Васіліса МАРЗАЛЮК: “Я ніколі не плыла па цячэнні”

Жыццё дзеючых спартсменаў вельмі насычанае: трэніроўкі, пераезды, зборы, спаборніцтвы… На месцы застаць іх вельмі складана. Так склалася, што з аднаго з мерапрыемстваў, якія праводзіў часопіс “Спортtime” ў Гомелі, мы вярталіся разам з вядомымі беларускімі барцамі — Васілісай Марзалюк і Дзмітрыем Валентам. Безумоўна, я не мог не выкарыстаць магчымасць паразмаўляць з маімі спадарожнікамі пра іх школьныя гады і шлях у вялікі спорт. Сёння ўвазе чытачоў мы прапаноўваем размову з чэмпіёнкай Еўрапейскіх гульняў, шматразовым прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы па вольнай барацьбе, заслужаным майстрам спорту Беларусі Васілісай Марзалюк.

— Васіліса, раскажыце, калі ласка, дзе вы вучыліся і чым запомніліся вам школьныя гады.

— Нарадзілася я ў Лагойску, а ў школу пайшла ўжо ў Заслаўі, дзе скончыла пачатковую школу. Потым мы пераехалі ў пасёлак Энергетыкаў, дзе раней жыў быцька (гады два вучылася там, а пасля да 10 класа — у 56-й мінскай школе). Затым, вырашыўшы сур’ёзна займацца спортам, паступіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву.

У адрозненне ад, ві­даць, большасці маіх сяброў, я зусім не памятаю свой пачатак навучання ў школе. Першы званок, першая настаўніца, першыя сябры — усё чамусьці сцерлася з памяці. З тых гадоў памятаю толькі тое, што я займалася бальнымі танцамі.

У прынцыпе вучылася няблага, але ў адной з чвэрцяў у 3 класе зусім “з’ехала” — адзна­кі былі вельмі дрэнныя. Справа ў тым, што тата ў той час быў вымушаны паехаць на заробкі, і я проста выйшла з-пад кантролю. Аднак потым атрымала добры наганяй і вельмі хутка сітуацыю выправіла.

— Якія школьныя прадметы даваліся лягчэй?

— Я не любіла гісторыю, таму што яна мне вельмі цяжка давалася, ды і зараз яна мяне вельмі мала цікавіць. З нейкай нагоды купіла новую кнігу Акуніна “Гісторыя Расійскай дзяржавы”. Дык вось яна ў мяне ўжо некалькі гадоў ляжыць, і я яе нават не адкрыла. Хацела нанова асвоіць гісторыю Беларусі, але яна ну ніяк мне не даецца.

Любіла рускую і беларускую літаратуру, дастаткова лёгка ішлі алгебра і геаметрыя. Ды і тады, калі паступіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву, навучанне давалася лёгка. Не скажу, што я вельмі любіла вучыцца. Мне больш падабалася атрымліваць добрыя адзнакі і рада­ваць гэтым тату, які мяне хваліў. Гэта быў самы галоўны стымул!

Потым, калі трапіла ў вучылішча, я акунулася ў зусім іншы свет. Гэта не была іншая сістэма адукацыі — гэта была іншая псіхалагічная атмасфера. Раней, у школе, мела значэнне, з якой ты сям’і — беднай ці багатай, ці ёсць у цябе нейкія матэрыяльныя даброты ў выглядзе новага адзення ці іншых атрыбутаў дастатку. Таксама звярталі ўвагу на тое, выдатнік ты ці двоечнік. У вучылішчы наш клас быў вельмі разнастайны, але ніхто ніколі не звяртаў увагі на тваё матэрыяльнае становішча (з намі вучыліся тэнісісты і хакеісты з багатых сямей) ці разумовыя здольнасці. Усе ўспрымалі адно аднаго такімі, якімі яны былі. Нават спартыўныя вынікі не мелі асаблівага значэння.

У сваёй школе я была выдатніцай, нават скончыла яе з сярэбраным медалём. Калі трапіла ў асяроддзе спартсменаў, мне было крыху страшна. У школе да маіх спартыўных дасягненняў ставіліся па-рознаму, а тут я такая, як усе. Памятаю, як аднойчы на ўроку рускай літаратуры падказвала сяброўцы (у школе мы гэта вывучалі, і я ведала тэму). Сяброўку хвалілі, а мне было прыемна, што я ёй дапамагла атрымаць добрую адзнаку. (Смяецца.)

Помніцца, вельмі запала ў душу, калі адна з настаўніц вельмі эмацыянальна сказала нам, вучням: “Мяне здзіўляе свет, у якім людзі гатовы хадзіць у музей пачвар, але ніхто не пойдзе на выставу кветак”.

Вельмі вялікі след у маёй свядомасці пакінула настаўніца анг­лійскай мовы Алена Герардаўна Рашэтнікава, якая, дарэчы, мяне не вельмі любіла. З-за чаго? Ві­даць, таму, што ў мяне не асабліва атрымлівалася (былі досыць значныя прабелы ў замежнай мове, якія мне не ўдавалася навярстаць), у той час як шмат хто ў нашым класе ўжо меў добрую размоўную практыку, часта выязджаючы на спаборніцтвы за мяжу.

— Якія веды, атрыманыя ў школе, вам спатрэбіліся ў жыцці?

— Ды многа чаго, нават школьная база той самай англійскай мовы, якую я не вельмі любіла, мне вельмі добра потым дапамаг­ла. Калі б сёння мне можна было нанова пайсці праз навучанне, я, мабыць, больш адказна ставілася б да атрымання ведаў. У прыватнасці, больш якасна вучыла б многія прадметы ўніверсітэцкай праграмы. Напрыклад, я добра ведаю анатомію, тэорыю і методыку трэнерскай работы, а вось фізіялогію і біяхімію і шэраг іншых прадметаў я б падцягнула. Сапраўды, гэтых ведаў часам не хапае.

— Ці часта атрымлівалі пакаранні за дрэнныя адзнакі або нявыкананае дамашняе заданне?

— Як такіх пакаранняў не было. Ушчувалі, канечне. І прымушалі шмат разоў перапісваць дамашняе заданне, каб было напісана чыста і без закрэсліванняў. Гэта было вельмі цяжка і нудна. Але я вельмі ўдзячна за гэта тату. Менавіта бацька займаўся маім выхаваннем — маці менш кантралявала маю вучобу.

У нас не было асаблівай сістэмы пакаранняў. Больш правільна будзе сказаць, што ў нашай сям’і была пабудавана сістэма матывацыі: напрыклад, бацька мог паабяцаць: “Калі ты добра скончыш навучальны год, мы купім табе веласіпед”. І я старалася “зарабіць” чаканы падарунак. Лічу, што гэта было абсалютна справядліва. Такім чынам, выходзіла, што я сама магла сябе пакараць — або атрымаць веласіпед, або застацца без падарунка на канец навучальнага года.

— Акрамя веласіпеда, якія падарункі яшчэ “зараблялі” такім чынам?

— Тата заўсёды быў аматарам здаровага ладу жыцця, таму сярод узнагарод за вучэбныя дасягненні былі лыжы, ролікавыя канькі і іншыя рэчы, абавязкова звязаныя са спортам.

— Такім чынам, ваша далучэнне да спорту праходзіла з самага дзяцінства?

— Канечне. Бацька шмат часу аддаваў на тое, каб мы з братам паспрабавалі сябе ў розных відах спорту. Таму, відаць, не было ні адной секцыі, у якой бы мы не пабывалі. (Смяецца.)

Шчыра кажучы, у дзяцінстве я часта крыў­дзілася на тату. Мне вельмі хацелася, каб у мяне часцей з’яўлялася новае адзен­не ці нейкія дзявочыя дробязі, але потым я зразумела, што баць­ка заняў вельмі правільную пазіцыю ў адносінах да мяне: дарыў мне шмат кніг (з гэтага пачалося маё захапленне чытаннем) і прывіў мне ціка­васць да спорту.

— З якога часу вы сталі займацца прафесійным спортам?

— Барацьбой я стала займацца, калі вучылася ў 8 класе. І тады ніхто не думаў, што гэта стане маім прафесійным заняткам: ні я сама, ні мае бацькі, ні сябры. Хаця і сяброў, па вялікім рахунку, да таго, як я пайшла ў спорт, у мяне не было (відаць, таму, што мы часта пераязджалі, а навічкоў у школе ўспрымаюць, безумоўна, інакш). Самымі лепшымі сяброўкамі сталі дзяўчаты, з якімі разам хадзіла на барацьбу.

Бацька накіроўваў мяне на вучобу, і ўсе былі ўпэўнены, што я “перахварэю” на спорт і ўсё гэта скончыцца, — у мяне папросту не верылі. Але, як бачыце, не скончылася. (Смяецца.)

— Васіліса, чаму вы пакінулі заняткі танцамі?

— Танцы… Прыгажосць, эстэтыка, грацыя… Мяне і брата выхоўваў тата, і мы сутыкнуліся з шэрагам праблем. Выбар усялякіх дзявочых штучак: касметыка, прычоскі, сукенкі, туфлікі — адназначна не для майго бацькі. (Усміхаецца.) У дзіцячым узросце мне патрэбна была ў гэтым дапамога, а тата ў гэтым мне дапамагчы не мог аніякім чынам. Да таго ж бальныя танцы, як і тэніс, патрабуюць дастаткова вялікіх грашовых укладанняў, а свабодных фінансаў у нас таксама тады не было…

Потым я спрабавала займацца сінхронным плаваннем, але не прайшла па стандарце — была занадта вялікая для гэтага спорту. (Смяецца.) Потым было фехтаванне. Калі б усё склалася ўдала, можа, я б змагла чагосьці дасягнуць у гэтым відзе спорту, але мяне расчаравала трэнер. На трэніроўках яна дала мне рапіру, паказала, што і як рабіць, і я была прадастаўлена сама сабе — было вельмі сумна, і я паха­дзіла на трэніроўкі толькі тыдзень.

У школе мне вельмі падабаліся камандныя віды спорту, але неяк у школу прыйшлі трэнеры па вольнай барацьбе Васіль Дзмітрыевіч Крэзо і Сяргей Рыгоравіч Шкрадзюк і запрасілі на трэніроўкі. Туды рынуліся многія нашы дзяўчаты. У спарткомплексе “Алімпіец” падчас першых трэніровак на дыване не было нават свабоднага месца. Праз некалькі месяцаў нас засталося толькі чацвёра, а праз некалькі гадоў — я адна.

— Якой была ваша самая першая сур’ёзная перамога?

— У 2009 годзе я выйграла чэмпіянат свету сярод моладзі. І на сённяшні дзень гэта мая самая каштоўная перамога. Для мяне яна да гэтага часу застаецца самай яркай. Тыя спаборніцтвы прайшлі для мяне як адно імгненне — лёгка не было, але была ўпэўненасць у перамозе.

— Даводзіцца чуць меркаванне, што нават самая якасная падрыхтоўка не можа даць стапрацэнтнага поспеху. Вялікую вагу мае псіхалагічная падрыхтоўка?

— Не ведаю, як у мужчын, але ў жаночым спорце гэта з’яўляецца больш значным фактарам. Ты можаш быць фізічна моцнай, спрытнай, гібкай і нерэальна тэхнічнай спартсменкай, але псіхалагічная няўстойлівасць і эмацыянальнасць могуць выбіць з каляіны і прывесці да пройгрышу. Жанчынам, на маю думку, цяжэй даецца пераадоленне барацьбы характараў і псіхалагічнага напружання.

— Жанчыны менш стрэсаўстойлівыя?

— Я б сказала, што яны больш эмацыянальныя.

— Відаць, і радасць, і эмоцыі ад перамогі таксама мацнейшыя?

— Я рэагую на перамогу досыць спакойна, але ёсць у жаночым спорце вельмі эмацыянальныя асобы. Першая алімпійская чэмпіёнка ў жаночай барацьбе ў вазе да 48 кілаграмаў (жаночая барацьба дэбютавала як алімпійскі від спорту ў Афінах у 2004 годзе) украінка Ірына Мярлені пасля пераможнага бою рыкала, як звер, такім голасам, што я нават спужалася, ад радасці і эмоцый нават заскочыла на суддзю — у гэты момант яна была мала падобна да жанчыны.

Я стараюся стрымліваць сябе, але па-за межамі барцоўскага дывана я больш эмацыянальная. Часам магу з некім пасварыцца ці раптоўна расплакацца — у жыцці я сябе ў эмоцыях не стрымліваю. У мяне не заўсёды атрымліваецца накіроўваць свае эмоцыі ў спартыўную агрэсію.

— Думаю, з вамі часта абмяркоўваюць пытанне жаноцкасці барацьбы як віду спорту.

— Сапраўды, многія лічаць барацьбу і, напрыклад, цяжкую атлетыку нежаночымі відамі, але я лічу, што гэта не зусім так. Гэта сучасна. У нашым сённяшнім грамадстве жанчына часта вымушана трымаць сябе. І справа не ў тым, што жанчына павінна сябе абараняць: барацьба выхоўвае характар. Я ўсё вытрымала, не страціла жаноцкасць і набыла моцны характар.

— Калі вам хочацца быць слабай?

— У адносінах з мужчынамі. Калі знаходжуся побач з мужчынам, мне не хочацца нічога вырашаць і бра ць ініцыятыву ў свае рукі — хочацца пабыць дзяўчынкай. Таксама ў адносінах з татам. Гэта праблема не толькі жанчыны, якая займаецца барацьбой. Гэта тычыцца многіх жанчын, якія ўзвальваюць на свае плечы мужчынскія абавязкі і трымаюць мужчынскі стыль паводзін. Потым ім з такім іміджам прыходзіцца існаваць усё жыццё, і яны скардзяцца, што іх не ўспрымаюць як жанчын. Але як ты сябе паставіш, так яно і будзе. Трэба заўсёды правільна расстаўляць прыярытэты.

— Ці любіце вы зносіны з прэсай?

— Гэта залежыць ад настрою. Бываюць такія сітуацыі, калі журналіст прапаноўвае сустрэцца і я пагаджаюся і пачынаю нават адказы на пытанні абдумваць, а раніцай магу прачнуцца і падумаць: навошта я пагадзілася на гэтае інтэрв’ю?.. Часта прыходзіцца адказваць на адны і тыя ж пытанні, і ад гэтага становіцца зусім сумна.

— Якое самае частае пытанне задаюць журналісты?

— Пра тое, як я прыйшла ў барацьбу.

— Ці бываюць непрыемныя пытанні?

— Больш за ўсё не люблю, калі нехта спрабуе даведацца пра маю сям’ю і асабістае жыццё.

Пэўны час дастаткова многа пыталіся пра маю дыскваліфікацыю за прымяненне фурасеміду. І раней для мяне гэта было вельмі непрыемна, але зараз я да такога пытання стаўлюся вельмі спакойна. Прыйшло разуменне і смеласць прызнацца самой сабе ў тым, што я зрабіла памылку, за якую паплацілася двухгадовым выбыццём з вялікага спорту. І зараз я заўсёды прыводжу сябе ў прыклад таго, што праз прымяненне забароненага прэпарату я нічога не набыла, а толькі страціла (за выключэннем, канечне, вопыту, што так рабіць нельга).

Але гэтыя два гады спартыўнага зацішша далі мне магчымасць умацаваць здароўе. Спорт амаль заўсёды звязаны з траўмамі. Дзякуй богу, мяне гэта не зачапіла, і гэты перапынак шмат у чым дапамог.

— Наколькі доўга вы думаеце заставацца ў спорце?

— На столькі, наколькі я буду сталай у сваёй галаве. Я пакуль што не лічу сябе сталым чалавекам, бо самае галоўнае для мяне і тых, хто мяне акружае, як і для кожнай жанчыны, — гэта сям’я, дзеці, баршчы і кашы. Не скажу, што гэта цалкам мяне займае, але пра гэта я задумваюся. Пайсці са спорту дзеля сям’і я пакуль што не гатова. Але ў той жа час у спорце вельмі частыя выпадкі, калі жанчыны пасля нараджэння дзіцяці вяртаюцца ў вялікі спорт. Можа, са мной будзе тое самае, пакуль не ведаю. Жыццё пакажа.

І ніхто вам праўды не скажа, чаму яны вяртаюцца ў спорт: таму што не знайшлі сябе ў жыцці ці са­праўды яны не могуць без спартыўнага азарту, адрэналіну і перамог. Праблема жыцця спартсменаў пасля завяршэння кар’еры сапраўды існуе. Многія спартсмены настолькі прывыклі да жыцця, звязанага з новымі мэтамі і іх дасягненнем, што не разумеюць, як можна што­дня ходзіць на работу, не імкнучыся да пераадолення сябе і заваявання новых выршынь, у прыватнасці ў кар’ерным росце.

— Калі б не вялікі спорт, куды б вы маглі пайсці?

— Тата заўсёды шмат сіл уклад­ваў у маю адукацыю. У дзяцінстве я любіла шыць лялькам сукенкі, а ў сачыненні па англійскай мове неяк напісала, што хачу быць хірургам, хаця на самай справе не ўяўляю сябе ўрачом — мне на гэта страшна глядзець (да гэтага часу не разумею, чаму ў сачыненні пра гэта пісала). Я ніколі не плыла па цячэнні і ніколі не падстройвалася пад абставіны — заўсёды імкнулася падстроіць абставіны пад сябе.

Я ніколі не думала, што буду ўдзель­нічаць у Алімпійскіх гульнях. Наш знакаміты вольнік шматразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Васіль­е­віч Мядзведзь быў маім кумірам нават не столькі як спартсмен, а як волат (памятаю, як падчас спаборніцтваў юных барцоў “Медзведзяня” ён паціскаў мне руку). Стаць такой, як ён, у дзяцінстве ў мяне нават у думках не было, а вось зараз усё памянялася: узнік спартыўны запал.

— Чаго б хацелася зараз дасягнуць ці рэалізаваць?

— Калі гаварыць пра спорт, то мне, як і кожнаму спартсмену, канечне, хацелася б выйграць Алімпіяду. Але я пакуль так далёка не гляджу, таму што спорт — гэта такая справа, што сёння ты на кані, а заўтра… А па-за межамі спорту, канечне, у планах стварэнне сям’і, але пакуль што я не гатова развітацца, нават часова, са спортам.

Некаторы час задумвалася пра журналістыку. Тым больш поле, на якім можна сябе паспраба­ваць, вельмі шырокае: блогі, сацыяльныя сеткі… Можа, і атрымалася б. Але я не лічу славу блогераў заслужанай. Пераважна гэтыя лю­дзі ні­дзе не вучыліся. Лічу, што перш, чым ажыццявіць нешта, трэба спачатку навучыцца гэта рабіць правільна і якасна, уклаўшы ў сябе пэўны багаж ведаў, і толькі потым выпускаць свой прадукт на шырокую публіку.

Нават у барацьбе, пра якую і ў якой, здаецца, усё ведаю, я пастаянна імкнуся да ўдасканалення, разумеючы, што мяжы дасканаласці не існуе. І на гэта настройваю свайго трэнера.

— Таму што трэнер не робіць вам заўвагі падчас трэніровак?

— Я раблю трэнеру заўвагі, што ён мне не робіць заўваг. (Смяецца.)

— Ці ёсць нешта такое, што вы маглі зрабіць, але не здзейснілі?

— Так. Гэта дзве Алімпіяды, якія я ўпусціла — ужо, магчыма, маг­лі быць медалі. Але што тут казаць: пасля бойкі кулакамі не махаюць… Самае галоўнае, што шкадаваць няма ніякага сэнсу. Нават не аб самім факце ўдзелу. У цябе было чатыры гады, і дзей­нічаць трэба было ў гэты чатырохгадовы прамежак часу, а самі алімпійскія баі — ужо больш псіхалагічны момант.

А яшчэ я не ўсім, хто гэтага заслугоўвае, сказала, што я іх люблю. Можа, некага няправільна ацаніла ці незаслужана пакрыўдзіла.

— Ці часта вы памыляецеся ў людзях, якія вам сустракаюцца ў жыцці?

— Раней было вельмі цяжка. А зараз я, відаць, навучылася ўспры­маць усіх такімі, якія яны ёсць. Мы ўсе вельмі розныя, але ўсе жывём побач, маем нейкія стасункі, узаемадзейнічаем. Ды і сама я не анёл. Шмат каму таксама прыходзіцца мяне цярпець.

— Ці ёсць у вас жыццёвыя прынцыпы, якія вы ніколі не парушаеце?

— Неяк хацела скласці уласны кодэкс. Я прый­шла да псіхолага і падзялілася з ім, што мае сяб­роўкі параілі скласці асабістую “канстытуцыю”. Псіхолаг быў крыху здзіў­лены, і я пасля размовы з ім кінула гэтую непатрэбную ідэю ў сметніцу — і без кодэкса мой бацька здолеў закласці ў мяне асноўныя жыццёвыя прынцыпы, паводле якіх я зараз жыву.

З майго 5 класа мы жылі без мамы — у маім выхаванні не было жаночага ўплыву. Многія жыццёвыя рэчы — як карыстацца касметыкай і духамі, як падбіраць уборы, як мыць і прасаваць адзен­не — я даведвалася з кніг, якія ў вялікай колькасці дарыў мне тата.

Я не лічу сябе самадастатковай асобай. Кожнаму чалавеку заўсёды ёсць да чаго імкнуцца.

Думаючы пра дзяцей, заўсёды стаўлю перад сабой пытанне: а чаму я іх змагу наву­чыць? Для мяне пакуль што гэта адна з галоўных праблем.

— Ці бачыце сябе ў будучыні на трэнерскай рабоце?

— Мне б вельмі хацелася працаваць трэнерам. Калі была дыскваліфікавана, пэўны час працавала з дзецьмі. Арганізаваць вучэбна-трэніровачны працэс для мяне не складала ніякай цяжкасці, а вось з матывацыяй і эмоцыямі не вельмі клеілася. Калі на нейкіх спаборніцтвах каманда маіх выхаванцаў прайграла, я плакала разам з імі.

У мяне ніколі не было праблемы настройвацца падчас спаборніцтваў. А падбадзёрыць сваіх навучэнцаў у мяне чамусьці не атрымлівалася. Пасля гэтага прайшло шмат часу, і дзякуючы выдатнаму трэнеру Віктару Мікалаевічу Гардзейчыку, які некаторы час са мной працаваў, я шмат што зразумела. І зараз, думаю, змагла б натхняць юных спартсменаў і знайсці да іх падыход. Але з дзецьмі складана працаваць любому педагогу і любому трэнеру.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Васілісы Марзалюк.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *