Вам паштоўка!

Навагодняя ноч мінула, а вы не адчуваеце радасці? На душы спусташэнне: упрыгожвалі елку, выбіралі падарункі, крышылі салаты, чакалі навагодняга цуду і… нічога. І вось вы за вушы выцягнулі сябе на работу, паўздыхалі над класным журналам, над даручэннямі дырэктара школы… Як вярнуць бадзёрасць і добры настрой тым, хто не адчуў свят?

Ідзіце і малюйце — скажа вам любы педагог выяўленчага мастацтва. Бо заняткі творчасцю — гэта цудоўная псіхалагічная разгрузка. А калі жадання займацца арт-тэрапіяй і ратаваць сябе самастойна няма, на дапамогу прыйдзе хараство навагодняй паштоўкi. Толькi палюбуйцеся на малюнкі, дасланыя на рэспубліканскі анлайн-конкурс-марафон віншавальных паштовак “Паштоўка.бай”.

Гэты праект Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі быў з намі ўвесь мiнулы год. Навучэнцы гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах стваралі свае варыянты віншавальных картак да розных свят: 23 лютага, 8 Сакавіка, Дня настаўніка, Дня маці. Завяршыўся анлайн-марафон у снежні. Апошнія паштоўкі, што намалявалі дзеці, былі прысвечаны святкаванню Новага года. Прыняць удзел у конкурсе мог любы жадаючы ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў. Пераможцаў у кожнай намінацыі члены журы выбіралі ў наступных узроставых катэгорыях: 8—9, 10—11, 12—13 і 14—16 гадоў. Асобным радком ішлі пераможцы анлайн-галасавання — іх выбіралі наведвальнікі афіцыйнага сайта Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Малюнкі, што асабліва палюбіліся карыстальнікам сусветнай павуціны, набіралі да тысячы лайкаў. Усе іх можна пабачыць у раздзеле “Паштоўка.бай”.

А зараз дадзім слова людзям, якія дапамагаюць нам уратавацца ад зімовай дэпрэсіі. Тым педагогам, чые вучні ўвесь год малявалі віншавальныя карткі да розных свят і занялі прызавыя месцы амаль у кожнай намінацыі. Спачатку накіруемся ў Слуцк, да кіраўніка народнай студыі “Вытокі” пры Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці Наталлі Яўгеньеўны Шыманскай.

Я люблю атрымліваць добрыя вынікі, але не раблю іх галоўнай мэтай. Ніколі не крытыкую работы сваіх навучэнцаў. Як прынята казаць, пакрыўдзіць мастака можа кожны. Гэта праўда. Аднаму падабаецца зялёны колер, другому белы — і вось ужо глеба для спрэчкі падрыхтавана.

— Мы прымалі ўдзел у конкурсе-марафоне святочных паштовак з самага першага дня. Вядома, некаторыя намінацыі выклікалі большы ажыятаж сярод маіх вучняў, напрыклад, Дзень настаўніка і Новы год. Тут і добра знаёмыя вобразы, і прастор для творчасці. Аднак некаторыя тэмы былі складанымі для дзяцей. Калі ў цябе ў студыі 60 чалавек і ўсе малююць паштоўкі да конкурсу, паразмаўляць асобна па кожнай рабоце не атрымаецца. Ды і наогул, у мяне правіла: не ўмешвацца, не кранаць дзіцячую работу сваёй рукой. Я магу паказаць, як правільна выканаць той ці іншы элемент на асобным аркушы паперы. А зрабіць яго яны павінны самі, уласнай рукой — толькі так і можна навучыцца нечаму.

Штогод некалькі выпускнікоў студыі абавязкова вырашаюць працягнуць заняткі маляваннем ва ўніверсітэце ці ў каледжы. З імі Наталля Яўгеньеўна працуе асобна: рыхтуе да паступлення, адпрацоўвае тыя навыкі, што спатрэбяцца на экзаменах. Гэта хвалюючы і сумны час: прыемна, што перадаў некаму сваё захапленне, але сумна, што даводзіцца адрываць ад сэрца дзіця, якое памятаеш яшчэ шасцігадовай малечай.

— А здараецца і наадварот. Нядаўна адна з маіх вучаніц заявіла, што хоча стаць медыкам. Гляджу на яе і думаю: як цудоўна, што чалавек у такім юным узросце дакладна ведае, хто ён і кім хоча быць. Такую мэтанакіраванасць не часта сустрэнеш. “Ну, добра, — кажу, — вось прыйдзеш пасля аперацыі, стомленая і знясіленая, захочаш адпачыць душой і сядзеш за мальберт”… — “А я так і раблю! Калі адчуваю трывогу, калі сваруся з аднакласнікамі, калі цяжка на душы, дастаю паперу і малюю, пакуль не “адпусціць”.

“Сапраўды, заняткі жывапісам — гэта выдатная арт-тэрапія, — пагаджаецца педагог сярэдняй школы № 9 Мазыра Таццяна Васільеўна Тарабанька. — Таму настаўнікі выяўленчага мастацтва заўсёды ў добрым настроі. Я даўно заўважыла, што мы больш расслабленыя і ўсмешлівыя, чым нашы калегі”. Таццяна Васільеўна ведае, што гаворыць. У навучальнай установе ажно 10 педагогаў творчага профілю. Раней гэта была школа з мастацкім ухілам, і сёння ў ёй шмат аб’яднанняў па інтарэсах творчага напрамку. Навучэнцы прыходзяць у іх ужо “зараджаныя” і матываваныя: “Што будзем маляваць, у якім конкурсе ўдзельнічаць?”

— Мы пастаянна ў працэсе спаборніцтваў і прайшлі не толькі праз усе намінацыі “Паштоўкі.бай”. Для нас кожны творчы праект — шанс выпрабаваць свае сілы, паказаць, на што мы здольныя. Мы ведаем, якога ўзроўню работы трапляюць на вобласць і на рэспубліку, на што трэба звярнуць увагу, што дапрацаваць. Гурткоўцы займаюцца сур’ёзна, па некалькі гадзін на тыдзень, некаторыя нават начаваць тут гатовыя. У мяне ёсць дзяўчынка, што знаходзіцца на надомным навучанні. Ёй цяжка даюцца заняткі па вучэбных прадметах, а ў гуртку ўсё атрымліваецца. Яна праводзіць тут па чатыры гадзіны на дзень, з рознымі групамі — дзеля спрыяльнай атмасферы, дзеля пачуцця ўласнай годнасці. Я люблю атрымліваць добрыя вынікі, але не раблю іх галоўнай мэтай. Ніколі не крытыкую работы сваіх навучэнцаў. Як прынята казаць, пакрыўдзіць мастака можа кожны. Гэта праўда. Некаму падабаецца зялёны колер, некаму белы — і вось ужо глеба для спрэчкі падрыхтавана. Нехта падглядзеў, як атрымаўся малюнак у таварыша — і ўласная работа адпраўляецца ў вядро для смецця. Творчыя дзеці вельмі далікатныя, мы шмат размаўляем: што было ў школе, як прайшоў дзень. Я жартую, што ў нас не клас малявання, а кабінет псіхалагічнай дапамогі. Таму што мастацтва лечыць!

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.