Васілёк з цэглы і торт антрэме: конкурс ProfSkills Bela­rus — як гэта было

- 12:00Репортаж

Яркія эмоцыі, безліч уражанняў і радасныя сустрэчы — менавіта такой была атмасфера V Рэспубліканскага чэмпіянату прафесійнага майстэрства. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Традыцыйна арганізатара­мі чэмпіянату з’яўляюцца Міністэрства адукацыі і непасрэдна Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі.

— Конкурс ProfSkills Bela­rus — выдатная пляцоўка, дзе канкурсанты могуць прадэманстраваць свой прафесіяналізм, — адзначыў рэктар РІПА Валерый Галубоўскі. — Акрамя таго, гэта арэна для вызначэння прафесійнага выбару нашых школьнікаў, якія з цікавасцю наведваюць спаборніцтвы, знаёмяцца з сённяшнім станам прафесійнай адукацыі, яе будучыняй, бачаць выдатную сучасную тэхніку і абсталяванне, найноўшыя тэхналогіі. Чэмпіянат — гэта прыклад таго, як можна зрабіць прафесійную кар’еру і стаць сапраўдным майстрам у сваёй справе.

Сёлета канкурсанты выступалі па 49 кампетэнцыях. Іх коль­касць істотна вырасла ў параўнанні з першым спаборніцтвам. У 2014 годзе іх было толькі 20. Удзель­нікі чэмпіянату ў гэтым годзе дэманстравалі свае ўменні і прафесійныя навыкі ў такіх галінах, як будаўніцтва, аграномія, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, цырульніцкая справа, транспарт і лагістыка, машынабудаванне і многіх іншых.

Па 42 кампетэнцыях навучэнцы спаборнічалі на асноўнай пляцоўцы, а яшчэ па 7 з-за працаёмкасці кампетэнцый заданні выконваліся на іншых аб’ектах. Напрыклад, на базе Цэнтра кампетэнцый сучасных тэхналогій машынабудавання Гомельскага аўтамеханічнага каледжа канкурсанты выконвалі такарныя і фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем і дэманстравалі сваё майстэрства пры апрацоўцы дэталі.

Чэмпіянат з’яўляецца сувязным звяном паміж вытворчасцю і сістэмай прафесійнай адукацыі, аб’ядноўвае намаганні ў пад­рыхтоўцы кадраў работадаўцаў і навучальных устаноў, вызначае новыя напрамкі супрацоўніцтва. І гэта ўзнімае імідж прафесійнай адукацыі, яе значнасць у фарміраванні працоўных рэсурсаў. Партнёрамі выступа­юць многія айчынныя і замежныя вытворцы, пастаўшчыкі абсталявання, матэрыялаў, інструменту. У ліку іх — Мінскі трактарны завод, Мінскі завод колавых цягачоў, “Гомсельмаш”, “Керамін”, “Элема”, “Інтэграл”, “Камунарка”, “Барысаўдрэў”, Мінскі завод шасцерняў, Мінскхлебпрам і многія іншыя. Пачынаючы з першага чэмпіянату, фінансавую падтрымку спаборніцтву аказвае Пріорбанк.

Праходзячы па радах конкурснай пляцоўкі, цяжка сканцэнтраваць увагу на адным аб’екце, настолькі разнастайным, відовішчным, заварожваючым было выступленне ўсіх удзель­нікаў. Вось у сталяроў шпарка ідзе работа па вырабе мэблі, айцішнікі сцішыліся над стварэннем мабільнага дадатку, маляры спрытна працуць пэндз­лем, фарбуючы дзверы, афіцыянты заві­хаюцца з падносамі ў імправізаваным кафэ, фларысты складаюць неверагодныя букеты з яркіх кветак. Вось тут прахо­дзяць урокі ў пачатковай школе, а побач — гульня з дашкалятамі.

Педагагічныя кампетэнцыі ўваходзяць у склад конкурсных заданняў чэмпіянату ўжо не першы год, але для канкурсантаў Аршан­скага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Ма­шэрава і Барысаўскага дзяржаўнага кале­джа гэты конкурс першы. Усе хвалююцца. Ра­зам з тым імкнуцца ўсё рабіць як след.

Сустрэча з дырэктарам Мінскага гарадскога педагагічнага кале­джа Кацярынай Пятруцкай — добры знак, значыць, яе выхаванкі прайшлі ўсе адборачныя этапы, выйшлі на рэспубліканскі ўзровень і выступаюць па дзвюх кампетэнцыях: у кампетэнцыі пачатковай адукацыі Ганна Самусевіч, у дашкольнай — Дзіяна Байдак. Ганна прадставіла сваю самапрэзентацыю пад назвай “Я настаўнік, а гэта значыць…”

— Імкнулася паказаць, наколькі ўяўляю сябе ў педагогіцы, якім трэба быць настаўнікам, каб ву­чыць і выхоўваць дзяцей, як знай­с­ці сцяжынку да кожнага дзіцяці, — расказвала Ганна. — Я хачу пастаянна развівацца, расці, каб быць цікавай для сваіх выхаванцаў, несці ім новыя веды, уражанні, каб яны хацелі вучыцца, пазнаваць навакольны свет.

Ва ўдасканаленні прафесійнага майстэрства дзяўчыне дапамагаюць педагогі каледжа, якія заўсёды побач і гатовы дзяліцца сваім вопытам. Ганна засвойвае новыя сродкі навучання і выхавання, інфармацыйныя тэхналогіі і прадставіла на конкурсе свой асабіс­ты лічбавы сродак навучання. Дзяўчына ўдзяляе вялікую ўвагу выхаваўчаму складніку, яна распрацоўвае новыя формы работы, узаемадзеяння з бацькамі ў выхаванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі дзяцей, заснаванай на каштоўнасцях сям’і, Радзімы.

У Дзіяны Байдак — будучага выхавальніка, стаяла задача стварыць гульнявую прастору, якая б спрыя­ла ўспрыманню дашкалятамі простых жыццёвых пастулатаў, выхоўвала грамадзянскія пачуцці, знаёміла з дзяржаўнай сімволікай і нават дапамагала весці прафарыентацыю. Дзяўчына справілася.

Уладзімір Дудараў, галоўны эксперт па кампетэнцыі “Цагляная кладка” з Мінскага каледжа інавацыйных будаўнічых тэхналогій імя І.М.Жыжаля, расказаў, над чым працавалі яго падапечныя. Заданне было вельмі цяжкім і не мела аналагаў. Хлопцы павінны былі зрабіць васілёк. Далікатную кветку будучыя маляры выкладвалі з… цэглы. Гэта здаецца неверагодным, але сапраўды, гэтая філігранная работа была выканана нашымі канкурсантамі. Фасад кладкі, дзе быў выкладзены васілёк, выкананы з цэглы чырвонага колеру, а кругі арнаментнага муру парэбрыка — з цэглы саламянага колеру. Упершыню былі выкарыстаны электронныя вугламеры, што дазволіла да міліметра разлі­чыць памеры вырабу. Каб выканаць заданне, навучэнцы асвойвалі начартальную геаметрыю, чарчэнне, матэматыку, як кажуць, уключылі прасторавае ўяўленне, творчую фантазію і, безумоўна, майстэрства. Падчас ацэньвання створанай прыгажосці па ўмовах конкурсу ўпешыню былі дададзены балы за эстэтычнае ўражанне ад выкананага задання.

Выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Марына Булдык завіхалася на пляцоўцы будучых цырульнікаў. Яна вядомы ма­дэльер, эксперт, трэнер, суддзя міжнародных фестываляў прыгажосці. Марына Аляксандраўна ўдзель­нічала ва ўсіх міжнародных спаборніцтвах ProfSkills, і кожны раз яе выхаванцы атрымлівалі самыя высокія ўзнагароды. На конкурснай пляцоўцы гэтага чэмпіянату выступала яе выхаванка Настасся Раговіч. Заданне было не вельмі звыклым. Трэба было ра­біць цырульніцкую справу не проста па зададзеным малюнку, як гэта было раней. Па ўмовах сёлетняга конкурсу, былі дадзены пэўныя элементы прычоскі, стрыжкі, якія неабходна было звесці ў адзіны вобраз. У выніку трэба было ўключыць творчае мысленне. Настасся праявіла сябе як сапраўдны майстар-цырульнік.

— Я выбіраю канкурсантак па іх жаданні працаваць, імк­ненні да навізны, да модных тэндэнцый, творчага ўзлёту, натхнёных і няўрымслівых. У нас адзіны вынік — перамога, — адзначыла Марына Аляксандраўна.

Каля рабочага месца будучых кандытараў прыцянула ўвагу шкляная вітрына, дзе былі выстаўлены фантазійныя кампазіцыі з шакаладу. Нездарма гэтая кампетэнцыя называецца “Кандытарс­кае мастацтва”. Што ні выраб, то мастацкая карціна. Колькі прыгажосці і натхнення можна ўба­чыць у торце, пірожным, пячэнні, цукерцы! 

Таццяна Кабанькова, намеснік дырэктара Магілёўскага тэхналагічнага каледжа, расказала, што сёлета перад пачаткам чэмпіянату першы раз эксперты праходзілі тэсціраванне. Па некаторых кампетэнцыях быў пісьмовы тэкст, а па кандытарскай справе эксперты стваралі ўпрыгажэнні з цёмнага шакаладу для торта антрэме. Па заданні канкурсанты рабілі карамельны дэсерт маршмелоу, пясочнае пячэнне, выраблялі цукеркі з начынкамі і труфельныя. Усе навучэнцы, прадстаўнікі з усіх абласцей, выканалі заданні на самым высокім узроўні. Упершыню ў конкурсе ў гэтай кампетэнцыі ўдзельнічаў Уздзенскі дзяржаўны каледж.

Ва ўнісон з выступленнем канкурсантаў на чэмпіянаце рэалізоўвалася разнастайная дзелавая праграма.

— Важнай тэмай стала абмеркаванне новых падыходаў ва ўзае­мадзеянні заказчыкаў кадраў з установамі прафесійнай адукацыі, — расказала Юлія Сычова, першы прарэктар РІПА. — У гутарцы бралі ўдзел прадстаўнікі кіруючых органаў адукацыі нашай краіны, навучальных устаноў, а таксама інстытутаў развіцця адукацыі Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі карпарацыі “Рас­атам”. Менавіта гэтая арганізацыя забяспечвае пляцоўку кампетэнцыі па электрамантажных работах на чэмпіянатах прафесійнага майстэрства і ў цэлым мае шырокі вопыт супрацоўніцтва з адукацыйнай галіной.

Яшчэ адна дыялогавая пляцоўка звязана з укараненнем новых тэхналогій. Тэму лічбавізацыі прафесійнай адукацыі абмяркоўвалі прадстаўнікі Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі, які з’яўляецца распрацоўшчыкам рэс­публіканскага інфармацыйна-­адукацыйнага рэсурсу, а таксама ўдзельнічалі іншыя арга­нізацыі. Прадстаўнікі ўстаноў адукацыі расказалі пра ўкараненне дыстанцыйнай формы навучання і яе перавагах. Інстытут інфармацыйных тэхналогій БДУІР прадставіў праграму навучання школьнікаў у рамках працоўнага навучання па новай прафесіі наладчык праграмнага і апаратнага забеспячэння ў дыстанцыйным фармаце. Ужо праведзены зрэз гэтай работы і атрыманы станоўчыя вынікі. Расійскія калегі падзяліліся сваімі здабыткамі ў праекце “Лічбавы метадыст”.

У рамках дзелавой праграмы чэмпіянату прайшло пасяджэнне рабочай групы Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Галоўная тэма размовы — распрацоўка праекта Канцэпцыі забеспячэння якасці прафесійнай адукацыі краін СНД. Рэктар РІПА Валерый Галубоўскі прадставіў падыходы ў павышэнні якасці айчыннай сістэмы прафесійнай адукацыі.

Удзельнікі чэмпіянату, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджаны медалямі, дыпломамі, грашовымі прызамі. Найлепшым падарункам для пераможцаў стала магчымасць паступаць па льготах у профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі. Пераможцы будуць уключаны таксама ў склад нацыянальнай зборнай па прафесійным майстэрстве і змогуць прадставіць нашу краіну на міжнародным узроўні.

 Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА