Валянціна Кайрыс — педагог, неймаверна ўлюбёная ў свой прадмет, і заўзятая вандроўніца

- 17:18Образование

“Педагог, неймаверна ўлюбёная ў свой прадмет і дзяцей, заўзятая вандроўніца”, — так гавораць пра Валянціну Кайрыс тыя, хто ведае гэтую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Крэўскай сярэдняй школы Смаргонскага раёна.

— Псіхолагі раяць: “Шукайце тую справу, якая блізкая вашаму сэрцу, тое, што будзе натхняць кожны дзень”. Што для вас было першасным пры выбары будучай прафесіі: педагогіка ці любімыя прадметы?

Я марыла стаць настаўніцай. На адным з вечароў сустрэчы з выпускнікамі наш класны кіраўнік прачытала сачыненне, якое я напісала ў класе 6-м ці 7-м, дзе падрабязна тлумачыла, чаму хачу быць педагогам. Пачуўшы свае вучнёўскія разважанні, нават здзівілася ім.

Маімі любімымі прадметамі ў школе былі руская мова і літаратура, тым не менш у Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы я атрымала дыплом педагога-арганізатара і настаўніка працоўнага навучання. Але неўзабаве зразумела, што гэты кірунак педагогікі — не мой шлях. Адпрацаваўшы год настаўніцай абслуговай працы, вырашыла паступаць на завочнае аддзяленне філфака БДПУ, выбрала беларускую філалогію.

— “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”, — сцвярджаў беларускі класік Якуб Колас. Адкуль у вас любоў да роднай мовы, літаратуры, культуры?

— Любоў ці нават апантанасць прыйшлі паступова. Калі я стала студэнткай-завочніцай, адразу пачала працаваць на Астравеччыне, у Падольскай сярэдняй школе, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Мне давялося самастойна паглыбляць свае веды, каб потым дзяліцца імі з вучнямі на ўроках. Да таго ж я была ў захапленні ад выкладчыкаў універсітэта, сярод якіх, дарэчы, быў вядомы фалькларыст Іван Крук.

Ва ўніверсітэце ўсюды гучала беларуская мова, мы хадзілі ў тэатр і на сустрэчы з літаратарамі, і цяпер захоўваю кнігі з аўтографамі беларускіх аўтараў. Тады я адчула вялікую цікавасць да дыялекталогіі і дагэтуль яе люблю.

— У Пімена Панчанкі ёсць бліскучыя словы: “Без чалавечнасці не будзе вечнасці”. А без чаго, на ваш погляд, не будзе добрага настаўніка?

— На мой погляд, настаўнік павінен добра ведаць і любіць свой прадмет. І, безумоўна, любіць дзяцей, мець моцнае жаданне перадаваць ім свае веды, запальваць у юных сэрцах агеньчык цікавасці да спасціжэння новага матэрыялу. А яшчэ настаўнік павінен валодаць пачуццём гумару, умець зняць напружанне падчас навучання. Важна быць з дзецьмі на адной хвалі.

— “Увесь гонар настаўніка — у яго вучнях, у росце пасеянага ім насення”, — гэтая думка належыць рускаму вучонаму Дзмітрыю Мендзялееву. Кім з вучняў вы найбольш ганарыцеся?

— Я ганаруся ўсімі вучнямі, якія мелі поспех па маім прадмеце. Мне імпану­юць дзеці, якім цікава вучыцца, якія ставяць мэты і імкнуцца дасягнуць іх. Такіх было нямала ў маім настаўніцкім жыцці. Напрыклад, Сяргей Смолік, які паспяхова выступаў у абласным этапе рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Безумоўна, сёстры Вікторыя і Ганна Капыш — найбольш яскравыя зорачкі, з якімі мне пашанцавала праца­ваць. Яны цудоўна выступалі на конкурсах творчых і даследчых работ, з 8 па 11 клас удзельнічалі (і галоўнае — перамагалі!) у абласным этапе алімпіяды. Аня двойчы была ўладальніцай дыплома ІІ ступені на рэспубліканскім этапе.

— “Адна з несумненных і чыстых радасцей ёсць адпачынак пасля працы”, — адзначаў Імануіл Кант, нямецкі філосаф эпохі Асветніцтва. Вы вандроўнік са стажам, пасля напружанага навучальнага года любіце здзяйсняць паездкі не толькі па Беларусі…

— Кожны чалавек, каб перазагрузіцца, знаходзіць свой запал у іншых рэчах: хтосьці займаецца спортам, хтосьці — агародніц­твам, хтосьці захапляецца чытаннем кніг. Я, дарэчы, таксама шмат чытаю і сапраўды вельмі люблю падарожжы, пабывала ў 16 краінах свету і мару далей падарожнічаць.

Упэўнена, што менавіта падарожжы, а не дарагія аўтамабілі ці катэджы робяць нас багатымі. У вандроўках набываю новыя бясцэнныя ўражанні, якімі пасля дзялюся са сваімі вучнямі.

Напрыканцы размовы мы пацікавіліся ў Валянціны Іосіфаўны пра яе любімы афа­рызм, які яна магла б назваць сваім жыццё­вым крэда. Пачулі ў адказ: “Жыццё — гэта кароткае падарожжа. Атрымлівайце асалоду!”

Галіна АНТОНАВА
Фота з архіва Валянціны Кайрыс