Вавёрка за спорт

- 11:05Спартыўныя падзеі

У Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў з’явіўся талісман. Ім стала Вавёрка-спартсменка, распрацаваная навучэнкай сярэдняй школы № 38 Гродна Настассяй Бондар.

Конкурс “Талісман Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў” арганізавала Беларуская асацыяцыя школьнага спорту. Ён праходзіў у некалькі этапаў на працягу сакавіка — красавіка, у ім удзельнічалі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Яны распрацоўвалі эскізы, якія павінны адлюстроўваць дух спаборніцтваў, прыносіць удачу спартсменам і ствараць святочную атмасферу.

З усіх дасланых работ рэспубліканскае журы выбрала 6 фіналістаў. Іх далейшы лёс вызначалі карыстальнікі Instagram, якія ў акаўнце Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў галасавалі за самы цікавы эскіз. Усе фіналісты — дзяўчаты, трое з іх — з імем Дар’я. Сярод магчымых пераможцаў былі барсучаня Лаўрык з медалём на шыі ад Дар’і Купрэчык з Жодзіна; Вавёрка з бадмінтоннай ракеткай у лапах ад Дар’і Разук з аграгарадка Тракелі Воранаўскага раёна; Жаба з доўгімі лапамі (напэўна, добрая бягуха) ад Марыі Лукашык з Пінска; Заяц у спартыўнай форме і з валошкамі за вухам ад Веранікі Васільевай са Слоніма; Тхор-футбаліст з мячом пад пахай ад Дар’і Высоцкай з Нясвіжа і Вавёрка-спартменка ад Настассі Бондар з Гродна. Карыстальнікам больш за ўсё спадабалася работа Настассі, напэўна, таму, што мае высокую якасць малявання і паказвае талісман з трох ракурсаў.

Пераможцу ўзнагародзяць падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў у Брэсце. Першыя спаборніцтвы пачнуцца 12 чэрвеня і будуць праходзіць у Брэсце, Магілёве, Пружанах, Пінску, Баранавічах.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.