Важна быць самім сабой

- 10:52Людзі адукацыі

Магчыма, калі б мая гераіня перад паступленнем выбрала музыку, а не замежныя мовы (такія думкі былі), то аповед быў бы пра зусім іншага чалавека. Але так не здарылася, і вось яна, Лізавета Аляксееўна Герасюціна, выкладае англійскую мову ў гімназіі № 1 Ліды. Маладой настаўніцы 24 гады, таму я, у адрозненне ад яе вучняў, магу дазволіць сабе называць яе Лізай.

Ліза родам з вёскі Дворышча Лідскага раёна. Год назад яна скончыла магістратуру Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і адправілася ў Ліду на першае працоўнае месца. Дзяўчына не вельмі хвалявалася, бо ўжо мела вопыт работы ў школе.

— На кожным курсе ў нас была практыка. Асноўная педагагічная — на пятым. Мы вялі адзін урок у дзень, прапісвалі план, і гэта было вельмі цяжка. Але калі я пачала працаваць, то аказалася, што адзін урок — гэта вельмі лёгка, — дзеліцца настаўніца.

Лізавета Аляксееўна выкладае англійскую мову ў 3-х і 5—7-х класах.  Узгадваючы свой першы працоўны дзень, шчыра кажа: “Было складана”. Ён пачаўся са сходу класных кіраўнікоў (а дзяўчыне даверылі 5 “Б” клас). Было вельмі шмат інфармацыі, але калегі падтрымалі маладога спецыяліста і падказалі, на што варта звярнуць увагу, каб потым было лягчэй працаваць.

— Калі сход скончыўся, да мяне падышла дзяўчына (таксама малады спецыяліст, але яна ўжо адпрацавала год) і пачала расказ­ваць што да чаго. Увесь гэты час Вольга была маім выратаваннем, за што я ёй вельмі ўдзячная, — успамінае педагог.

Потым была першая класная гадзіна, прысвечаная Году малой радзімы. Лізавета Аляксееўна вырашыла правесці яе на беларускай мове, а дзеці вырашылі, што новую настаўніцу варта праверыць.

— Яны сказалі: “Калі вы гаворыце гэта па-беларуску, то скажыце і па-англійску”. На што я адказала: “Магу яшчэ нават і па-нямецку”. (Гэта была другая мова, якую Лізавета Аляксееўна вучыла ў МДЛУ. — Заўв.аўт.).

З класам у дзяўчыны не адразу склаліся даверныя адносіны. Дзеці яшчэ не забылі свайго мінулага класнага кіраўніка, таму былі насцярожанымі. Але з часам зразумелі, што Лізавета Аляксееўна — свой чалавек. Зараз яны пішуць ёй у сацыяльных сетках (нават каб проста спытаць, як справы), расказваюць свае сакрэты, на прафесійныя святы і дзень нараджэння рыхтуюць сюрпрызы. Як педагог змагла так арганічна ўліцца ў іх кампанію, яна і сама не ведае.

— Я чытала, што не трэба імкнуцца строіць з сябе кагосьці, калі ты выкладчык. Калі ў цябе атрымліваецца жартаваць, жартуй, калі ты сціплы, заваюй увагу дзяцей сваёй сціпласцю. Я са сваімі дзецьмі на адным узроўні. Чаму — не ведаю. Ці гэта я маленькая, ці яны дарослыя, дагэтуль не магу вызначыцца, — усміхаецца настаўніца. 

Здаецца, сакрэт добрых адносін раскрыты: не трэба ўзвышаць сябе над вучнямі. У галаве круціцца пярэчанне, што пры такіх узаемаадносінах дзеці могуць дазволіць сабе лішняга? Лізавета Аляксееўна з такім не сутыкалася. На ўроках яна, у першую чаргу, настаўніца, але не проста настаўніца, а настаўніца-чалавек. Яна можа і пажарта­ваць, і пасмяяцца, і голас павысіць пры неабходнасці. Вучні таму і цягнуцца да яе, бо Лізавета Аляксееўна жывая.

 — Дзеці заўсёды адгукаюцца на мой унутраны стан. Калі мне сумна, то яны гэта адчуваюць і пачынаюць пытацца, што здарылася, стараюцца падтрымаць. Калі адзначаецца якое-небудзь свята, то яны робяць з гэтага яшчэ большае свята, столькі прыемных слоў кажуць. Заўсёды прыемна, калі вучні здалёк мяне заўважаюць і бягуць насус­трач. Асабліва малышы любяць абдымацца, проста так. Яны становяцца навокал і абдымаюць усе разам. Быццам бы спадніца з дзяцей вырастае. У такія моманты адчуваю сябе патрэбнай і важнай, а яшчэ суперзоркай на чырвонай дарожцы.

Нягледзячы на малады ўзрост Лізаветы Аляксееўны, бацькі вучняў ставяцца да яе з павагай. Дзяўчына хвалявалася, як яны адрэагуюць, напрыклад, на яе татуіроўкі, але негатыўнай рэакцыі не было. Для бацькоў Лізавета Аляксееўна проста настаўніца, ім важна, каб іх дзеці атрымалі ад яе неабходныя веды.

Дарэчы, Лізавета Аляксееўна паспела папрацаваць настаўніцай не толькі англійскай мовы, але, у нейкім сэнсе, і нямецкай. Разам з вучаніцай 10 класа Ксеніяй Астроўскай яны стварылі навуковую работу “Сродкі перадачы сумнення ў творы  Г.Гесэ “Дэміян”. Яе прызналі лепшай на раённым узроўні.

— Калі твой вучань выступае, то настаўнік так моцна хвалюецца, што здаецца, сам бы выступіў. Ксенія прадставіла нашу работу вельмі добра. Яна гаварыла так упэўнена і апантана. Думаю, гэта склала 50% поспеху, — дзеліцца настаўніца.

Цікавыя ўрокі, шчырыя дзеці, дасягненні ў прадметным плане. Не толькі з прыемных момантаў складаецца жыццё настаўніка. Усё ж, як і ў любой прафесіі, ёсць свае складанасці.

— Самае цяжкае ў прафесіі тое, што ты не можаш сябе прысвяціць чамусьці аднаму. Трэба падрыхтавацца да ўрока, запоўніць дакументы, а хочацца ж і для сябе пажыць. Раней я думала, што работа павінна заставацца толькі на рабоце, а зараз усё больш разумею словы “быць настаўнікам — гэта прызванне”, — упэўнена педагог.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.