Валянцінка Радзіме

- 15:57Нам пішуць

Адным з папулярных святаў сярод моладзі стаў Дзень святога Валянціна, які па традыцыі адзначаецца 14 лютага.

Вось і ў нашай школе гэты дзень не застаўся без увагі. Навучэнцы дарылі сваю любоў роднаму краю, мясцінам, дзе нарадзіліся і выраслі іх бацькі, бабулі і дзядулі.

У рамках рэспубліканскай акцыі “За любімую Беларусь” актыў пярвічнай арганізацыі “БРСМ” школы правёў шэраг цікавых мерапрыемстваў. Быў арганізаваны конкурс малюнкаў, дзе вучні паказалі прыгажосць роднай зямлі. Прайшла акцыя “Валянцінка роднаму краю”. Члены школьнага калектыву скрупулёзна канструявалі валянцінкі для краіны. А ў завяршэнне святочнага дня зладзілі літаратурны конкурс чытальнікаў паэзіі “Пра любоў да Радзімы”, пераможцам якога стала вучаніца 9 класа Кацярына Чамяроўская.

Гучалі вершы, якія краналі сэрца. Яркім прыкладам стаў верш Марыны Ількевіч:

Краіна ніў і белых хмараў,
Блакітных рэчак і азёр,
Крамяных восеньскіх туманаў
І срэбразорных вечароў.
Маёй калыскаю ты стала,
Заўжды была паўсюль са мной,
Пяшчотным ветрыкам люляла
І пела моваю дубоў…
Твой дзіўны водар я адчула
З глытком паветра немаўлём,
І колькі б часу ні мінула,
Жытнёвых помню пах палёў…
Са мной у сэрцы назаўсёды
Ты будзеш побач, Беларусь,
Дзе б ні была я, аніколі
Сваёй Радзімы не зракусь…

 Любоў да Айчыны ў кожнага з нас пачынаецца з любові да родных мясцін, дзе ты нарадзіўся і жывеш… Любое месца, нават самая маленькая вёсачка, непаўторная ў сваёй прыгажосці і чароўнасці.

Кацярына ТАРСКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, сакратар пярвічнай арганізацыі “БРСМ” Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.