Варыяцыі яе жыцця

- 13:23Культура

Пад канец навучальнага года прынята падводзіць вынікі. Вядомы беларускі жывапісец выкладчыца гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Алена Бараноўская як кожны сапраўдны творца і сапраўдны выкладчык жыве не паводле раскладу школьных званкоў і экзаменаў.

У мінулым годзе “Настаўніцкая газета” пісала пра абарону дыпломных работ яе лепшых вучняў, сярод якіх былі пераможцы рэспубліканскіх, міжнародных мастацкіх конкурсаў, стыпендыяты cпецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, якія, ведаю, і сёння застаюцца не проста яе вучнямі, а сябрамі. Сёлета ў апошнія дні вясны Алена Бараноўская прэзентавала ў сталічнай галерэі “Мастацтва” сваю чарговую персанальную выставу, якую вельмі сімвалічна назвала “Варыяцыі”. Атрымалася маўклівая споведзь пра свет і пра нас у гэтым свеце. У прасветленых шчымлівых краявідах, дзе прырода паказана ў імклівыя імгненні прадвесня, снегатаяння, восеньскай задумлівай прасветленасці, калі рука мастака, здаецца, здольная знітаваць свае мроі з мроямі самой зямлі… У нацюрмортах таксама схоплены той самы тонкі настрой сцішанасці і гармоніі. Непаўторная аўтарская тэхніка, попельна-жамчужны, жамчужна-вохрысты каларыт робяць яе творы пазнавальнымі на ўсіх рэспубліканскіх і міжнародных пленэрах і выставах.
Набыўшы прафесіяналізм, засвоіўшы сакрэты класічнай школы малюнку і жывапісу, трэба заставацца самім сабой. Гэта, бадай, галоўная мэта сапраўднага мастака. Алена Бараноўская нарадзілася ў сям’і народнага мастака Беларусі Анатоля Бараноўскага, які ў маленстве перажыў вайну, але ўсё жыццё піша лірычныя, жыццесцвярджальныя творы, сам доўгія гады выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у яго шмат вядомых далёка за межамі нашай краіны вучняў. Але не памылюся, калі скажу, што з асаблівай пяшчотай і гонарам ён ставіцца да творчасці сваёй дачкі Алены. Яе муж — прафесар кафедры жывапісу Акадэміі мастацтваў вядомы беларускі мастак Віталь Герасімаў. Яе сын — выпускнік кафедры жывапісу, магістр мастацтва, выкладчык Глеб Герасімаў. Яе нявестка Вераніка таксама жывапісец і выкладчыца. Сёлета ў яе, як летась у Алены, выпускны курс. І сярод вучняў таксама ёсць яркія асобы.
Алена Бараноўская прыйшла выкладаць у гімназію-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка ўжо вядомым мастаком. Памятаю, першы яе курс, хлопцы і дзяўчаты, якія прыехалі вучыцца з розных куткоў Беларусі, яшчэ і не абвыкліся ў сталіцы, а тут — яе персанальная выстава ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Яны ўбачылі, адкрылі для сябе сваю выкладчыцу Алену Бараноўскую як творцу, і яна стала для іх у добрым сэнсе кумірам. Пішу гэта з поўнай адказнасцю, бо ўсе навучэнцы з групы Бараноўскай адразу пачалі ладзіць выставы, удзельнічалі ў майстар-класах у Маскве, а пасля гімназіі-каледжа паступілі вучыцца далей. На праглядах, на выставах адразу пазнаеш творы Вадзіма Богадна, Дар’і Раманенка, Уладзіміра Сайко, які, дарэчы,у свой час прыехаў у сталіцу з вёскі Пяршаі Валожынскага раёна, паступіў на першы курс каледжа, не маючы нават пачатковай мастацкай адукацыі, але праз год, дзякуючы найперш мудрасці і прафесіяналізму сваёй выкладчыцы, дагнаў і перагнаў сваіх аднакурснікаў і цяпер вучыцца на аддзяленні жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Сёлета калектыў гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка пачаў рэалізацыю праекта “Мы — для дзяцей!”. І Алена Бараноўская разам з сынам Глебам Герасімавым адны з першых выехалі ў раён, праводзілі майстар-класы для юных мастакоў Случчыны. Лепшыя з іх будуць мець магчымасць вучыцца ў сталіцы. Хто ведае, можа, для кагосьці з іх Алена Бараноўская таксама стане не толькі выкладчыцай, але і ў добрым сэнсе кумірам.
Кажуць, шчасце — калі цябе разумеюць. Найбольшае шчасце — калі цябе разумеюць твае родныя і блізкія. Алене Бараноўскай у гэтым сэнсе пашанцавала. Яе заўсёды падтрымліваюць і бацька, і муж, а цяпер і сын, які вось як дакладна ўспрымае яе творчасць: “У кожным удала заўважаным матыве бачыш паэзію звычайнага, які набывае адвечны характар. Варыяцыі, якія люструюцца ў пейзажах і нацюрмортах, выклікаюць лёгкую меланхолію, элегічны настрой. Яны акунаюць гледача ў сферу ўласных думак, успамінаў, перажыванняў, дазваляюць яшчэ раз адчуць усю эстэтычную тонкасць і хараство навакольнага свету…”
Мастачка выкладчыца мусіць найперш заставацца жанчынай, дачкой, жонкай, маці. Толькі тады яна здолее несці лад і гармонію. Галоўнае — дзеля чаго чалавек прыходзіць у свет. Вучні Алены Бараноўскай пра гэта памятаюць заўсёды.

Галіна БАГДАНАВА.