“Вапу” беларускіх студэнтаў

Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў. Аднак мала хто ведае, што першапачаткова свята называлася Днём міжнароднай салідарнасці студэнтаў, і яго гісторыя пачынала свой адлік з 17 лістапада 1939 года.

Фота да матэрыяла: “Вапу” беларускіх студэнтаў.Паводле звестак пра свята, 16 лістапада 1939 года ў акупіраванай нацыстамі Чэхіі пражскія студэнты і іх выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю, каб адзначыць гадавіну ўтварэння Чэхаславацкай дзяржавы. Аднак гэтае выступленне было разагнана акупантамі, а падчас яго быў забіты студэнт медыцынскага факультэта Ян Аплетал. Пахаванне хлопца перарасло ў акцыю пратэсту, якая скончылася арыштамі 1200 студэнтаў і адпраўкай іх у канцлагеры.

Статус усеагульнага свята быў нададзены гэтай падзеі праз тры гады на Міжнароднай сустрэчы студэнтаў, якія змагаліся супраць нацызму, у гонар пацярпелых і забітых 16 лістапада 1939 года.

Вельмі падобнай стала гісторыя “Дня Палітэхніа”, які адзначаецца 17 лістапада грэчаскімі студэнтамі. Тут, як і ў Чэхіі, час правядзення святочных мерапрыемстваў пачынае сваю гісторыю з трагічных падзей мінулага: менавіта ў гэты дзень у 1973 годзе адбыліся студэнцкія дэманстрацыі пратэсту супраць ваеннай дыктатуры. Сёння ў Грэцыі гэтую падзею лічаць не святам, а напамінам пра стойкасць і непахіснасць грэчаскага студэнцкага характару і адзначаюць акцыямі памяці.

Фота да матэрыяла: “Вапу” беларускіх студэнтаў.Акрамя Міжнароднага дня студэнтаў, у многіх краінах ёсць адметныя студэнцкія святы. Напрыклад, Таццянін дзень, які першапачаткова быў святам Маскоўскага ўніверсітэта (установа заснавана 25 студзеня 1755 года), а пасля (у другой палове XIX стагоддзя) стаў блізкім і для беларускіх і ўкраінскіх студэнтаў.

У Фінляндыі дзень студэнта называецца Вапу і адзначаецца 1 мая. Аднак святкаванні пачынаюцца яшчэ 30 красавіка, пасля таго, як прэзідэнт краіны звяртаецца да моладзі з віншаваннямі. Падчас урачыстых мерапрыемстваў выпускнікі ўстаноў атрымліваюць белыя студэнцкія фуражкі, што сімвалізуюць новы статус хлопцаў і дзяўчат. Тут жа маладыя людзі ласуюцца традыцыйным пачастункам — сімай (мядова-лімонным напоем) і кандытарскімі хрушчамі.

Гарвардскі ўніверсітэт ЗША сустракае “студэнцкі” дзень у лютым. Там праходзіць мерапрыемства HastyPudding (свята сваёй назвай абавязана страве, якую прыносілі на сходы студэнцкага клуба пачынаючы з 1795 года). Яно ўяўляе сабой карнавал з касцюміраваным парадам. Адметнай і ўжо традыцыйнай рысай падзеі стала тое, што і жаночыя, і мужчынскія ролі там выконваюцца выключна мужчынамі, паколькі раней у гэтай установе жанчынам вучыцца не дазвалялася.

Фота да матэрыяла: “Вапу” беларускіх студэнтаў.Падзеі, прымеркаваныя да сусветнага студэнцкага свята, у Беларусі разгарнуліся як у сталічных установах вышэйшай адукацыі, так і далёка за іх межамі. Так, БДУ су-стрэў гэты дзень акцыяй “Растопім лёд разам”. Студэнты ўніверсітэта наведалі каток комплексу “Мінск-Арэна”. Тут маладых людзей павіншавала кіраўніцтва ўстановы, а таксама іх калегі з навучальных устаноў Германіі, Кітая, Польшчы, Азербайджана, Анголы, Іспаніі, Вялікабрытаніі і Чэхіі. Студэнты былі задзейнічаны ў забаўляльнай праграме з удзелам спартсменаў Нацыянальнай зборнай краіны па фігурным катанні і каманды хакейнага клуба “Дынама-Мінск”, конкурсах, віктарынах і розыгрышах. А напярэдадні сусветнага студэнцкага свята ў БДУ адбыўся традыцыйны Міжуніверсітэцкі паэтычны форум.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт падыходзіць да свята з XХI Міжнародным студэнцкім калейдаскопам “Шчырыя сэрцы замежных сяброў, улюбёных у Беларусь”. Удзел у ім прымае моладзь — студэнты і выпускнікі з Казахстана, Туркменістана, Таджыкістана, В’етнама, Лівана, Лацінскай Амерыкі, Дагестана, Турцыі і Афганістана. Штогод у фармаце фестывалю праводзяцца вечары сяброўства, канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы і выставы нацыянальных культур народаў свету, майстар-класы па гатаванні страў кухань свету, выставы студэнцкіх работ і іншыя творчыя праекты. Сёлета гасцей БНТУ парадавалі спартыўнае мерапрыемства “Зносіны праз творчасць і спорт”, выстава “Студэнцтва — свет яркіх фарбаў і падзей розных пакаленняў”, майстар-класы па танцах, ткацтве, вырабе абярэгаў і азнаямленні з нацыянальнымі музычнымі інструментамі.

Фота да матэрыяла: “Вапу” беларускіх студэнтаў.У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбыўся першы конкурс студэнцкіх startup-праектаў “ІннаСтарт”. Мерапрыемства прайшло ў чатыры этапы, у межах якіх былі вылучаны 10 фіналістаў, якія пры дапамозе экспертаў распрацавалі прэзентацыі бізнес-планаў для абароны іх у вырашальным startup-баі.

А Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна стаў пляцоўкай акцыі “Чаму я лепшы студэнт”, тэматычных віктарын і капусніка “З гонарам носім званне студэнта”. Маладыя людзі правялі дзень самакіравання, на якім будучыя педагогі змаглі паказаць свае прафесійныя і арганізатарскія здольнасці і стаць удзельнікамі фотаконкурсу сэлфі з любімым выкладчыкам.

З 1939 года прайшло амаль 80 гадоў. Многае памянялася з таго часу, але нязменна адно: студэнты і сёння застаюцца самай з’яднанай, ініцыятыўнай і прагрэсіўнай супольнасцю любой краіны. І дух новага неадольна вядзе іх наперад.

Ірына ІВАШКА.
Фота
Яраслава ВАНЮКЕВІЧА,
Юліі СПІЧАКОВАЙ,
Юліі ШЫМАНСКАЙ,
Максіма КУБАРСКАГА.