У сродках масавай інфармацыі нярэдка ўзнімаецца тэма былых шляхецкіх сядзіб, прапаноўваюцца шляхі іх адраджэння, у тым ліку і продаж фізічным або юрыдычным асобам. Падобныя праекты ўжо пачалі рэалізоўвацца. Напрыклад, у Ляхавіцкім раёне не так даўно новых гаспадароў набыў Савейкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Свайго аднаўлення чакаюць яшчэ амаль два дзясяткі сядзіб — сапраўдных жамчужын Ляхавіцкай зямлі.
Перспектыўная будучыня
Канечне, жыхары Ляхавіцкага раёна ганарацца і багатым мінулым роднага краю, і яго маляўнічай прыродай, і сваімі знакамітымі землякамі. Аднак на першым месцы такога спіса стаяць шляхецкія сядзібы. Зямля палацаў і старасвецкіх паркаў — менавіта так найбольш правільна ахарактарызаваць гэты куток Брэсцкай вобласці. Але ці змо-гуць мясцовыя жыхары гаварыць гэтак пра малую радзіму гадоў праз сто-дзвесце, асабліва калі ўлічыць, што з амаль двух дзясяткаў сядзіб толькі ў Савейкаў перспектыўная будучыня? Астатнія ж выглядаюць, мякка кажучы, не самым лепшым чынам: будынкі некалі шыкоўных палацаў знішчаны або пустуюць, ціхія і маляўнічыя прысады, па якіх любілі прагульвацца прадстаўнікі знакамітых родаў, зараслі кустоўем і пустазеллем.
І ўсё ж закінутыя сядзібы глядзяцца не так ужо і змрочна, нават іх высокія разгалістыя дрэвы шумяць неяк бадзёра і радасна. Калі прыслухацца, то можна пачуць, што гэты пошум падобны на гукі паланэзаў, якія калісьці даносіліся з панскіх пакояў і луналі над паркавымі прысадамі. Відаць, дрэвы нейкім чынам вераць у аднаўленне былой велічы не толькі Савейкаў, але і Грушаўкі, Крывошына, Сваятычаў, спадзяюцца, што чароўная музыка зноў загучыць у выкананні музыкаў, апранутых у адпаведнасці з модай рамантычнага ХІХ стагоддзя.
Чыста там, дзе прыбіраюць
Не сакрэт, што чысціня тэрыторыі былых шляхецкіх сядзіб у многім залежыць ад працавітасці, зацікаўленасці і неабыякавасці да мінулага роднай зямлі настаўнікаў і навучэнцаў. Калі б не школы, прадстаўнікі сістэмы Міністэрства культуры, за якімі замацаваны паркі, наўрад ці змаглі б самастойна падтрымліваць у належным стане тэрыторыю плошчай у некалькі гектараў. Таму кожную вясну і восень цішыню прысад савейкаўскага парку парушаюць звонкія дзіцячыя галасы — гэта навучэнцы Тальмінавіцкай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў выходзяць на суботнікі.
Як паведаміў дырэктар школы Мікалай Аляксандравіч Легеда, такія працоўныя дэсанты з’яўляюцца эфектыўным сродкам выхавання ў навучэнцаў паважлівых адносін да роднай зямлі. Да таго ж гэта і свежае паветра, і гульня, і захапляльная экскурсія. Асабліва паходам да палацаў радуюцца навучэнцы малодшага і сярэдняга звяна, удзельнікі гуртка “Юныя краязнаўцы”, якім кіруе настаўніца гісторыі Алена Іванаўна Карчэўская. У старым парку дзяцей цікавяць і вясновыя праталіны на яшчэ белай заснежанай зямлі, і першыя звонкія птушыныя спевы. Вясна вясной, аднак асабліва радасным атрымліваюцца асеннія суботнікі. У гэты час школьнікам цяжка ўтрымацца ад спакусы разагнацца і скокнуць у вялікую гурбу апалага лісця. Потым устаць і падкідваць яго да вершалін дрэў, назіраць за тым, як жоўта-чырвоны салют павольна апускаецца на зямлю. Пасля таго, як апалае лісце сабрана, сцежкі падмецены, пачынаецца кульмінацыйны і самы прыемны момант суботніка — экскурсія па былой сядзібе Навіцкіх. Гэта своеасаблівая ўзнагарода для вучняў за плённую працу.
Менавіта ў такой вясёлай і дружнай атмасферы школа праводзіць на тэрыторыі Савейкаўскага палацава-паркавага ансамбля традыцыйныя працоўныя мерапрыемствы.
— Плошча парку вялікая — каля 10 гектараў, клопату тут заўсёды хапае. Вясной прыбіраем смецце, сухое галлё, а восенню — апалае лісце, летам ачышчаем ад смецця берагі выкапаных яшчэ пры Навіцкіх азёр, робім усё магчымае, каб экскурсія па школьнай экалагічнай сцяжыне, што праходзіць праз тэрыторыю парка, была цікавай і запамінальнай. Спецыяльна для гэтага мы стварылі і некалькі стэндаў, якія напярэдадні экскурсіі выстаўляем на прыпынках сцяжыны. Экскурсіі па парку мы праводзім не толькі для навучэнцаў нашага раёна, але і суседняга Баранавіцкага. Удзячнымі слухачамі з’яўляюцца і нашы землякі, якія жывуць у розных краінах свету і час ад часу прыязджаюць на сваю малую радзіму. Доўгі час выхаваўчую работу на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля мы вялі ў рамках рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі па экалогіі, якой з’яўлялася наша школа. У парку мы праводзілі эколага-біялагічныя даследаванні, разбівалі клумбы, намагаліся падтрымліваць яго ў прываблівым стане. Цяпер там новыя гаспадары. На жаль, сустрэцца з імі яшчэ не давялося. Што яны там плануюць зрабіць, не ведаем, але пажывём — пабачым, — расказвае Мікалай Аляксандравіч.
Дакладная будучыня палацава-паркавага ансамбля для мясцовых жыхароў пакуль невядома, аднак педагогі спадзяюцца, што месца, з якім звязана жыццё многіх тальмінаўцаў, не ператворыцца ў закрытую зону, для вяскоўцаў парк і надалей застанецца любімым месцам адпачынку. Новыя гаспадары змогуць вярнуць Савейкам былую славу, зробяць арыгінальнай турыстычнай жамчужынай Ляхавіцкага раёна. А вось як дабіцца такой арыгінальнасці? На што неабходна звярнуць увагу? Каб адказаць на гэтыя пытанні, варта звярнуцца да гісторыі палаца, да біяграфіі яго ўладальнікаў, да іх захапленняў.
Прывіды абавязкова знікнуць
— Упершыню ў дакументах Савейкаўская сядзіба ўзгадваецца ў 1850 годзе, калі пані Навіцкая купіла ў генерала Кор-Рудольскага, які служыў у Радзівілаў, 3 тысячы гектараў зямлі. Гаспадарамі на новай зямлі разам з пані сталі і два яе сыны Канстанцін і Феафіл. Пры іх быў спачатку пабудаваны драўляны палац, а ў 1904 годзе — і цагляны. Асаблівыя гаспадарчыя здольнасці выявіліся ў Феафіла. Пры ім гаспадарка налічвала 60 галоў буйной рагатай жывёлы, 20 пар коней, быў створаны сыраварны завод, а ў 1901 годзе — і спіртзавод, — пачала экскурсію настаўніца гісторыі, калі наш невялікі педагагічны дэсант апынуўся каля памятнага знака, на якім пазначана: “Гісторыка-культурная каштоўнасць. Савейкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Ахоўваецца дзяржавай”.
Палац вылучаўся не толькі архітэктурай, але і вялікай бібліятэкай, архівам. Акрамя таго, у ім знаходзіўся ўнікальны музей мясцовай фаўны, дарэчы, самы вялікі з прыватных музеяў Польшчы ў даваенны час. Рамантычную атмасферу маёнтку надавала кампазіцыя з сажалак, дзе цэнтральнае месца займаў штучны востраў з мураванай альтанкай, да якога вёў каменны арачны мост. У 1939 годзе маёнтак быў разрабаваны, а арандатар, які вырашыў яго абараняць, забіты. У часы вайны будынак палаца быў разбураны, але потым адноўлены па старых чарцяжах. Цікавым з’яўляецца такі факт: сын Феафіла Ежы Навіцкі, які пасля вайны працаваў павераным паслом Польшчы ў Францыі, накіраваў у 50-я гады ліст у Савет Міністраў БССР з прапановай аб выдзяленні асабістых грашовых сродкаў на рэстаўрацыю сваёй былой сядзібы, аднак яму адмовілі. З 1954 года ў Савейкаўскай сядзібе размяшчаўся дом адпачынку работнікаў лясной гаспадаркі ўсесаюзнага значэння, потым санаторый для хворых на сухоты, участковая бальніца, на базе якой у летні час працаваў дзіцячы аздараўленчы лагер. З 2004 года дзейнічала ўрачэбная амбулаторыя. Цяпер для Савейкаў пачаўся новы этап жыцця.
Па словах настаўніцы гісторыі, гэтыя мясціны здаўна належалі заможнаму шляхецкаму роду Навіцкіх герба Рагаля. У 1850 годзе Тадэвуш Навіцкі заклаў у Савейках пейзажны парк з цудоўным палацам у стылі неабарока. Менавіта ў гэтым тыпе сядзібы ўвасобіўся нацыянальна-рамантычны кірунак архітэктуры Беларусі другой паловы ХІХ стагоддзя. На жаль, Савейкаўскі палац моцна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пазней быў перабудаваны. Але асноўныя рысы яго першапачатковай архітэктуры захаваліся. Палац мае правільнае сіметрычнае вырашэнне. Па баках ад цэнтральнай часткі знаходзяцца аб’яднаныя галерэямі хрызаліты. Над галоўным уваходам — балюстрадная тэраса на васьмі падвоеных калонах. Над тэрасай узвышаецца фігурны франтон. На франтонах пабудоў сядзібы цэглай выкладзены літары “T.N.” (ініцыялы Тадэвуша Навіцкага).
— Некалькі слоў варта сказаць і пра маляўнічы парк. У ім спалучыліся рысы пейзажных паркаў пераходнага перыяду ад рамантычных да натуралістычных, парк займае тэрыторыю ў 10 гектараў. Амаль усе дрэвы дасягаюць узросту 150 гадоў і цягнуцца ў вышыню да 33 метраў. Сярод традыцыйных клёнаў, грабаў, ясеняў, бяроз, таполяў, вольхаў тут сустракаюцца і экзоты: ліпа галандская, арэх шэры, бэз венгерскі, ірга каласістая, каліна канадская і нават ясень адналісты, — паведаміла Алена Іванаўна Карчэўская.
Напэўна, калі б Ежы Навіцкі прыехаў сёння ў свае былыя ўладанні, то не пазнаў бы Савейкі. Многае змянілася. Выраслі дрэвы; некаторыя прысады, нягледзячы на клопат школы, зараслі кустоўем. Асабліва б здзівіўся былы гаспадар незвычайным скульптурам звяроў, людзей, што, нібыта прывіды, сустракаюць гасцей, самотна выглядваюць з-за кустоўя, нагадваючы пра былыя эпохі.
…Каб аднавіўся палац Навіцкіх, а да помніка архітэктуры ад Тальмінавіч была пракладзена асфальтаваная дарога, з’явілася паркоўка для аўтатранспарту; каб быў адноўлены старасвецкі парк, на базе якога навучэнцы і надалей маглі займацца навукова-даследчай работай; каб на даху аднаго з будынкаў колішняга бровара была створана назіральная пляцоўка, адкуль турысты маглі б любавацца маляўнічымі краявідамі; каб у палацавых пакоях быў адноўлены музей прыроды, бібліятэка, створаны кавярня, рэстаран беларускай шляхецкай кухні, у якім гасцей частавалі б стравамі, прыкладна такімі, як у доме Дубатоўка ў знакамітым “Дзікім паляванні караля Стаха”; каб у саміх Тальмінавічах, нарэшце, запрацаваў закінуты будынак гандлёвага цэнтра, дзе б турыстам прапаноўваліся сувеніры, створаныя народнымі ўмельцамі, у тым ліку і мясцовымі школьнікамі… А яшчэ тальмінавіцкія настаўнікі і вучні мараць, каб нарэшце быў знойдзены легендарны падземны ход, які нібыта злучаў палац і капліцу на мясцовых могілках, а таксама ход, што вёў ад Савейкаў да Нясвіжа і дзе Радзівілы, магчыма, схавалі свой легендарны скарб. Што ж, пажаданні цікавыя, практычныя і накіраваны на развіццё турызму роднага краю. Аднак рэалізацыя гэтых мараў залежыць ужо ад новых гаспадароў.
— Мая маці доўгі час працавала загадчыкам бібліятэкі, што размяшчалася ў будынку палаца. Запусценне, што цяпер там пануе, выклікае сум. Аповеды маіх бацькоў і аднавяскоўцаў пра былых гаспадароў краю, цікавасць да мінулага сядзібы, напэўна, і вызначылі мой выбар прафесіі. Скажу шчыра: калі нашы вяскоўцы даведаліся пра тое, што ў палаца з’явіліся гаспадары, яны ўзрадаваліся, з’явілася надзея на рабочыя вакансіі. Што галоўнае для аднаўлення сяла? Домікі і асфальтавыя дарогі? Так, гэта цудоўна, аднак калі не будзе работы, асабліва для моладзі, вёску можна лічыць неперспектыўнай. Таму нашы людзі і спадзяюцца, што пры новых гаспадарах з’явяцца і новыя рабочыя месцы, — адзначыла на зваротным шляху настаўніца гісторыі.
Трэці будзе?
Яшчэ адной жамчужынай Ляхавіцкай зямлі з’яўляецца (а дакладней з’яўляўся) Сваятыцкі палац, што належыў знакамітаму роду Зіберг-Плятэраў. Па ўбранстве, багатым інтэр’еры яму не было роўных у Ляхавіцкім краі. Шмат выпрабаванняў выпала на долю як палаца, так і яго гаспадароў. Пасля ліхалеццяў першай паловы мінулага стагоддзя ён прыйшоў у запусценне, і ў 1958 годзе ўлады вырашылі яго ўзарваць, а на тым месцы ў 1962 годзе быў узведзены будынак школы, своеасаблівы палац ведаў. Ад былой велічы сядзібы засталіся толькі падмурак палаца, стайня, будынак старой школы, сістэма каналаў, сажалак, а яшчэ пад’язная алея, якая цяпер вядзе да Сваятыцкай базавай школы. Дарэчы, з-за малакамплектнасці ў наступным навучальным годзе школа, на жаль, закрываецца. Нягледзячы на гэта, настаўнікі спадзяюцца, што ў хуткім часе невядомы пакуль што гаспадар сядзібы пачне ствараць новую старонку гісторыі Сваятыцкага палаца, які будзе адноўлены. І гэты будынак палаца стане ўжо трэцім, размесціцца ў маляўнічым месцы, на ўзбочыне дарогі, пад разгалістымі таполямі. Першыя прадметы для яго інтэр’еру могуць перадаць мясцовыя настаўнікі і вучні. Справа ў тым, што ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры школы ў невялікім гісторыка-этнаграфічным кутку захоўваецца некалькі скульптур, што ўпрыгожвалі шыкоўны інтэр’ер першапачатковага палаца.
На думку дырэктара Сваятыцкай базавай школы Святланы Валяр’янаўны Шпак, калі палац і адновіцца, то ў ім варта стварыць музей шляхецкага жыцця, і пачэснае месца ў гэтым музеі, акрамя скульптур, могуць заняць навукова-даследчыя работы, праекты, створаныя сваятыцкімі настаўнікамі і вучнямі (напрыклад, “Летапіс вёскі Сваятычы”, праект краязнаўчага маршруту “Гісторыя і культура палацава-паркавага ансамбля вёскі Сваятычы”, “Экалагічны праект мясцовасці”, апісанне эколага-краязнаўчай сцяжыны “Жамчужына Ляхаўшчыны”, “Паданні Ляхавіцкага раёна”). Сабраны ў гэтых работах матэрыял можа стаць асновай для аднаўлення палаца. Па прыведзеных у іх апісаннях можна дакладна аднавіць як экстэр’ер, так і інтэр’ер палаца. Вось некаторыя вытрымкі з “Гісторыі і культуры палацава-паркавага ансамбля вёскі Сваятычы”: “Інтэр’еры палаца вылучаліся шыкоўнасцю афармлення і зборам вялікіх мастацкіх каштоўнасцей, асабліва карцін, габеленаў, мэблі, мелі вельмі багатыя ляпныя ўпрыгажэнні. Удзяляючы дэкору палаца асаблівую ўвагу, дойліды ў цэнтральнай частцы яго параднага фасада ўвекавечылі сябе ў рэльефных выявах. На першым паверсе цэнтральную частку палаца з франтальнага боку займаў вестыбюль з цудоўнай двухмаршавай дубовай лесвіцай, што вяла на другі паверх. Пад лесвічнай пляцоўкай дзверы вялі ў вялікую квадратную залу — грот, аформленую гранітам. У закругленых вуглах грота стаялі высечаныя з каменю скульптуры рыцараў у даспехах, якія трымалі ў руках пяціканцовыя свяцільнікі з бронзы”.
Цікавым з’яўляецца і “Картаграфічны партрэт Ляхавіцкага раёна”, створаны ў 2009 годзе пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Жанны Яраславаўны Несцяровіч. Сюды ўвайшлі цыклы карт палацава-сядзібных ансамбляў раёна, культавых будынкаў і інш. Плённая работа сваятыцкіх даследчыкаў роднай зямлі адзначана на выскім узроўні, што пацвярджаюць дыпломы, атрыманыя калектывам Сваятыцкай базавай школы (у прыватнасці дыплом І ступені за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Мой край”).
Слушныя меркаванні
Усе мы ведаем, што Беларусь — краіна замкаў. Мірскі, Нясвіжскі, Лідскі, Навагрудскі, Крэўскі, Любчанскі, Гродзенскі, Быхаўскі… Іх рэстаўрацыя і аднаўленне, безумоўна, — важная справа, нездарма на дзяржаўным узроўні распрацавана і рэалізоўваецца спецыяльная праграма “Замкі Беларусі”. Аднак за вежамі нашых замкаў неяк згубіліся, можа, не такія высокія і магутныя, аднак не менш арыгінальныя і, галоўнае, турыстычна-перспектыўныя былыя шляхецкія сядзібы. Адзінкавыя прыклады аднаўлення палацаў, безумоўна, ёсць, аднак пераважная іх большасць знаходзіцца не ў самым прывабным стане: там, дзе некалі гучалі мазуркі і паланэзы, валяецца папера, бутэлькі, бітае шкло. І гэта ў лепшым выпадку. Звычайна ад былых сядзіб нам у спадчыну засталіся толькі рэшткі гаспадарчых пабудоў, а таксама высокія, разгалістыя дубы і таполі. Замкі замкамі, аднак менавіта палацы і старасвецкія паркі могуць стаць галоўнай беларускай турыстычнай “фішкай”. Так лічаць мае суразмоўцы з Тальмінавіч і Сваятычаў. Ёсць у педагогаў і цікавыя думкі наконт аднаўлення сядзіб, і да гэтых меркаванняў варта прыслухоўвацца.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.