Для развіцця, ажыццяўлення канструктыўных ініцыятыў, дабрабыту грамадзян у нашай краіне створаны ўсе магчымасці, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна Валянціна Шамшура.
— Вытокі грамадзянскай пазіцыі — у адчуванні ўдзячнасці, павагі і даверу. Менавіта з іх нараджаюцца любоў і адказнасць, фарміруецца пачуццё адзінства, прыналежнасці да сям’і і роду, класа, школы, роднага горада, свайго народа, Радзімы. Пачуццё гордасці за нашу гісторыю і тыя поспехі, якіх за 30 гадоў дасягнула Беларусь пад кіраўніцтвам нацыянальнага лідара. Гэта вельмі важна, калі грамадзянін усведамляе сябе часцінкай вялікага, каштоўнага для яго асабіста. Значнай часцінкай, ад якой непасрэдна залежыць пераемнасць. Нацэленай на захаванне і прымнажэнне лепшага, дасягнутага працай, клопатам многіх людзей. Адсюль вынікае разуменне, што цяпер яго абавязак перад папярэднікамі і наступнымі пакаленнямі — думаць, прымаць правільныя рашэнні, якасна працаваць. І, безумоўна, уласнае жаданне гэта рабіць. А для развіцця, ажыццяўлення канструктыўных ініцыятыў, дабрабыту грамадзян у нашай краіне створаны ўсе магчымасці. Таму я заўсёды зыходжу з таго, што грамадзянская пазіцыя вымяраецца справамі і ўчынкамі чалавека.
Шаную сваіх бацькоў, якія навучылі быць працавітай, неабыякавай, любіць родную зямлю. Мой бацька вучыў мяне паважаць людзей, бачыць найперш не пасаду ці пэўны сацыяльны статус, а менавіта чалавека, а потым усё астатняе. Нават калі бачыш, што чалавек памыліўся, трэба мець мудрасць і пастарацца зразумець прычыны памылкі, каб разам яе выправіць. Вучыў заўсёды падтрымліваць добрыя справы, якія ідуць на карысць людзям. Люблю сваю сям’ю і ў адказ адчуваю цеплыню, любоў і надзейную падтрымку. У гэтым, напэўна, сутнасць жыцця. На яго працягу ў мяне актыўная грамадзянская пазіцыя пачынаючы са школы, дзе была камсоргам, потым ва ўніверсітэце — старастай групы. Цяпер узначальваю калектыў адной з самых буйных школ вобласці, якая знаходзіцца ў віцебскім мікрараёне Білева. Многа гадоў падтрымліваю стратэгію і лінію нашай дзяржавы. У складзе ініцыятыўнай групы ўдзельнічала ў зборы подпісаў за кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, якому поўнасцю давяраю, як бацьку. І хачу сказаць, што мы яшчэ раз пераканаліся: тысячы віцяблян падзяляюць гэты заслужаны клопатам пра беларусаў, міралюбівай палітыкай, мудрымі кіраўніцкімі рашэннямі давер. У прыватнасці, да нас не проста пастаянна падыходзілі людзі — збіраліся чэргі, каб пакінуць подпісы.
Што невыпадкова, бо ўсе жыццёва важныя пытанні ў сучаснай Беларусі вырашаюцца на карысць людзей. У нас ёсць бясплатная адукацыя, велізарны пакет сацыяльных гарантый, накіраваных на падтрымку розных слаёў насельніцтва. Гэта прадуманая сістэма, якая ўвесь час удасканальваецца. Жыхары горада бачаць, як пастаянна развіваецца інфраструктура, умацоўваецца іх дабрабыт. Білева імкліва прырастае новабудоўлямі, вельмі многія маладыя сем’і змаглі адзначыць наваселле дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. У нас вучыцца 419 дзяцей з мнагадзетных сем’яў! У школе для іх прадугледжаны шэраг ільгот. Напрыклад, бясплатнае харчаванне для навучэнцаў сярэдняга звяна, калі яны наведваюць вялікую колькасць факультатываў, то для іх яшчэ бясплатныя падвячоркі. Несумненна, гэта значная дапамога бацькам. У пачатковых класах, нагадаю, усе без выключэння навучэнцы харчуюцца бясплатна — зноў жа паказчык сацыяльна арыентаванай дзяржаўнай палітыкі.
Школа павінна данесці да навучэнцаў, што працавітасць, мэтанакіраванасць, патрыятызм, актыўная грамадзянская пазіцыя стануць цвёрдай апорай у іх далейшым жыцці.
Мы маем вялікі вопыт работы з рознымі катэгорыямі навучэнцаў, у тым ліку дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У школе створана даступнае безбар’ернае асяроддзе. Прадугледжаны спецыяльны ліфт і пандусы, каб зручна было наведваць заняткі, пешаходная зона руху абсталявана тактыльнай тратуарнай пліткай, устаноўлены інфармацыйныя таблічкі, тактыльныя схемы, каб арыентавацца людзям з парушэннем зроку. Ёсць выдатныя ўмовы для развіцця талентаў і здольнасцей дзяцей у вучобе, творчасці, спорце, грамадскай дзейнасці. Нашы дзеці ўдзельнічаюць і перамагаюць у конкурсах, алімпіядах і спартыўных спаборніцтвах, перад імі адкрыты ўсе дарогі ў паспяховую прафесійную будучыню. Гэта было б немагчыма без комплекснай дзяржаўнай падтрымкі, якая праяўляецца ў кожным складніку — ад сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы да прафесіяналізму педагогаў. Сацыяльныя гарантыі не проста словы: яны ў дзеянні.
Асобна хачу адзначыць важнасць грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. Вядучая роля тут належыць установам адукацыі. На ўзроўні дзяржавы і рэгіёна, па ініцыятыве нашых грамадскіх арганізацый праводзіцца многа дабрачынных мерапрыемстваў, у якіх навучэнцы разам з настаўнікамі і бацькамі ахвотна ўдзельнічаюць. Цяпер, напрыклад, мы з задавальненнем далучыліся да навагодніх і калядных дабрачынных акцый. З дашкольнай ступені, працягваючы праз усю сістэму работы ў школе, мы выхоўваем цікавасць у дзяцей і падлеткаў да айчыннай гісторыі і культуры, фарміруем духоўна-маральныя якасці, гатоўнасць і здольнасць рэалізоўваць свой патэнцыял на карысць нашага грамадства і дзяржавы. Лічу гэта адзіна правільным.
Таццяна БОНДАРАВА