Тое, што Л.С.Былінская абавязкова будзе педагогам і нікім іншым, было вызначана, як гэта не падасца цяпер дзіўным, яшчэ паўстагоддзя назад, калі педагагічную дынастыю адкрываў настаўнік матэматыкі Аляксей Арцем’евіч Басевіч. Ён быў родным дзядзькам яе мамы Аляўціны Георгіеўны, пасля — выкладчыка біялогіі.
Настаўнікам рускай мовы і літаратуры быў бацька Сцяпан Іванавіч Корчык, настаўнічалі дзядзькі, цёткі, а таксама стрыечныя сёстры. Так што паступленне ў педагагічную ВНУ для Людмілы было прадвызначана. І яна не парушыла сямейную традыцыю. У Брэсцкі педінстытут паступіла без праблем, з вялікім жаданнем набыць прафесію, да якой ставілася з глыбокай павагай. Будучы студэнткай апошняга курса, сумяшчала вучобу з работай. І не таму, што не хапала сродкаў для існавання, проста праходзіла практыку ў родным горадзе, у тагачаснай школе № 5 Пінска (цяпер гімназія № 2) як будучая настаўніца беларускай мовы і літаратуры (дарэчы, такія спецыялісты заўсёды былі ў дэфіцыце) і не змагла ўстаяць перад настойлівай прапановай паважанага дырэктара І.А.Каралінскага.
Так і ездзіла цэлы год па некалькі разоў на тыдзень з Пінска ў Брэст і назад. І хоць ішла трэцяя па размеркаванні і магла застацца ў абласным цэнтры, вярнулася ў тую школу, дзе адразу была да кампаніі. Больш за дваццаць гадоў прыходзіла сюды Людміла Сцяпанаўна Былінская з добрым настроем, таму што і работа, і калектыў былі ў радасць. Дзесяць апошніх гадоў была намеснікам дырэктара — задаткі кіраўніка заўважыў у Людміле Сцяпанаўне ўсё той жа І.А.Каралінскі. Зрэшты, арганізацыйныя здольнасці Людміла Сцяпанаўна паказала яшчэ ў студэнцтве, калі працавала старшай піянерважатай у аздараўленчым дзіцячым лагеры. На працягу ўсёй вучобы яна была старшынёй прафбюро філалагічнага факультэта свайго інстытута.
А апошнія шэсць гадоў Л.С.Былінская — намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама. Курыруе работу намеснікаў дырэктараў навучальных устаноў і, паводле яе слоў, адчувае сябе камфортна на гэтым месцы. Па-першае, ведае ўсе тонкасці работы; па-другое, не абмяжоўваецца наяўнымі ведамі, а пастаянна папаўняе іх, глыбока цікавіцца педагагічнымі навінкамі.
— Пісьменная, працавітая, прыстойная… Адносіны з усімі роўныя, паважлівыя, — начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму Яўген Міхайлавіч Мендзель падбірае словы для характарыстыкі сваёй падначаленай, надзейнай і ўпэўненай у сабе (не блытаць з самаўпэўненасцю і саманадзейнасцю!).
Акцэнтаваць найбольшую ўвагу менавіта на якасцях Л.С.Былінскай, як гаворыцца, сам Бог загадаў: яна з’яўляецца пазаштатным экспертам дэпартамента кантролю якасці адукацыі, уваходзіць у абласную працоўную групу па рабоце з адоранымі дзецьмі. І калі працягваць размову аб іншых, ужо грамадскіх нагрузках Людмілы Сцяпанаўны, то варта назваць яе ўдзел у РГА “Белая Русь” (член прэзідыума) і гарадскім савеце жанчын (член праўлення).
Мне даводзілася чуць публічнае выступленне Людмілы Сцяпанаўны — яна заваёўвае сваёй шчырасцю і выдатным веданнем пытання. Даводзілася чуць яе размовы з калегамі — карэктныя, паважлівыя, на роўных. І захапляцца яе незвычайным хобі — калекцыяніраваннем чарапашак, якое з’явілася каля васьмі гадоў назад. Неяк яна бавіла час у далёкай дарозе чытаннем і выпадкова трапіла на сцвярджэнне, што чарапашкі прыносяць дабрабыт. З тых часоў і стала іх калекцыяніраваць. Зараз іх каля 150, самых розных — з каменя, дрэва, пластмасы і іншых матэрыялаў.
Наша размова адбылася ў кабінеце Людмілы Сцяпанаўны, дзе ёсць шмат пацвярджэнняў высокай ацэнкі яе працы. Але асабліва дарагія ёй падзячныя лісты Прэзідэнта Беларусі і Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі.
І яшчэ дзве важныя і значныя для яе падзеі адбыліся нядаўна. Па выніках работы за 2013 год Л.С.Былінская прызнана лепшай у галіне адукацыі Пінска і ўдастоена ганаровага звання “Чалавек года”. Поспехі Людмілы Сцяпанаўны па заслугах ацэнены і на ўзроўні рэспублікі: ёй уручаны нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.