узростаў.

— А можаце прыгадаць, хто з педагогаў аказаў найбольшы ўплыў на ваша станаўленне?

— Для мяне педагог — гэта перш за ўсё асоба, якая мае вопыт і погляд не толькі на свой прадмет, але і на гісторыю, на тое, што адбываецца ў грамадстве, краіне і наогул у свеце. Менавіта гэтая павага да педагога як да асобы і вызначае тых людзей, пра якіх я з гордасцю магу сказаць, што яны былі ў маім жыцці. Так, у маёй Налібоцкай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна беларускую мову і літаратуру выкладаў Ігар Іванавіч Міцкевіч, прычым рабіў гэта з вялікай любоўю, бо вельмі хацеў, каб мова была жывой і простай, ішла ад сэрца. Таксама ўспамінаюцца настаўнік рускай мовы і літаратуры Міхаіл Антонавіч Чарняўскі, выкладчыкі матэматыкі і хіміі Вера Мікалаеўна Пятроўская і Іосіф Міхайлавіч Місюра, настаўніца біялогіі Надзея Міхайлаўна Шагун і многія іншыя — усе яны вучылі не толькі сваім прадметам, але і жыццю. І хоць, прыехаўшы ў Мінск, думаў, што буду адным з апошніх па агульнаадукацыйных прадметах, але першыя кантрольныя паказалі, што ў мяне дастатковыя веды. Так я зразумеў, наколькі высокі ўзровень адукацыі і падрыхтоўкі мелі нашы вясковыя настаўнікі, якія былі апантаныя педагагічнай справай, любілі свае прадметы і пастаянна пашыралі асабістыя веды.

Таксама мне пашчасціла вучыцца ў выдатных сталічных педагогаў: у Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І.Глінкі — у Яўгеніі Адамаўны Дзягілевай, а затым у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — у прафесара, народнага артыста Беларусі і выбітнага дзеяча харавога мастацтва Віктара Уладзіміравіча Роўды. Абое яны вельмі паўплывалі на мяне як на музыканта і асобу.

Ці можна гаварыць, што любоў да роднай мовы вам прывіў школьны настаўнік?

— Ігар Іванавіч Міцкевіч зрабіў пераважную працу. У той жа час мы выхоўваліся ў такой атмасферы, дзе па-беларуску размаўлялі ўсе: і бацькі, і бабулі з дзядулямі, і сябры, і настаўнікі — тым больш што і школа была беларускамоўная. Зараз канцэрты арт-групы “Беларусы” стараюся праводзіць на роднай мове, хоць мы і спяваем на дзесяці мовах свету. І, дарэчы, гэта адна з адметных рыс нашага калектыву.

— Валерый, вашы выхаванцы шмат разоў станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі розных вакальных конкурсаў, у тым ліку Міжнароднага конкурсу дзіцячай песні “Еўрабачанне”, дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”, што праводзіцца ў межах “Славянскага базару”, конкурсу маладых выканаўцаў “Новая хваля” і г.д. Якой павінна быць конкурсная песня юнага выканаўцы, каб ён стаў пераможцам або ўвайшоў у тройку лепшых?

— Адразу падкрэслю, што для дзіцяці напісаць песню больш складана, чым для дарослага. Таму што тэматыка дзіцячых песень невялікая: сяброўства, мары, сонейка, прыродныя з’явы. І каб напісаць класную дзіцячую песню ў фармаце конкурсу, трэба прыкласці шмат намаганняў. А кампазіцыя для “Еўрабачання” — гэта ўвогуле заўсёды латарэя, бо немагчыма прадказаць: трапіш у трэнд, густы журы і слухачоў ці не. Таму ты проста робіш тое, на што здольны, і спадзяешся, што песня знойдзе водгук у сэрцах слухачоў.

Я ўпэўнены ў тым, што калі ты пішаш песню для канкрэтнага юнага выканаўцы, то павінен адчуць яго ўнутраны свет і галасавыя здольнасці. Калі бачу схільнасці да класічнага вакалу, я не буду пісаць песню ў стылі джаз або фанк, бо ўсё роўна ў іншых гэта атрымаецца лепш. Лічу, што педагог ні ў якім выпадку не павінен узгадоўваць комплексы ў дзіцяці, а наадварот, калі заўважыць іх, трэба прыкласці ўсе намаганні, каб пазбавіць яго ад іх. Нельга ўказваць на пэўныя недахопы выхаванца, каб ён не расчараваўся. Таму спачатку варта пахваліць яго, а толькі пасля сказаць: “Звярні ўвагу на тое і тое, давай вывучым вось гэта, а ў гэтым месцы паспрабуем праспяваць такім чынам”.

— Вас часта можна бачыць у складзе журы розных конкурсаў. А ці складана ацэньваць дзіцячую творчасць?

— Прызнаюся: мне вельмі прыемна, калі, знаходзячыся ў складзе журы, я чую, як канкурсанты спяваюць мае творы. Але ў журы заўсёды складана, бо калі ацэньваеш дзіця, то ў першую чаргу ацэньваеш яго педагога: наколькі ён змог раскрыць талент свайго выхаванца і падабраць добрую песню. Часам бачыш таленавітага выканаўцу, якога, на жаль, не навучылі гукавядзенню, пэўным прыёмам, як працаваць з рэгістрамі, не паставілі дыханне і г.д. Як у мове спачатку вывучаюцца літары, пасля склады, словы і толькі затым сказы, так і ў музыцы, усё павінна быць паступова. Часам на конкурсе выходзіць чалавечак метр дваццаць ростам, і ён куды больш таленавіты, чым астатнія, аднак педагог не змог яго раскрыць, а таму ён не стаў лепшым.

— Пры вашым прадзюсарскім цэнтры “Залатыя галасы” створана эстрадна-вакальная студыя, у якой займаюцца як дзеці рознага ўзросту, так і моладзь.

— У розныя часы кірунак студыі, як і колькасць дзяцей у ёй, былі рознымі. Так, некаторы час было толькі навучанне, пасля мы пераважна займаліся пастаноўкай дзіцячых спектакляў і мюзіклаў. Дарэчы, паставілі каля дзесяці мюзіклаў на розных канцэртных пляцоўках сталіцы і нават гастралявалі па рэспубліцы. Часам у нашых спектаклях было задзейнічана каля 80—100 чалавек, мы давалі магчымасць нават самым маленькім пастаяць на сцэне. Дзякуючы нашай камандзе, якая складалася з прафесійных і апантаных рэжысёраў, пастаноўшчыкаў, харэографаў, мы рабілі гэта на высокім узроўні.

Зараз так склалася, што на пастаяннай аснове я не выкладаю, але калі бачу таленавітае дзіця, якое здольна прадстаўляць нашу краіну на міжнародных конкурсах, то асабіста пачынаю рыхтаваць яго, таму педагагічная дзейнасць не спыняецца. І амаль штогод у фінал нацыянальных адбораў на дзіцячае “Еўрабачанне” або “Славянскі базар” уваходзяць нашы вучні або выхаванцы іншых студый, якія выконваюць мае песні.

Вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе ў нас з’явіцца калектыў для падлеткаў і мола­дзі. Думаем стварыць змешаны гурт з некалькіх дзяўчат і юнакоў ва ўзросце 20—23 гадоў, які будзе накіраваны на маладую слухацкую аўдыторыю. Арт-група “Беларусы” — гэта калектыў са статусам, што нас, канечне, вельмі радуе, але ён больш разлічаны на падрыхтаваную, сталую публіку, і нашы канцэрты часткова складаюцца з класічнай музыкі, якая не заўсёды зразумела моладзі. Праўда, нядаўна ў Гомелі мне давялося іграць на аргане перад старшакласнікамі, якіх было чалавек 500, і спачатку я думаў, што мы іх не ўтаймуем, але я паразмаўляў з імі і данёс да іх думку пра важнасць класічнага мастацтва. Словы пра тое, што музыка нараджаецца з жыцця, канкрэтных перажыванняў кампазітара і абставін, у якіх пісаўся пэўны твор, аказалі на іх моцнае ўздзеянне. Напрыклад, сярод мелодый мабільных тэлефонаў ёсць творы Моцарта, які ўсімі намі ўспрымаецца як выбітны кампазітар, але мала хто ведае, што ён пахаваны ў агульнай магіле, як жабрак. Такія прыклады дапамаглі сканцэнтраваць увагу падлеткаў, пасля чаго амаль гадзіну ў абсалютнай цішыні я змог іграць на аргане і спяваць.

— Ваша музыка таксама нараджаецца з жыцця і ўражанняў. Напэўна, ні дня не праходзіць без напісання мелодый або вершаў?

— Як гаварыў знакаміты класік, натхненне прыходзіць у час працы. Гадоў 20 назад я пачуў інтэрв’ю з Юрыем Антонавым, які сказаў, што, калі трэба напісаць песню, ён не чакае натхнення, а садзіцца і піша. Тады я быў здзіўлены, але цяпер разумею яго словы. Звычайна ёсць нейкая задума, якую ты пачынаеш шліфаваць: робіш аранжыроўку, шукаеш вакальныя прыёмы, якія нават самай простай песні змогуць надаць яркасці. Прынамсі, самы складаны твор без фарбаў можа здацца сціплым і некранальным.

А наконт “ні дня без мелодыі”: так, у маім дыктафоне і блакнотах сотні музычных кавалачкаў, але, каб яны ператварыліся ў сапраўдны твор, неабходна шмат часу і намаганняў. З гадамі я прыйшоў да высновы, што слухачоў больш кранае тое, што зроблена простымі сродкамі, але эфектна, як гаворыцца, каб брала за душу.

— У пачатку красавіка арт-група “Беларусы” адзначыла 15-годдзе. За гэты час калектыў некалькі разоў змяніў свой склад. Хто сёння ўвахо­дзіць у “Беларусаў” і якія ў вас планы на юбілей?

— Акрамя мяне (барытона), у групу ўваходзяць Ігар Рацівых (бас), Віталь Зюскін (лірычны тэнар), Антон Зараўнядны (лірычны тэнар і тэнар-альціна), Андрэй Коласаў (барытанальны тэнар). Усе мы маем вышэйшую музычную адукацыю і шматлікія ўзнагароды. У той жа час усе мы вельмі розныя, але нас яднае бязмежная любоў да музыкі. Зараз група складаецца з пяці чалавек, і такая коль­касць дазваляе выдатна паказваць мужчынскае шматгалоссе. Акрамя таго, у нашу каманду ўваходзяць гукарэжысёр і дырэктар — усяго сем чалавек. Такі склад дазваляе нам быць мабільнымі і вандраваць, гучаць магутна і шматгалосна.

Часта пытаюцца, ці сябруем мы. Канечне! Мы разам стаім на адной сцэне, і я вырашыў для сябе, што неабходна падтрымліваць сяброўскія адносіны. Таму дыстанцыі “мастацкі кіраўнік — дырэктар — падначаленыя” ў нас няма. Менавіта сяброўства дапамагае нам паспяхова выступаць, даваць больш за 100 канцэртаў на год як па Беларусі, так і за мяжой.

Наш калектыў адметны тым, што заўсёды спявае з душой і толькі ўжывую, бо калі сядзіш у канцэртнай зале, то апынаешся ўнутры працэсу, а калі глядзіш выступленне па тэлевізары, то знаходзішся звонку. Таму лепш прыходзіць на канцэрты. Спадзяёмся восенню зладзіць цэлы гастрольны тур па Беларусі. Хочацца зрабіць вялікі канцэрт і ў сталіцы, на якім прагучаць як добра знаёмыя творы, так і новыя. І больш за тое, плануем заспяваць з рознымі артыстамі не толькі з Беларусі, але і з блізкага замежжа і такім чынам падвесці вынікі 15-гадовай дзейнасці.

— Валерый, яшчэ адзін бок вашай дзейнасці — уласныя арганныя канцэрты. Як вам удаецца сумяшчаць духоўную музыку з эстраднай?

— Я акадэмічны музыкант, бо скончыў кансерваторыю. Калі шчыра, то эстрадная музыка дазваляе зарабіць на жыццё, а духоўная — маё захапленне і ачышчэнне. Мне па­шчасціла сустрэць такіх людзей, якія навучылі ўкладаць у кожную нотку душу, суперажы­ваць словам, напісаным сотні, тысячы гадоў назад, і разумець, што чалавек — толькі малая крупінка ў Сусвеце са сваімі слабасцямі і недахопамі.

— Дарэчы, вы і сам у сакавіку адзначылі асабісты юбілей — 40-годдзе. Што першаснае, а што другаснае ў вашым жыцці і творчасці сёння, да якіх высноў прышлі?

— Я зразумеў, што першаснае — гэта блізкія людзі, якія ўсё жыццё побач з табой, што маё багацце — духоўны, філасофскі, рэлігійны вопыт, які я набыў за гэтыя гады, а таксама ўменне прабачаць людзям і не трымаць на іх зла, адрозніваць, хто сябар, а хто — не. І ў творчасці таксама, бо хтосьці з салістаў пачынае самастойную сольную дзейнасць, не­хта ўвогуле расстаецца з музыкай. У свае сорак я разумею і з павагай адношуся да тых, хто побач. Калектыў — гэта творчая сям’я, таму што нярэдка з імі часу праводзіш больш, чым з роднымі.

Акрамя таго, з кожным годам больш важным становіцца адчуваць спакой у душы і ведаць, што забяспечыў дабрабыт блізкіх лю­дзей.

— А з чаго складаецца ваша формула шчасця?

— Яе, напэўна, і няма. Ёсць зерне: трэба быць шчырым з сабой і іншымі людзьмі. Калі нешта не падабаецца ў прафесіі, не трэба заставацца ў ёй, бо сапраўдная пакута хадзіць на працу, якую не любіш. Будзьце самі сабой і любіце адно аднаго! Лічу: некалі мы будзем даваць адказ перад Богам не толькі за тое, што зрабілі, але і за тое, чаго не зрабілі, хоць і мелі на гэта сілы. І гэтая думка заўсёды ў маёй галаве, таму важна, каб чалавек усё рабіў з любоўю да родных, сваёй справы і лю­дзей, якія побач.

— Валерый, дзякуй за шчырую і змястоўную размову. Няхай музыка заўсёды гучыць у вашай душы, выхаванцы радуюць новымі перамогамі, а вашы канцэрты будуць толькі аншлагавымі!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з асабістага архіва
Валерыя ШМАТА.