Валодаць талентам узаемаадносін

Валерый Аляксандравіч Стружко працуе дырэктарам сярэдняй школы № 161 Мінска з 2002 года — моманту адкрыцця ўстановы. Стаж работы ў галіне адукацыі — звыш 25 гадоў. За час работы на пасадзе дырэктара Валерый Аляксандравіч зарэкамендаваў сябе як кваліфікаваны, таленавіты кіраўнік, з высокім узроўнем прафесіяналізму, вялікай працаздольнасцю і талентам чалавечых узаемаадносін.

Карані Валерыя Аляксандравіча ў Віцебску, дзе ён нарадзіўся ў 1966 годзе. У 1983 годзе скончыў Крупіцкую сярэднюю школу Мінскага раёна, а пасля заканчэння ў 1990 годзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пачаў педагагічную дзейнасць на пасадзе настаўніка біялогіі. Прафесіянал высокага ўзроўню, які ўносіць вялікі ўклад у фарміраванне філасофіі школы, залажыў асновы для распаўсюджвання яе лепшых традыцый — так характарызуюць Валерыя Аляксандравіча калегі. Пад яго кіраўніцтвам установа адукацыі дасягнула высокага ўзроўню развіцця, педагагічны калектыў удзельнічае ў эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці па профільнай адукацыі, у праекце “Электронная школа”. З 2012 года ўстанова з’яўляецца рэсурсным цэнтрам сталіцы па выхаваўчай рабоце, з 2014 года — па кіраўніцкай дзейнасці. Валерый Аляксандравіч з’яўляецца членам Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА (узнагароджаны юбілейным медалём “25 гадоў Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА”), а таксама актыўным удзельнікам гарадскога клуба кіраўнікоў “Дыялог”.

Як адзначае сам Валерый Аляксандравіч, яго місія ў школе — генерыраваць ідэі, займацца пошукам неабходных складнікаў для іх рэалізацыі, быць ініцыятарам, арганізатарам, настаўнікам, чалавекам. “161-я школа для мяне — гэта цікавае жыццё, гэта клопаты і рух наперад, гэта напружанне і радасць адначасова, гэта маленькая краіна і вялікія справы, гэта ўсе МЫ. А мае вучні і мой калектыў — гэта сям’я, сябры, аднадумцы, апаненты, мой галаўны боль (усміхаецца. — Заўв.аўт.) і мая радасць”, — расказвае дырэктар.

Валерый Аляксандравіч вядзе сістэмную і плённую работу па павышэнні ўзроўню педагагічнага майстэрства настаўнікаў, стварае неабходныя ўмовы для камфортнай працы педагогаў і навучання школьнікаў, актыўна ўзаемадзейнічае з прафсаюзнай арганізацыяй па паляпшэнні якасці працоўнай дысцыпліны работнікаў установы адукацыі. “Валерый Аляксандравіч — вопытны, адукаваны, уважлівы і клапатлівы кіраўнік. Усе важныя мерапрыемствы мы плануем разам, нарматыўныя дакументы разглядаем сумесна. І гэта для нас вельмі важна”, — гаворыць старшыня камітэта прафсаюза ўстановы Ларыса Іванаўна Ткачук.

У школе Валерый Аляксандравіч заўсёды ў цэнтры ідэалагічнай і выхаваўчай работы, якая накіравана на павышэнне і ўдасканаленне ў вучняў ідэалагічнай самасвядомасці і высокай духоўнасці, прыгажосці думкі і пачуццяў, адказнасці за свае ўчынкі. Творчы патэнцыял дырэктара забяспечвае высокі ўзровень мерапрыемстваў, якія праводзіць педагагічны калектыў пад непасрэдным кіраўніцтвам Валерыя Аляксандравіча. Пацвярджае гэтыя словы адукацыйны праект “Фарміраванне сацыяльна і пазітыўна арыентаванай асобы вучняў пры дапамозе калектыўнай арганізатарскай дзейнасці праз адукацыйны працэс”, які быў удастоены гранта Мінгарвыканкама.

Дзякуючы сваім высокім прафесійным і чалавечым якасцям, Валерый Аляксандравіч Стружко заслужыў павагу і пашану сярод вучняў, калег і бацькоўскай грамадскасці. Характэрнай рысай дырэктара 161-й сталічнай школы з’яўляецца таварыскасць, сціпласць і высокая працаздольнасць. Нам пашанцавала працаваць побач з такім кіраўніком. Упэўнены, што самае цікавае — наперадзе.

Алена ГІЛЬКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 161 Мінска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *