Валянціна Яскавец: «Настаўніцтва — добрая практыка, якая дапамагае пачаткоўцу адаптавацца ў калектыве»

- 11:13Планерка

Начальнік аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама Валянціна Яскавец лічыць, што функцыянаванне галіны лепш за ўсё дэманструе зладжаная работа педагогаў, адданых сваёй справе і здольных натхніць сваім прыкладам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Валянціна Ігнатаўна, адзін з паказчыкаў якасці адукацыі — высокія вынікі на цэнтралізаваным экзамене і цэнтралізаваным тэсціраванні, высокі працэнт паступлення выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Якімі вынікамі ганарыцца Калінкавіцкі раён?

Нашы эрудыты паказваюць добрыя вынікі па ўсіх напрамках. У мінулым годзе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды дыпломам ІІ ступені па рускай мове ўзнагароджана Вікторыя Шэўка, дыпломам ІІІ ступені па геаграфіі — Уладзіслаў Пеляхаты. У гэтым годзе на абласным этапе заваявана 11 дыпломаў, больш за ўсё ўзнагарод прынеслі навучэнцы гімназіі. У каманду Гомельшчыны ўвайшлі пяць адораных вучняў, якія прадставяць рэгіён на інтэлектуальным спаборніцтве. Сістэматычныя заняткі з вопытнымі педагогамі і абласнымі трэнерамі дазволілі школьнікам пашырыць свае веды, больш якасна падрыхтавацца да алімпіяды. Упэўнена, працавітыя і мэтанакіраваныя дзеці пры падтрымцы педагогаў даб’юцца перамог і зоймуць сваё месца на вяршыні алімпу.

Аналіз вынікаў ЦЭ таксама сведчыць аб дастаткова высокім узроўні падрыхтоўкі навучэнцаў 11-х класаў. Па выніках ЦЭ тры чалавекі атрымалі стабальныя сертыфікаты: два — на рахунку выпускнікоў гімназіі (па рускай мове і матэматыцы), адзін — у вучня сярэдняй школы № 7 (па беларускай мове). На цэнт­ралізаваным тэсціраванні два сертыфікаты з максімальнымі значэннямі па фізіцы і англійскай мове, іх уладальнікамі сталі навучэнцы гімназіі і сярэдняй школы № 6. Больш за 90 балаў атрымалі 48 выпускнікоў.

Выпускны вечар быў з адценнем “золата” і “серабра”: у мінулым годзе атэстаты аб сярэдняй адукацыі ўручаны 345 выпускнікам, 37 з якіх — медалісты. Студэнтамі УВА сталі 199 адзінаццацікласнікаў (57,7%), 105 чалавек атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, 29 — прафесійна-тэхнічную.

— У адукацыйным працэсе задзейнічаны не толькі навучэнцы, але і педагогі. Раскажыце ў лічбах і фактах аб рабоце сферы адукацыі раёна.

— Сістэма адукацыі Калінкавіцкага раёна ахоплівае 58 устаноў адукацыі, з якіх 29 — установы агульнай сярэдняй адукацыі, дзе вучацца 7124 дзіцяці. 23 дашкольныя ўстановы наведвае 2021 выхаванец. Таксама ў раёне паспяхова функцыянуюць дзве ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр. Усяго ў сферы працуюць 1437 педагогаў — сапраўдных прафесіяналаў, з якіх 1369 чалавек маюць вышэйшую адукацыю, два педагогі — катэгорыю “настаўнік-метадыст”, 79,3% — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Дарэчы, за мінулы год 107 прадстаўнікоў высакароднай прафесіі павысілі свой кваліфікацыйны ўзровень, і работа ў гэтым напрамку працягваецца.

Людзі, якія выбралі прафесію педагога па поклічы сэрца, дапамагаюць раскрыць патэнцыял кожнаму дзіцяці. Бо настаўнік — гэта не проста прафесія, а высакародная мэта і найважнейшая місія. У кожнага педагога ёсць свой прафесійны сакрэт, свае прыёмы і методыкі, якія выкарыстоўваюцца, каб наладзіць кантакт і выбудаваць работу з вучнямі. Па сутнасці, кожны настаўнік — скульптар, які лепіць асобу, і шмат у чым ад прафесійных і чалавечых якасцей педагогаў залежыць росквіт нашага грамадства ў будучыні.

— Прафарыентацыйная работа — добрая магчымасць знайсці будучых супрацоўнікаў. Як яна наладжана ў вас?

— Профільнае навучанне арганізавана ў дзесяці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Дарэчы, сёлета значна пашырылася сетка профільных класаў і груп прафесійнай накіраванасці. Так, у гімназіі адкрыўся медыцынскі клас, у Ду­дзіцкай сярэдняй школе — аграрны, у сярэдняй школе № 2 — пракурорскі.

На базе 10—11 класаў сярэдняй школы № 1 працягваюць працаваць аграрныя класы з вывучэннем факультатыўнага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

Аналагічны функцыянуе на базе 11 класа Азарыцкай сярэдняй школы. Выпускнікі гэтых устаноў адукацыі могуць карыстацца льготнай траекторыяй паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю. Такая ж ільгота ёсць і ў выпускнікоў інжынернага і педагагічнага класаў (сярэдняя школа № 7), класаў ваенна-патрыятычнай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці (сярэдняя школа № 6). У сярэдняй школе № 4 дзяцей знаёмяць з асаблівасцямі прафесіі чыгуначніка. У гімназіі на базе 10—11 класаў працуе група ваенна-патрыятычнай накіраванас­ці, прававыя класы.

Акрамя таго, на базе 5-х класаў сярэдняй школы № 7 у супрацоўніцтве са СДЮШАР № 2 адкрыты спартыўныя класы, дзе дзеці дэманструюць зайздросную спартыўную падрыхтоўку ў веславанні на байдарках, лёгкай атлетыцы, барацьбе, а ў гімназіі пры ўзаемадзеянні з ДЮСШ № 1 — у плаванні.

У мінулым годзе ў раёне было заключана 15 дагавораў на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў педагагічнага профілю. Акрамя таго, па мэтавых накіраваннях яшчэ 13 выпускнікоў раёна паступілі ў аграрныя УВА, 28 — у медыцынскія і 2 — у сілавыя.

— Будучыня, як вядома, за моладдзю. Колькі маладых спецыялістаў робяць свае першыя крокі ў прафесіі настаўніка?

— Наша вялікая педагагічная сям’я ў мінулым годзе гасцінна прыняла 28 маладых спецыялістаў. Ва ўстановах адукацыі імкнуцца максімальна матываваць і замацаваць перспектыўныя кадры. Настаўніц­тва — звычайная практыка, якая дапамагае пачаткоўцу адаптавацца ў калектыве і ўліцца ў яго. Паўгода назад маладыя спецыялісты прыступілі да сваіх абавязкаў, і трэба адзна­чыць, што яны не баяцца падыходзіць з пытаннямі да больш вопытных калег, дырэктараў. Некаторыя нават прапаноўваюць уласныя ідэі, і гэта радуе!

— На вашу думку, якая галоўная мэта кожнага творчага, натхнёнага і неабыякавага педагога?

— Настаўнікі Калінкавіцкага раёна — людзі-наватары, якія вылучаюцца невычэрпнай энергіяй, ініцыятыўнасцю, знаходзяцца ў пастаянным пошуку ідэй для ўдасканалення адукацыйнага працэсу. Важная мэта і адначасова самая вялікая радасць — бачыць, што нашы дзеці вырастаюць асобамі, развітымі інтэлектуальна, духоўна, маральна, фізічна і сацыяльна, якія ў будучыні становяцца высакакласнымі спецыялістамі і цудоўнымі людзьмі. Сёння ў сістэме адукацыі раёна, вобласці і ў краіне ў цэлым робіцца ўсё для гэтага.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара