Вандроўка ў свет кіно

На адной з галоўных транспартных артэрый сталіцы — праспекце Незалежнасці, 98, ля станцыі метро “Маскоўская”, стаіць даволі сціплы трохпавярховы будынак бледна-жоўтага колеру. Аднак ён толькі на першы погляд здаецца звычайным, бо на самай справе гэта дом айчыннай “імперыі мрояў” — Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. І яе плошча каля 6 гектараў, на якіх размешчаны тры корпусы і вулічныя пляцоўкі. Сёння любы цікаўны можа, так бы мовіць, зазірнуць за кулісы кіно: прайсціся па павільёнах, дзе здымаюцца фільмы, даведацца, як будуюцца дэкарацыі, пабываць на складах з рэквізітам, мэбляй і касцюмамі, пачуць кіналегенды і малазнаёмыя факты пра здымкі знакамітых карцін, а калі пашанцуе, то і сустрэцца з вядомымі акцёрамі, прычым як беларускімі, так і расійскімі, а часам і замежнымі. Але ці ўразіць усё гэта сучасных дзяцей, што іх зацікавіць і здзівіць — высветлім разам з вучнямі і настаўнікамі сярэдняй школы № 173 Мінска ў час двухгадзіннай вандроўкі па кінастудыі.

“Цішыня на пляцоўцы! Увага! Пачынаем!”

У фае “Беларусьфільма” нас вітае экскурсавод Алена Галаўнёва. Разам з ёй мы адпраўляемся ў невялічкі музей кінастудыі, што знаходзіцца на першым паверсе цэнтральнага корпуса студыі. “Гісторыя айчыннага кінематографа пачалася ў далёкім 1924 годзе, калі ў Мінску адкрылі ўпраўленне “Белдзяржкіно”, якое пазней было ператворана ў кінастудыю “Беларусьфільм”. Першы айчынны фільм “Лясная быль” зняў рэжысёр Юрый Тарыч у 1926 го­дзе, — расказвае наш гід па кінасвеце. — За 95 гадоў на студыі было створана больш за 650 мастацкіх, каля 2 тысяч дакументальных і звыш 200 анімацыйных фільмаў. Многія з іх увайшлі ў залаты фонд айчыннага і сусветнага кіно: “Прыгоды Бураціна” і “Пра Чырвоную Шапачку” Леаніда Нячаева, “Я родам з дзяцінства” Віктара Турава, “У жніўні 44-га…” Міхаіла Пташука і інш. Мы можам выпускаць 6—7 мастацкіх фільмаў у год, 15 навукова-папулярных і дакументальных, але мультфільмаў значна менш, бо адна анімацыйная стужка часам ствараецца па 11 месяцаў. Затое чатыры серыі серыяла можна зняць і за тыдзень”.

У музеі літаральна за некалькі хвілін мы пабачылі першы асвятляльны прыбор, што выкарыстоўваўся на здымачнай пляцоўцы, рарытэтную партатыўную кінакамеру, якая зняла не адну карціну, макет паравоза з фільма “Міколка-паравоз”, мегафон, кінаплёнку на катушцы, адзін метр якой раней каштаваў каля $3, а здымалі кіламетры карцін. А таксама даведаліся, што такое постпрадакш і кіналабараторыя, чым займаюцца грымёры і чаму важна, каб на кожным этапе кінавытворчасці былі задзейнічаны прафесіяналы.

 — Сучасныя фільмы шмат ствараюцца пры дапамозе храмакея, што дазваляе дамалёўваць вобразы і нават грым. А калі здымаюць гістарычную карціну, то прыходзіцца асабліва шмат працаваць грымёрам, каб стварыць неабходны вобраз, — тлумачыць экскурсавод. — Напрыклад, галоўнага героя фільма “Прыгоды Бураціна” 10-гадовага Дзмітрыя Іосіфава грыміравалі паўтары гадзіны, і яму нельга было рухацца. Пры гэтым яго пастрыглі нагала і пабрылі бровы, каб зручней было надзяваць парык і прыклей­ваць накладныя бровы. Канечне, калі ён разгрыміроўваўся, то равеснікі пасмейваліся з яго. Прынамсі, нос Бураціна зрабіў таксама грымёр з пенапласту. І калі на пачатку карціны яго даўжыня складала 45 міліметраў, то пасля ён паменшыўся да 30. Увогуле за час здымак было створана каля 40 насоў. А таму работа грымёра не такая празаічная і статычная, як можа падацца на першы погляд.

Затым нам расказалі пра фільм “Дзяўчынка шукае бацьку” рэжысёра Льва Голуба, які здымалі ў Мазыры ў 1958 годзе. “На наступны год стужка стала адной з самых касавых карцін Савецкага Саюза, якую за два тыдні пракату паглядзелі каля 35 мільёнаў чалавек. Пры гэтым, нягледзячы на тое што ў СССР існавала так званая жалезная заслона, фільм набылі 83 краіны. А вось вісіць сукенка галоўнай гераіні фільма — 4-гадовай дзяўчынкі Ганны Камянковай. Падлічыце, колькі ўбору гадоў, — прапаноўвае школьнікам Алена Галаўнёва. — Так, 60, напэўна, яна равесніца вашых бабуль і дзядуляў.

Акрамя таго, у музеі кінастудыі размешчана вітрына, прысвечаная культавым рэжысёрам. Асобна красуюцца ўзнагароды і прызы, атрыманыя беларускімі карцінамі на кінафестывалях, стаяць і падарункі ад замежных дэлегацый. Таксама можна пагартаць старонкі альбома з фотапробамі, бо раней менавіта так захоўваўся акцёрскі фонд. Зараз усё значна прасцей, таму, калі вы марыце здымацца ў кіно, варта зайсці на сайт “Беларусьфільма”, знайсці “Акцёрскі раздзел”, запоўніць там анлайн-анкету і спадзявацца на запрашэнне, напрыклад, да ўдзелу ў масоўцы.

Аднак больш за ўсё ўвагу хлопчыкаў і дзяўчынак прыцягвае рэквізіт да фільма “Настасся Слуцкая” пра падзеі ХVI стагоддзя, які пабачыў свет у 2003 годзе: люстэрка, даспехі, меч, шлем, якія былі зроблены спецыяльна для гэтай карціны. “Уся экіпіроўка важыць ад 25 да 40 кг, адна толькі кальчуга — 10 кг, — тлумачыць экскурсавод. — А побач стаяць касцюмы, якія спецыяльна адшыты ў мінулым годзе для карціны “Авантуры Пранціша Вырвіча”, якая расказвае пра ХVIII стагоддзе”.

Дарэчы, у музеі можна зрабіць як сэлфі, так і калектыўны здымак, і такую магчымасць мы ніяк не маглі ўпусціць. А таму пакуль адны прымяралі кальчугу, другія паспрабавалі сябе ў ролі памочніка рэжысёра, узяўшы ў рукі хлапушку. Між іншым, каму падаецца сігнал пры яе дапамозе, нам таксама патлумачылі, а заадно і тое, чаму абавязкова разбіваюць талерку з аўтографамі аб штатыў кінакамеры на пачатку здымак карціны. Пры гэтым дзецям вельмі спадабалася гісторыя пра знікненне залатога ключыка Бураціна пасля таго, як прагучала каманда “Стоп! Знята!”.

Ілюзія і рэальнасць

Пасля музея мы накіраваліся ў здымачныя павільёны, якіх усяго пяць. Першы і самы вялізны быў пабудаваны ў 1960 годзе. Яго плошча складае 1200 квадратных метраў, і ў ім можна пабудаваць сапраўдны пяціпавярховы дом, бо вышыня павільёна — 15 метраў. “Звычайна дэкарацыі ставяць 9—10-метровыя. Яны фіксуюцца на столі спецыяльнымі крукамі, грузападымальнасць якіх — да 40 тон, а таму яны вытрымаюць нават які-небудзь лёгкаматорны самалёт мінулага стагоддзя, — адзначае Алена Галаўнёва. — Зачыняюць гэты павільён, як вы бачыце, вялізныя гукаізалюючыя дзверы вагой 19 тон. Падлога таксама зроблена са спецыяльнага бруса, які вытрымлівае вялізныя нагрузкі, бо на працягу наступных гадоў на ёй заўсёды будуць стаяць дэкарацыі. На сценах спецыяльнае гука­ізаляцыйнае і супрацьпажарнае пакрыццё”.

Другі павільён крыху меншы — 1000 квадратных метраў. У ім размешчаны неверагодны танк Леанарда да Вінчы, створаны па чарцяжах знакамітага італьянскага вынаходніка і мастака ХVІ стагоддзя. “Гэта наша ноу-хау, пабудаванае для карціны “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Танк хоць і непаваротны, але ўмее ездзіць, — падкрэслівае наш гід. — Дарэчы, мы зрабілі два такія танкі. Па сюжэце ў канцы карціны адзін узрываецца — гэта паменшаная копія, якая была пабудавана выключна з драўляных дэталей, каб было прасцей і больш бяспечна разбураць яе”.

Пераходзім у трэці павільён на 300 квадратных метраў з храмакеем. “Шмат сучасных фільмаў-катастроф ствараецца ў камп’ютарных праграмах. У храмакеі на зялёным фоне здымаюцца героі, а пасля спецыялісты ў адпаведных камп’ютарных праграмах дамалёўваюць тое, чаго патрабуе сюжэт і сцэнарый, — тлумачыць экскурсавод. Побач з ёй стаіць драўляная копія танка Т-26 з карціны “Не гульня” рэжысёра Дзяніса Скварцова. — Наш танк складаецца з 3 тысяч дэталей, яго таксама дамалёўвалі ў храмакеі. Па сюжэце яго неабходна было выцягваць з балота, зразумела, што сапраўдны танк не выцягнулі б. А для фільма Дзмітрыя Астрахана “Лёс дыверсанта” мы складалі тут амаль сапраўдную зямлянку. Як думаеце, што пасля дамалявалі ў кадры?.. Правільна, лес, таму, калі будзеце глядзець стужку, звярніце ўвагу на яго. Увогуле, усе нашы павільёны актыўна арандуюцца, у іх здымаюць не толькі фільмы, а і тэлеперадачы, рэкламныя ролікі”.

Мэбля, адзенне, зброя

Ідзём далей і падымаемся на трэці паверх у цэх падрыхтоўкі здымак. Усяго ў ім сем складоў: рэквізіту, мэблі, зброі, жаночага, мужчынскага і ваеннага адзення, абутку і галаўных убораў, у якіх захоўваецца звыш 91 тысячы адзінак.

Першы склад, куды мы трапілі, — рэквізіту. Тут некалькі дзясяткаў паліц. На іх размешчаны 25 тысяч самых разнастайных прадметаў: насценныя гадзіннікі, іконы, посуд, спортінвентар, музычныя інструменты, тэлевізары і фотаапараты, даспехі, шаблі і арбалеты, лук і стрэлы, коўдры, ручнікі і абрусы, грашовыя купюры ў чамаданах, мноства кніг, у тым ліку і рэдкія экзэмпляры ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў, ёсць нават ганебны слуп і гармата, праўда, бутафорская, і шмат чаго іншага. Усё, што трапляла ў кадры карцін, заставалася на складах кінастудыі.

Асобна размешчаны так добра знаёмыя нам лялькі Цвыркуна і Багамола з фільма “Прыгоды Бураціна”, кій ката Базіліа. “А ці ведаеце вы, што для гэтай карціны была спецыяльна створана сажалка, а эпізоды з чарапахай Тарцілай здымаліся ў лістапа­дзе, калі было даволі холадна, а Бураціна ў танюсенькай вопратцы пару разоў упаў у ле­дзяную ваду, — гаворыць Алена Галаўнёва і, звяртаючыся да дзяцей, дадае, што Леанід Нячаеў лічыцца дзіцячым рэжысёрам. — Ён зняў мноства фільмаў для вас: “Пітэр-Пэн”, “Пра Чырвоную Шапачку”, “Казка пра Зорнага хлопчыка”, “Рыжы, сумленны, закаханы”, “Не пакідай” і інш. І калі дзеці Зеленагор­ска Калінінградскай вобласці заснавалі ордэн Бураціна, якім узнагароджваюцца дарослыя, якія зрабілі ўклад у выхаванне і адукацыю падрастаючага пакалення, то яго першым кавалерам стаў менавіта Леанід Нячаеў”.

Далей мы скіроўваемся ў склады ваеннага, мужчынскага і жаночага адзення, у кожным з якіх захоўваюцца па 20 тысяч адзінак. Часам кіношнікі жартам называюць нашу кінастудыю “Партызанфільмам”, што і нядзіўна, бо ў нас фільмаў пра вайну знята вельмі многа. Зразумела, каб вобраз быў поўным, нельга абмяжоўвацца толькі верхнім паліто або мундзірам, таму тут ёсць усё, нават ніжняя бялізна.

Сярод мужчынскага адзення асабліва вылучаецца гістарычны касцюм, які складаецца з прыгожых сукенак і кашуль, манжэт, карункаў, доўгіх камзолаў. Тут можна пабачыць, а пры жаданні і прымераць такія рарытэтныя рэчы, як каўпак і сурдуцік Бураціна, касцюмы Арлекіна, П’еро, паліто ката Базіліа, уборы Карабаса-Барабаса і Дурэмара. Між іншым у іх вельмі любяць фатаграфавацца, асабліва госці з краін былога Савецкага Саюза, бо для большасці з іх “Прыгоды Бураціна” застаюцца любімым дзіцячым фільмам.

“Звярніце ўвагу на незвычайныя і такія прыгожыя жаночыя ўборы. Вось сукенка, у якой здымалася Алена Барзова ў карціне “Шляхціц Завальня”, — паказвае экскурсавод. — А вось сярэдневяковыя сукенкі з гарсэтамі. А тут цэлы стэлаж з сарафанамі. Яны трапецападобныя. На ваш погляд чаму? У іх больш камфортна і зручна працаваць. Але да таго ж трэба ўлічваць, што працягласць жыцця на Русі была вельмі малой — 20—30 гадоў, бо жанчына нараджала шмат дзяцей і хутка “згарала”. Адпаведна, яна працяглы час хадзіла цяжарнай, таму яе памер увесь час мяняўся, а сарафан падыходзіў ёй у любым стане. Увогуле ўсё адзенне на кінастудыі захоўваецца ў строгай адпаведнасці з эпохай на асобных вялізных стэлажах. Для ўтрымання такога вялізнага гардэробу на кінастудыі ёсць свая хімчыстка і пральня”.

Апошні склад, у якім мы пабывалі, я назвала б своеасаблівай антыкварнай крамай з 3 тысячамі мэблевых прадметаў. Калекцыя збіралася гадамі. Асабліва вялікая колькасц­ь рэквізіту была сабрана ў савецкі час, калі многія, пераязджаючы, проста аддавалі непатрэбную мэблю су­працоўнікам кінастудыі. “У музеі вам не дадуць пасядзець на княжацкім троне або старадаўнім крэсле, а тут можна, — запрашае прысесці ўжо крыху стомленых хлопчыкаў і дзяўчынак экскурсавод. — Як думаеце, навошта такое вялізнае люстэрка без шкла? А ці глядзелі вы фільм “Рыжык у Залюстрэччы” рэжысёра Алены Туравай? Не? Абавязкова паглядзіце! Такое люстэрка — гэта партал, але больш спойлерыць не буду, самі даведаецеся, хто ім карыстаўся і з якой мэтай. А вось знакаміты куфар, у якім хаваўся Бураціна. Дарэчы, ён арыгінальны і мае антыкварную каштоўнасць, зроблены з кіпарысу ў ХІХ стагоддзі. Гэты ж куфар вы зможаце пабачыць і ў сёлетніх прэм’ерах — “Авантуры Пранціша Вырвіча” і “Лёс дыверсанта”.

На жаль, з-за адсутнасці часу мы не трапілі ў склад абутку і галаўных убораў, а таксама на піратэхнічны ўчастак, бо туды звычайна ходзяць дарослыя групы. Але тым не менш варта адзначыць, што на “Беларусьфільме” захоўваецца адна з найбуйнейшых калекцый сапраўднай зброі, пачынаючы з 1895 года і заканчваючы сучаснымі відамі. Таму ў фільмах салдаты звычайна бегаюць зусім не з бутафорыяй, а з сапраўднай зброяй, праўда, над тым, каб яна эфектна страляла ў кадры, працуюць піратэхнікі.

Акрамя таго, нацыянальная кінастудыя мае сваю натурпляцоўку, якая знаходзіцца за 35 кіламетраў ад Мінска ў Смалявіцкім раёне. Пры жаданні экскурсанты могуць наведаць і яе. Але, паверце, куды цікавей пабываць там у час здымак.

Прынамсі, экскурсіі на “Беларусьфільме” пачалі праводзіць з канца 2017 года, але найбольш актыўна — з пачатку 2019 года. Дарэчы, у мінулым годзе кінастудыю наведалі каля 7 тысяч чалавек і яна зарабіла звыш $20 тысяч. Супрацоўнікі “Беларусьфільма” робяц­ь усё для таго, каб людзі ведалі і любілі беларускае кіно і з нецярпеннем чакалі новых фільмаў на экранах.

“Стоп! Знята!”

Вось такім атрымаўся наш экскурсійны маршрут па “Беларусьфільме”. І хоць усе мы, як вучні сярэдняй школы № 173 Мінска, так і іх настаўнікі, крыху стаміліся ў час вандроўкі па кінастудыі, аднак атрымалі вялізную колькасц­ь уражанняў і даведаліся шмат чаго цікавага. Вельмі спадзяюся, што тыя школьнікі, якія не былі знаёмы з дзіцячай класікай айчыннага кінематографа, абавязкова паглядзяць яе, а заадно пацікавяцца белару­скімі карцінамі апошняга дзесяцігоддзя. Да таго ж, думаю, што калі пабачаць афішы з прэм’ерамі, пра якія ім расказалі, то возь­муць сяброў і бацькоў і накіруюцца ў кінатэатр.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.