Важна не тое, кім быць, а тое, якім быць

Гордасць школы — гэта заўсёды вучні, якіх яна выпусціла ў жыццё. Вучні, дасягненнямі якіх можна ганарыцца. Вучні, якія вяртаюцца ў яе сцены ўжо гасцямі і становяцца прыкладам для тых, хто пакуль яшчэ толькі ў пачатку шляху ў дарослае жыццё.

Першы дзень гэтага навучальнага года надоўга запомніцца вучням і настаўнікам веткаўскай сярэдняй школы № 1 імя А.Грамыкі: на ўрачыстую лінейку ў сваю родную ўстанову завітаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. Звяртаючыся да хлопчыкаў і дзяўчынак, ён адзначыў, што старэйшае пакаленне ўскладае на іх вялікія надзеі і нагадаў, што час ляціць хутка і важна паспець усвядоміць, якую абраць прафесію. “А наогул, важна не тое, кім быць, а тое, якім быць”, — заключыў Ігар Віктаравіч.

Зразумела, у святочны дзень намеснік прэм’ер-міністра прыехаў у родную школу не з пустымі рукамі. У падарунак установа атрымала сертыфікат на абсталяванне камп’ютарнага класа і каштоўныя кнігі для школьнай бібліятэкі.

Жыццёвы шлях Ігара Віктаравіча — не толькі добры прыклад таго, што асабістай стараннасцю і плённай працай можна дасягнуць многага, а яшчэ і таго, як чалавек можа быць удзячным школе, якая яго выгадавала, і настаўнікам, якія далі веды для паспяховай будучыні. Былы вучань ніколі не забывае сваю ўстанову, па магчымасці наведваецца і абавязкова бачыцца з былымі педагогамі. Не стаў выключэннем і гэты першавераснёўскі дзень. Ігар Петрышэнка сустрэўся са сваімі настаўнікамі, ветэранамі педагагічнай працы. Разам яны пілі чай, успаміналі розныя школьныя гісторыі, цікавыя ўрокі, паход, у які аднойчы адправіліся ўсім класам, разважалі пра час сённяшні і перспектывы сучасных школьнікаў.

Паказчыкам таго, наколькі прывязаны Ігар Віктаравіч да роднай школы і наколькі цёплыя ўспаміны пакінулі гады вучобы ў яго душы, можна лічыць і тое, што, гаворачы пра ўстанову, ён нязменна выкарыстоўвае словазлучэнне “наша школа”. Гэта кранае сэрцы вучняў, служыць для іх патрыятычным пасылам.

Пасля ўрачыстай лінейкі намеснік прэм’ер-міністра прайшоўся па калідорах роднай школы і завітаў на першы ўрок у 1 клас да аднаго з самых вопытных настаўнікаў Міхаіла Валер’евіча Цалко, які ўжо амаль 30 гадоў нясе малым першыя веды.

— Сёння вы прыйшлі на самы першы ўрок у вашым жыцці, — звярнуўся Ігар Віктаравіч да малых. — Не хвалюйцеся, вас чакае шмат цікавага і карыснага, тым больш, што вам пашчасціла вучыцца ў аднаго з лепшых настаўнікаў. Слухайце яго, будзьце стараннымі і любіце сваю школу, якая навучыць вас многаму.

Веткаўская школа № 1 імя А.Грамыкі — адна з паспяховых на Гомельшчыне і адна са старэйшых у краіне: у гэтым годзе яна святкуе 150-годдзе. На працягу 20 гадоў установай кіруе Алена Новікава. Сёлета за парты школы селі 168 вучняў, 58 з якіх — першакласнікі. Першы ўрок “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…”, прысвечаны Году малой радзімы, даў старт новым пачынанням і поспехам, якія абавязкова чакаюць вучняў і настаўнікаў. А сказаныя на дарогу словы былога вучня, намесніка прэм’ер-міністра І.В.Петрышэнкі, стануць добрым стымулам для дасягнення новых вышынь.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *