Вандруйце! Не пашкадуеце!

Вялікае значэнне ў фарміраванні ў школьнікаў любові да роднага краю маюць падарожжы. І не толькі экскурсіі на аўтобусах. Можна таксама арганізоўваць і веласіпедныя вандроўкі да помнікаў гісторыі і культуры, да прыродных аб’ектаў, проста ездзіць па нашых дарогах, наведваць вёскі і гарады, знаёміцца з лясамі, рэкамі і азёрамі. Такія вандроўкі вельмі падабаюцца дзецям.

Калісьці, як толькі пачынаўся мой педагагічны шлях, са сваімі роднымі мясцінамі мяне знаёмілі старшакласнікі. Яны прапаноўвалі, куды можна паехаць або пайсці, што найлепш паглядзець. Мы не збіралі вялікія групы, у вандроўкі накіроўваліся толькі аднадумцы. Запомніліся падарожжы, якія арганізоўвалі два Міхалы Алейнікі, Мацвей Скрабец і Фёдар Астапчук. Тады яны былі вучнямі Арлоўскай сярэдняй школы, крыху маладзейшымі за свайго настаўніка. Гэта яны ўпершыню звярнулі маю ўвагу на адметнасці ракі Вятліцы, Лядзецкай Дубровы і сваіх лясоў. Як цікава было ўбачыць сапраўднае каралеўства ландышаў за Лядцом! Нельга забыць і паходаў у грыбы. Аднойчы нас з Федзем так захапілі апенькі, што мы не маглі пакінуць іх і збіралі амаль што ў поўнай цемры, а потым ледзьве выбраліся з начнога лесу. З таго часу гукі і мелодыі лесу заўсёды заварожваюць мяне.

Больш вучняў стала ўдзельнічаць у нашых падарожжах, калі я пачаў працаваць у Давыд-Гарадку і стаў класным кіраўніком. З паходу ў лес у мяне пачалося сапраўднае знаёмства з класам. Пайсці маглі ўсе жадаючыя: мне тады здавалася, што не кожны захоча за дзень адмераць нагамі 12 кіламетраў. Сабралася многа дзяцей, што мяне тады моцна здзівіла. Надвор’е выдалася не зусім добрае: было халаднавата, раз-пораз палохаў дробны дожджык. Раніцай, яшчэ каля школы, я прапанаваў не ісці ў лес, але ўсе дружна запярэчылі. Дзеці даводзілі, што такі дождж не прамочыць вопраткі, што яго ўдзень не будзе зусім.

Пайшлі, не каяўся ніхто. Спадабалася і сама дарога, і ўбачанае, і праведзены дзень. Калі ішлі каля канаў, некаторыя спрабавалі іх абмераць і намачылі ногі. Вопратка таксама была не зусім сухой. Але якім жаданым было потым разведзенае вогнішча! Не толькі грэліся, але і смажылі сала, жартавалі. Потым ладзілі забавы. Ніхто не хацеў ісці дахаты. Я тады асцерагаўся, што вечарам бацькі асудзяць мяне за такую вандроўку. Але дарэмна: задаволены былі дзеці — спадабалася і бацькам. Гэта я зразумеў не толькі на другі дзень, калі спытаў у вучняў, але і калі потым даводзілася сустракацца з іх бацькамі.

Былі і іншыя вандроўкі з гэтым класам, але заўсёды мае дзеці згадвалі тую, нашу самую першую і самую памятную. Прайшло шмат гадоў, мае дзяўчынкі і хлопчыкі даўно сталі дарослымі, зараз ужо іх дзеці з’яўляюцца маімі старшакласнікамі. Два гады назад наш клас сабраўся зноў, каб адзначыць свае 20 гадоў пасля школы. І што вельмі прыемна, зноў з удзячнасцю згадвалі той наш паход у лес. Яны, дарослыя людзі і бацькі, гаварылі пра карысць і важнасць падобных мерапрыемстваў.

Зараз мы з вучнямі практыкуем веласіпедныя падарожжы па цікавых мясцінах. Здавалася б, усё звычайнае, знаёмае. Але трэба толькі ўважліва прыгледзецца, зазірнуць у гісторыю, паглядзець цікаўнымі вачыма на ўсё навокал. Славутае і цікавае ў нас на кожным кроку. Для гэтага зусім не абавязкова аб’ехаць увесь наш вялікі Столінскі раён, слынныя месцы можна знайсці зусім побач, каля свайго населенага пункта. Напрыклад, за Давыд-Гарадком, ва ўрочышчы Аэрадром, школьнікі судакранаюцца з сівой гісторыяй. У час паездкі яны даведваюцца, што ў старажытныя часы, калі яшчэ не было горада, на гэтым месцы жылі людзі. Вучні спрабуюць знайсці сляды існавання старажытнага паселішча: збіраюць невялічкія кавалкі керамічнага посуду, каменьчыкі. Вельмі важна падтрымаць гэта цікавым словам ці аповедам настаўніка. На аснове такой цаглінкі ў пазнанні роднага краю потым можна будаваць пазнанне ўсёй нашай Беларусі і весці выхаваўчую работу.

Яшчэ адзін цікавы аб’ект — гарадзішча балотнага тыпу ва ўрочышчы Барок за вёскай Туры, у лесе. У час экскурсіі вучні любуюцца хараством убораў сасняку, а таксама агульным выглядам лесу, колерамі бяроз, клёнаў і алешын, знаёмяцца з археалагічным помнікам. Канцавымі пунктамі вандровак звычайна з’яўляюцца цікавыя гістарычныя помнікі, музеі, выдатныя мясціны, незнаёмыя вёскі. Нашы вандроўкі — гэта не хуткія велапрабегі да пэўных аб’ектаў: па ўсім маршруце мы знаходзім для сябе важнае і цікавае, дзе можна спыніцца, адпачыць, убачыць нешта адметнае і запамінальнае. Калі мы ехалі ў Цераблічы, давялося прыпыніцца на невялікі час, каб успомніць старыя вуліцы Давыд-Гарадка, згадаць колішнія паводкі. Паглядзелі на дубы-волаты на могілках у Рамлі, на сам Рамель, убачылі елкі з фіялетавымі шышкамі ў парку на ўскраіне вёскі. Не толькі пабывалі ў этнаграфічным музеі, але і праехалі далей за Цераблічы, каб адпачыць на беразе Моствы. Пагаварылі і пра нашы непраходныя балоты. Не менш займальная экскурсія да гарадзішча Хотамель. Па дарозе вучні пазнаёміліся з гістарычнымі мясцінамі: царквой у Альпені, месцам селішча зарубінецкай культуры ва -ўрочышчы Прысоў, царквой ХVІІІ стагоддзя ў Рублі, помнікам на месцы знішчэння мірнага яўрэйскага насельніцтва ва ўрочышчы Барок. Асабліва цікава было паглядзець на цудадзейны крыж у капліцы ў вёсцы Хотамель.

Палюбілася старшакласнікам і вандроўка ў Ястрабель. Калісьці там была вёска. Цяпер не жыве ніхто. Аж не верыцца, што ў далёкім ХVІ стагоддзі гэтая вёска была вядомай у нашых краях, яе можна было ўбачыць на многіх картах. Па дарозе мы наведваем Дубянец і Магільнае, адпачываем каля вадасховішча, дзе летам асабліва шмат людзей. Каля Ястрабля наўрад ці будзеш ехаць на веласіпедзе — там бездараж. Пра былую вёску сведчаць толькі рэшткі паселішча дзеда Міхала, хлеў з авечкамі ды яблыні на колішніх сядзібах, якія ў наш час пазарасталі лесам. І як прыемна ў летнюю спякоту сярод алешын і лазовых зараснікаў раптам нечакана спаткаць смачны яблык! Цікава пабываць і каля Ястрабельскага возера. Зараз гэта глухія мясціны ў лесе сярод балот, а калісьці сюды маглі заглядваць вандроўнікі, якія праплывалі па Прыпяці на вялікіх і малых чаўнах. Іх цікавіла і вёска, і птаства, і жывёльная разнастайнасць нашых лясоў. І зараз пра тую разнастайнасць сведчыць крык дзікіх гусей недзе каля ястрабельскіх могілак.

Дзівосная і непаўторная наша зямля. Шмат у нас цудоўных куточкаў, куды могуць прыязджаць турысты і падарожнікі, каб палюбавацца прыгажосцю прыроды, паглядзець на помнікі вякоў мінулых. Століншчына можа прыцягнуць увагу кожнага вандроўніка. Вандруйце па родным краі! І вы абавязкова яго палюбіце.

Віктар ВАБІШЧЭВІЧ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1
Давыд-Гарадка Столінскага раёна, выдатнік адукацыі.