Вартыя перамогі

12 ліпеня завяршыліся 46-я Міжнародная алімпіяда школьнікаў па фізіцы і VII Міжнародны турнір юных матэматыкаў. Абодва інтэлектуальныя спаборніцтвы для беларускіх школьнікаў сталі паспяховымі.

Міжнародная алімпіяда па фізіцы сёлета праходзіла ў індыйскім Мумбаі. У ёй прынялі ўдзел каманды 86 краін з розных кантынентаў. На гэтых прэстыжных інтэлектуальных спаборніцтвах сабраліся 382 удзельнікі практычна з усіх куткоў зямнога шара.
Беларуская каманда складалася з пяці чалавек, якія выдатна праявілі сябе на рэспубліканскай алімпіядзе школьнікаў і падрыхтоўчых зборах. Менавіта гэтыя юнакі паказалі найлепшыя вынікі за апошні год. Усе “юныя Ньютаны” выдатна выступілі і заваявалі медалі. Антон Талкачоў з гомельскай гімназіі № 14 атрымаў залаты медаль. У Багдана Звяжынскага з Ліцэя БДУ — “серабро”. А бронзавыя ўзнагароды атрымалі Яўген Шурыгін, Арцём Піваварчык, прадстаўнікі Ліцэя БДУ, і Уладзіслаў Клімашонак, выхаванец гімназіі № 1 Барысава. Брава! Віншуем! 2
Кіраўнікамі каманды выступілі загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта БДУ кандыдат фізіка-матэматычных навук Анатоль Іванавіч Слабадзянюк і загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ Леанід Рыгоравіч Марковіч.
— Школьнікі ўдзельнічалі ў двух выпрабавальных турах. Сёлета першым турам алімпіяды стаў эксперыментальны. Удзельнікі на працягу 5 гадзін выконвалі дзве насычаныя эксперыментальныя задачы — “Дыфракцыя на спіральцы” і “Дыфракцыя святла на паверхневых хвалях”. Варта адзначыць, што ў абедзвюх задачах выкарыстоўваўся камплект сучаснага і выдатна падрыхтаванага абсталявання, вырабленага сіламі арганізатараў. За дзве задачы на першым туры можна было зарабіць 20 балаў.
Другі (тэарэтычны) тур алімпіяды, які таксама доўжыўся 5 гадзін, адбыўся праз дзень. Тут ужо ўдзельнікам прапаноўваліся тры аб’ёмныя тэарэтычныя задачы — “Часціцы ад Сонца”, “Прынцып экстрэмуму” і “Канструяванне ядзернага рэактара”, за якія можна было зарабіць 30 балаў.
Трэба адзначыць, што арганізатарам удалося стварыць на алімпіядзе дзівосную атмасферу сяброўства, узаемаразумення і ўзаемапавагі для ўсіх удзельнікаў, незалежна ад рэлігіі, колеру скуры і месца пражывання. Мы прывезлі дадому не толькі медалі, але і адрасы новых сяброў і творчыя планы на будучыню. Хочацца павіншаваць з вялікім поспехам нашых школьнікаў і іх бацькоў, а таксама педагогаў і трэнераў, навучальныя ўстановы, калектывы якіх змаглі падрыхтаваць алімпіяднікаў сусветнага ўзроўню, — адзначылі кіраўнікі каманды.
Абсалютным пераможцам алімпіяды стаў карэйскі школьнік Тайхаюнг Кім, які набраў 48,3 бала з 50 магчымых. У камандным заліку сярод краін былога СССР нашы хлопцы ўступілі толькі зборнай камандзе Расіі, абыграўшы вопытных сапернікаў з Украіны, Казахстана, Грузіі і краін Балтыі. На працягу алімпіяды хлопцы не толькі напружана працавалі, але і паспелі наведаць планетарый, парк забаў, машынабудаўнічы завод, здзейснілі займальнае падарожжа па славутасцях гарачага мегаполіса.

* * *

VII Міжнародны турнір юных матэматыкаў (ITYM-2015) гэтым разам праходзіў у балгарскай Сафіі. Базай для правядзення сталі Сафійскі ўніверсітэт Святога Клімента Охрыдскага і Універсітэт транспарту.
Заяўкі на VII Міжнародны турнір юных матэматыкаў падалі прадстаўнікі 13 каманд з 9 краін. Канчаткова на турнір былі запрошаны 11 каманд з 8 краін: Беларусі, Балгарыі, Бразіліі, Германіі, Грузіі, Расіі, Румыніі, Францыі.
Выступленне каманды Беларусі варта прызнаць вельмі паспяховым, бо ва ўпартай барацьбе з традыцыйна моцнымі сапернікамі з Францыі, Германіі, Балгарыі і Расіі яна выйграла два адборачныя баі, саступіўшы камандзе Францыя-1 у фінале. 3
У выніку беларускія школьнікі заваявалі 2 месца, дыплом II ступені і сярэбраныя медалі. У склад каманды Беларусі на VII Міжнародным турніры юных матэматыкаў увайшлі навучэнцы чатырох устаноў адукацыі: адзінаццацікласнікі Дзіяна Фаміна (Ліцэй БДУ, капітан), Мікіта Кандрацёнак, Мікалай Прохараў (гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага), Сяргей Шаламберыдзэ (сярэдняя школа № 94 Мінска) і дзесяцікласнікі Арцём Глотаў з гімназіі № 1 Салігорска, Ліяна Хазалія з гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага. Шчыра віншуем!
Суправаджалі каманду і ажыццяўлялі навуковае кіраўніцтва непасрэдна падчас правядзення турніру дацэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Бадзягін і асістэнт гэтага факультэта Яраслаў Задворны. Навуковымі кіраўнікамі каманды падчас правядзення падрыхтоўчых збораў, акрамя суправаджаючых, былі дацэнт ФПМІ БДУ М.М.Васькоўскі і студэнт ФПМІ Дзмітрый Румянцаў.
У склад міжнароднага журы турніру ад Беларусі ўваходзілі дацэнт механіка-матэматычнага факультэта БДУ Б.М.Дуброў і намеснік дэкана ФПМІ дацэнт Б.В.Задворны, які таксама з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага арганізацыйнага камітэта турніру.
Турнір юных матэматыкаў — гэта калектыўнае (каманднае) спаборніцтва навучэнцаў ва ўменні рашаць складаныя матэматычныя задачы, правільна і пераканаўча падаваць атрыманыя вынікі, аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях. Ён складаецца з некалькіх паслядоўных матэматычных баёў, у якіх каманды па чарзе дакладваюць свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых удзельнікаў.
Агульныя правілы правядзення міжнароднага турніру заснаваныя на правілах правядзення беларускага турніру юных матэматыкаў. І гэта невыпадкова. Наш рэспубліканскі турнір праходзіць ужо шмат гадоў, мае даўнія традыцыі і вялікі вопыт (у снежні 2014 года прайшоў 16-ы Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў). Акрамя таго, у беларускім турніры часта прымаюць удзел замежныя каманды — з Расіі, Балгарыі, Казахстана, Украіны (у розныя гады), а таксама члены журы, у тым ліку з Францыі і Расіі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.