Вандроўка па беларускім Ліхтэнштэйне

Праект “Адукацыйны турызм у рэгіёнах з прыроднымі запаведнымі зонамі ў Польшчы і Беларусі”, адным з ініцыятараў якога выступае Беларускі зялёны крыж, падыходзіць да завяршэння. Перадапошняй кропкай ініцыятывы стала прэзентацыя адукацыйнага маршруту па Днепра-Сожскаму заказніку і апрабацыя дапаможніка па матывах вандровак па ахоўных тэрыторыях. А завершыцца праект навукова-практычнай канферэнцыяй, якая пройдзе ў сярэдзіне кастрычніка.

— З гэтым рэгіёнам Зялёны крыж працуе даўно, таму мясцовасць нам добра вядомая. Мы задумаліся, ці могуць запаветныя тэрыторыі быць стымулам развіцця мясцовай супольнасці. Так некалькі гадоў назад нарадзіўся праект, — гаворыць адна з куратараў праекта Наталля Святкіна. — Яго сутнасць у тым, што па Днепра-Сожскім заказніку і Палескім радыяцыйным запаведніку спецыялісты павінны былі распрацаваць адукацыйныя маршруты, у аснову якіх леглі найбольш значныя і цікавыя пункты мясцовасці. Першапраходцам, які знайшоў такія пункты на кожным аб’екце, стаў вядучы супрацоўнік Палескага запаведніка Анатоль Углянец. Далей разам з камандай навукоўцаў і мастакоў мы адправіліся па гэтых мясцінах. Перад экспертамі стаяла задача глыбока прапрацаваць іх з пункту гледжання навукі. Шмат у чым мы абапіраліся на краязнаўчыя звесткі. Атрыманую інфармацыю нельга было страціць, таму мы вырашылі выпусціць міждысцыплінарны комплексны дапаможнік, які ўключыў у сябе друкаваную частку і электронныя носьбіты. У далейшым яго планавалася перадаць мясцовым спецыялістам для практычнага выкарыстання ў адукацыі і культуры.

Для рэалізацыі задуманага навукоўцы правялі ў заказніку палявыя даследаванні і тэарэтычна падмацавалі ўнікальнасць тэрыторыі. Мастакі на пленэрах візуалізавалі ўбачанае, сабраўшы ўражанні вучоных і гасцей у адзіную карціну. Многія іх работы ўвасобіліся ў выставах ва ўстановах культуры Лоеўс­кага раёна.

Прэзентацыя пілотнай версіі адукацыйнай вандроўкі адбылася ў пачатку кастрычніка. Была мэта атрымаць зваротную сувязь ад спецыялістаў, што стаялі ля вытокаў праекта, і тых, хто пазнаёміўся з ім упершыню. Таксама ван­дроўнікі апрабавалі інтэрактыўны да­паможнік, створаны па матывах прырода­знаўчых вандровак.

Адукацыйны маршрут па заказніку адлюстраваны на вялікай карце, на яе і абапіраецца распрацаваны дапаможнік. Папяровы дадатак аб’ядноўвае восем пунктаў: “Паром”, “Пойменная дуброва”, “Дзюны”, “Лоўля матылькоў”, “Абакумы”, “Пойменныя лугі”, “Міжрэчча” і “Лоеўскае агаленне”. Кожны пункт маршруту ўключае ў сябе ілюстраваны матэрыял з інструкцыяй, QR-кодамі з пераходам на сайт Зялёнага крыжа, дзе апісваецца жывёльны і раслінны свет, а таксама геаграфічныя асаблівасці Днепра-Сожскага заказніка. Таксама ў графічныя комплексы ўваходзяць заданні для дзяцей.

Ілюстратарам дапаможніка стала мастак і педагог Элеанора Ляхновіч. Многія заданні, прадстаўленыя ў дапаможніку, Элеанора Іванаўна распрацоўвала, улічваючы зацікаўленасць сваіх вучняў.

Беларуская Індыя, ці наша невялічкае каралеўства

Днепра-Сожскі заказнік знаходзіцца ў міжрэччы дзвюх буйных беларускіх рэк. Яго называюць беларускай Індыяй — праз падабенства меж заказніка на паўво­страў Індастан, асноўную частку якога займае гэтая краіна.

Заказнік быў створаны ў 1999 годзе для захавання ўнікальных ландшафтаў, а таксама багатай расліннасці, птушак і звяроў, якія пасяліліся на гэтай тэрыторыі. Па плошчы ён лічыцца невялікім: тэрыторыя займае 14,5 тысячы гектараў — столькі ж, як каралеў­ства Ліхтэнштэйн.

 — Так, гэта своеасаблівае каралеўства ў Беларусі. І найперш птушынае каралеўства, — гаворыць экскурсавод Вольга Ня­дзвецкая. — Тэрыторыя заказніка мае міжнароднае значэнне для міграцыі крылатых: яна ўваходзіць у балотны абшар “Пойма Дняпра Лоеў — Жары”. Падобных месцаў у некранутым выглядзе ў Еўропе амаль не засталося. Вясной заказнік становіцца сапраўдным птушыным аэрапортам: пойменныя лугі затапляюцца вадой, і тут крылатыя госці знаходзяць сабе адпачынак ці дом. У заказніку міграцыйныя шляхі птушак разгаліноўваюцца: адна частка ляціць па Дняпры на паўднёвы захад, другая — па Сажы — на паўночны ўсхо­д і поўнач.

Насельнікамі заказніка з’яў­ляюцца больш за 140 відаў, з якіх на тэрыторыі гняздуецца каля 125 відаў. 15 відаў птушак занесены ў Чырвоную кнігу. З рэдкіх жывёл тут можна ўбачыць арэхавую соню і барсука. Сярод разнастайных рыб пад аховай знаходзіцца сцерлядзь.

Па словах экскурсавода, апошні час тэрыторыя заказніка стала terra incognita для беларускіх энтамолагаў: тут жывуць 25 відаў рэдкіх жукоў, некалькі відаў ахоўных матылькоў. Напрыклад, зярынція паліксена — матылёк, які быў знойдзены ў Днепра-Сожскім заказніку зусім нядаўна. Таксама мясцовыя знакамітасці — пяструшка Сапфо (сто гадоў назад від лічыўся страчаным) і жаўтушка мірмідона.

Летась мясцовыя спецыялісты засялілі ў заказнік вялікага дубовага вусача. Гэтая спроба, як адзначае дырэктар заказніка Ула­дзімір Дзяржынскі, унікальная для Еўропы (там налічваецца толькі 6 месцаў пражывання насякомага). Аб тым, ці паспяховым аказалася засяленне жука, стане вядома ў будучым годзе: для таго каб жук развіўся, патрэбна тры гады.

Табачане і бортніцтва

Да 2014 года трапіць у міжрэчча можна было толькі на парахо­дзе. Сёння дзейнічае паром, дзякуючы якому пераправіцца на левы бераг Дняпра можна некалькі разоў на дзень. Невыпадкова жыхары мясцовых вёсак гавораць пра сябе: “Мы табачане” (лю­дзі, якія жывуць на тым баку).

Карпаўка — вёска з аўтэнтычнымі аканіцамі і драўлянымі ліштвамі, якія выразалі продкі мясцовых жыхароў. Кожны дом аздоблены, быццам на свята: ад 52-га да 100-га дома ўзоры над вокнамі не паўтараюцца. Усе яны зроблены з асіны — дрэва, якое не расшчапляецца, не схільна гніць, з ім лёгка працаваць. Асаблівасцю мясцовасці з’яўляецца тое, што тут у палісадніках растуць клёны.

Недалёка ад вёскі Абакумы падарожнікі могуць адкрыць для сябе бортніцтва — старажытнае беларускае рамяство (нядаўна яно было ўключана ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцей ЮНЕСКА). Спецыялісты расказваюць, што мясцовыя жыхары заў­сёды ведалі, каму належыць пэўная калода, і ніколі не пасягалі на гаспадарку іншых. Зараз сакрэты бортніцтва перадаюцца з пакалення ў пакаленне ці аднаўляюцца аматарамі.

Трэці пункт маршруту — эолавыя дзюны, якія ўяўляюць сабой узгоркі ад трох да васьмі метраў, парослыя сасновым лесам. Адсюль адкрываецца прыгожы від на пойменны луг Дняпра. Тут захаваліся векавыя дрэвы, растуць лішайнікі.

— Як адрозніць мох ад лішайніку? Лішайнік можа мець любы колер, акрамя зялёнага. Вучоныя лічаць, што лішайнік — гэта сімбіёз грыба і водарасці. Па ім можна адсачыць забруджанасць паветра. У горадзе і каля галоўных трас вы наўрад ці знойдзеце лішайнік, — тлумачыць экскурсавод Ксенія Сямашка.

Хрыплая прыгажуня і каралеўскі рыбалоў

Пойменная дуброва Вербуж уражвае веліччу і разнастайным раслінным і жывёльным светам. Падчас паводкі векавыя дубы апынаюцца ў вадзе. Сёлета вучоныя апісалі відавы склад расліннасці. У будучыні даследчыкі збіраюцца сачыць за яго змяненнямі, а вынікі іх працы будуць з’яўляцца на сайце Зялёнага крыжа. Гэтая работа стане своеасаблівым акенцам у навуку для любога зацікаўленага.

У Днепра-Сожскім заказніку можна сустрэць шмат рэдкіх птушак. Некаторыя з іх цікавыя не толькі прыгожай афарбоўкай і гучным голасам, але і багатай гісторыяй. Белая чапля — прадстаўніца Чырвонай кнігі. Нягледзячы на сваю прыгажосць і вытанчанасць, птушка часта паводзіць сябе нахабна, б’ючыся за здабычу з іншымі крылатымі. Не адпавядае знешнасці белай прыгажуні і хрыплы, нібы прастуджаны, голас. Цікава, што гэтая птушка можа прастаяць на адной назе да некалькіх гадзін.

Ластаўка-зямлянка — адзін з трох відаў ластавак, якія жы­вуць у Еўропе. Тут яна таксама ахоўваецца Чырвонай кнігай. У старажытных грэкаў яе лічылі сімвалам чалавечай душы: птушка можа ўзля­цець толькі тады, калі падае.

Зімародак любіць сяліцца на абрывістых берагах. Спецыялісты пераконваюць, што зблытаць гэтую птушку з іншымі вельмі складана. Галава ў зімародка вялікая, лапкі і хвосцік маленькія, але гэтая непрапарцыянальнасць не перашкаджае яму быць прыгажуном. Англічане называюць зімародка каралеўскім рыбаловам: так шыкоўна паляваць на рыбу здольны не ўсе. Зімародак умее ўваходзіць у ваду амаль без пырскаў і можа ўзлятаць нават з-пад вады.

“Слоены пірог” і “кухня” мастака

Заключным пунктам маршруту стала Лоеўскае геалагічнае агаленне, якое здалёк нагадвае слоены пірог. Самыя раннія слаі сфарміраваліся 135—110 тысяч гадоў назад як вынік перадапошняга ледавіка, што праходзіў па гэтай тэрыторыі. Некалі тут расла хвойная тайга, пасля знаходзілася балота. У гэтай мясцовасці вадзіліся маманты, лясныя сланы, шарсцістыя насарогі і вялікарогія алені. Вучоныя расказваюць, што падобнае агаленне можна сустрэць толькі ў Аргенціне.

Завяршылася вандроўка выставай, прысвечанай рабоце мастака Элеаноры Ляхновіч над галоўнымі пунктамі маршруту. Тут наведвальнікам прапанавалі прасачыць шлях творцы ад ідэі да праекта, яго працоўную “кухню” — накіды, варыянты малюнкаў, якія не ўвайшлі ў дапаможнік. Вандроўнікі атрымалі магчымасць па эскізах, прапанаваных у дапаможніку, намаляваць матылька зярынцію паліксену.

— Я ўражаны творчым падыходам у падачы матэрыялу, — адзна­чыў удзельнік адукацыйнага падарожжа Сяргей Быцкевіч. — Відавочна, што Днепра-Сожскі заказнік — месца не для масавага турыста, а для захопленых лю­дзей, для якіх у перавазе не камфорт, а цікавасць да ўнікальнай мясцовасці.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.