“Васілёчкі” застануцца ў іх сэрцах…

- 16:51Нам пішуць, Рознае

У Жытамлянскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна праводзіцца значная работа па выяўленні, вывучэнні, захаванні і адраджэнні мясцовых свят і абрадаў. Для гэтай мэты створаны дзіцячы фальклорны калектыў “Васілёчкі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з “Васілёчкаў” не толькі добра ведаюць песні і танцы сваіх прадзедаў, але і даносяць іх да іншых.

Не адно свята (Купалле, Вялікдзень, Масленіца), якое адбываецца ў вёсцы, не абыходзіцца без “Васілёчкаў”. За 9 гадоў існавання калектыў прымаў удзел у абрадах: “Шчодрык”, “Гуканне вясны”, “Калядаванне”, “Валакайнікі” і іншыя. Асаблівы поспех мелі “Вяселле па-жытамлянску” і “Выправы да войска”.

Добра ведаюць жытамлянскіх артыстаў у Гродзенскай вобласці, бо яны неаднаразова прымалі турыстаў на Аўгустоўскім канале. Ведаюць і ў Мінску, дзе “Васілёчкі” атрымлівалі першыя месцы на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе абрадаў “Вясенні танок”. Ведаюць нашых артыстаў і ў суседняй Польшчы, куды запрашаюць на Міжнародны фестываль “Канапелька” ў горад Кнышыш. Я сама была сведкам таго, які поспех мелі нашы артысты на гэтым фестывалі сёлета ў сакавіку. Родная беларуская мова гарманічна злілася з польскай, а “Віно зеляно” па-беларуску спявалі ўсе гледачы. Чым не наладжванне дыпламатычных сувязей?!

Дзейнасць “Васілёчкаў” была заўважана і неаднойчы асвятлялася ў перыядычных выданнях. А сёлета калектыў атрымаў ганаровае званне “ўзорны”. Кіраўніком калектыву з’яўляецца педагог дадатковага выхавання Т.А.Адамовіч. Дарэчы, Тарэса Антонаўна ў 2015 годзе за сваю дзейнасць атрымала ганаровае званне “жанчына года Беларусі”, а сёлета атрымала падзяку за працу ад міністра адукацыі М.А.Жураўкова.

Не адзін год назіраю за хлопчыкамі і дзяўчаткамі з “Васілёчкаў”, іх поспехамі, ростам і сталеннем. Упэўнена, што і пасля заканчэння школы яны нідзе і ніколі не забудуць роднай мовы, песень і танцаў, якія засталіся ім у спадчыну ад продкаў.

Лілія РАЗМЫСЛА, бібліятэкар.