Важна папярэдзіць

Гомельская санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі — установа асаблівая. Навучэнцы знаходзяцца ў ёй кругласутачна, да бацькоў адпраўляюцца толькі ў выхадныя дні і на канікулах, таму іх бяспека для педагогаў адна з найгалоўных задач.

Фота да матэрыяла: Важна папярэдзіць.Калі зазірнуць на афіцыйны сайт установы, то адразу звяртаеш увагу на тое, як шмат тут справаздач па праведзеных мерапрыемствах, накіраваных на прафiлактыку гібелі дзяцей ад знешніх прычын.

— Гэтая тэма для нашай установы глыбокая і сур’ёзная, — тлумачыць дырэктар Святлана Малай. — Што можа быць важнейшым за здароўе і бяспеку навучэнцаў? Галоўнае, своечасова і дакладна данесці інфармацыю да дзяцей, іх бацькоў, калектыву школы, і тым самым папярэдзіць усялякія няшчасныя выпадкі, бо кошт памылкі вельмі вялікі — жыццё дзіцяці.

— Актыўная прафілактычная прапаганда праводзіцца ў школе рэгулярна і мэтанакіравана, бо адзінкавыя бессістэмныя мерапрыемствы не могуць сфарміраваць устойлівыя правільныя перакананні ў падлеткаў, — дапаўняе кіраўніка намеснік па выхаваўчай рабоце Наталля Куфто. — Таму мы працуем у гэтым кірунку пастаянна, шукаем розныя формы і метады.

З навучэнцамі і бацькамі праводзяцца не проста прафілактычныя гутаркі ці лекцыі. Уся інфармацыя грунтуецца на спасылках на факты з жыцця, прыводзяцца прыклады з мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры, мастацкіх фільмаў, са сродкаў масавай інфармацыі, асвятляюцца юрыдычныя і прававыя аспекты навакольнага соцыуму. Да прафілактычнай работы прыцягваюцца супрацоўнікі міліцыі, МНС, інспектары ІСН, урачы-спецыялісты, псіхолагі, добра падрыхтаваныя да працы з пэўным узроставым кантынгентам навучэнцаў. Пры гэтым педагогі кіруюцца тым, каб навучэнцы раскрывалі свае таленты і схільнасці: дзеці ўдзельнічаюць у распрацоўцы сцэнарыяў, віктарын, вечароў, дыскатэк, тэатралізаваных прадстаўленняў.

Адміністрацыя санаторнай школы-інтэрната адзначае, што, якія б формы работы ні выкарыстоўваліся, галоўнае — пазітыўная прафілактыка, якая дазваляе сфарміраваць правільныя жыццёвыя ўстаноўкі ў прававым полі соцыуму, не запалохваючы дзяцей, інакш яны перастаюць давяраць дарослым.

Нядаўна ў рамках рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе “За бяспеку разам” у школе прайшоў Тыдзень па прафілактыцы гібелі дзяцей ад знешніх прычын. Ён складаўся з розных мерапрыемстваў: конкурсы малюнкаў, плакатаў і лозунгаў, інтэрактыўныя заняткі “Мы за жыццё ў адказе”, практычныя заняткі-інструктажы “Бяспечныя канікулы”, класныя і інфармацыйныя гадзіны, выставы, брэйн-рынг “Што? Дзе? Калі?”, а таксама сустрэча са службамі наркакантролю, медыцынскімі работнікамі ўстановы.

Асаблівай увагі заслугоўвае ўзаемадзеянне школы з пажарнай аварыйна-выратавальнай часцю № 6 Гомельскага гарадскога аддзела па НС. Як паведаміла Святлана Міхайлаўна, яе супрацоўнікі ў гэтым навучальным годзе наведалі школу ўжо шэсць разоў з мэтай правядзення прафілактычнай работы па папярэджанні гібелі дзяцей ад пажараў. Не выключэннем стала і сустрэча ў рамках тыдня. Начальнік часці сам завітаў да дзяцей, правёў з імі гутарку, а тыя, у сваю чаргу, прадэманстравалі свае веды па пажарнай бяспецы, адказваючы на пытанні.

— Калі не пераўтвараць прафілактычную работу ў нешта надакучлівае, не паўтараць назойліва адны і тыя ж словы і правілы, а прыдумляць што-небудзь цікавае, дзеці інакш успрымаюць інфармацыю, — адзначыла Святлана Малай.

Наталля ЛУТЧАНКА.