Важна выбудоўваць дыялог

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з сакратаром Савета бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым.

“Ёсць шэраг пытанняў, якія мы проста павінны абмерка­ваць з вамі. Яны вельмі важныя для далейшай нашай работы ў беларуска-расійскіх адносінах, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Думаю, нам з вамі ёсць аб чым пагаварыць, тым больш што нядаўна прэм’еры сустракаліся ў Маскве па распрацоўцы і рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве. Мы спрабуем выйсці на тое, на што можам на гэтым этапе. Але добра, што мы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. — Заўв.БелТА.) у Піцеры выразна адказалі на ўсе пытанні і паставілі задачы ўрадам, у якім напрамку нам тут трэба рухацца”.

Прэзідэнт адзначыў, што ў візіце Мікалая Патрушава ў Мінск няма ніякай надзвычайшчыны. Яго паездка была даўно запланаванай, хоць некаторыя СМІ і займаюцца канспіралогіяй на гэтай ніве. “Ён (візіт. — Заўв. БелТА.) будзе вельмі карысны для далейшага руху ў беларуска-расійскіх адносінах. Надзвычайшчыны быць не можа, таму што, ня­гледзячы на шэраг пытанняў, нават вельмі важных, дай бог, каб іншыя дзяржавы мелі адна з адной такія адносіны, якія маюць сёння Беларусь і Расія, — заявіў ён. — Таму тут ніякай канспіралогіі нават быць не можа”.

Сакратар Савета бяспекі Расіі пацвердзіў словы прэзідэнта: яго візіт у Мінск і сустрэча з кіраўніком беларускай дзяржавы — запланаваныя мерапрыемствы. “Нічога звыш­натуральнага няма. Самае галоўнае, што работа саветаў бяспекі, сапраўды, вядзецца на планавай аснове, эфектыўна, плённа. Я ўпэўнены, што так будзе і далей”, — падкрэсліў Мікалай Патрушаў.

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы зрабіў Мікалаю Патрушаву памятны падарунак, звязаны з яго службай на тэрыторыі Беларусі ў часы Савецкага Саюза: “Я вырашыў вам падарыць ваша дасье аб вашай службе і рабоце ў Беларусі ў свой час (з адкрытых крыніц вядома, што Мікалай Патрушаў у 1974—1975 гадах з’яўляўся слухачом вышэйшых курсаў КДБ у Мінску. — Заўв. БелТА.). Я разумею, што вы цэніце тыя гады. Адрасы, паролі, яўкі — усё тут. Але дзіўна: касякоў ніякіх не заўважана ў тыя гады, таму і сталі вялікім чалавекам. Думаю, вам прыемна будзе ўспомніць тыя гады”.

Мікалай Патрушаў у Мінску прыняў удзел у міжведамасных расійска-беларускіх кансультацыях па бяспецы. Раней дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась расказаў журналістам, што візіт яго расійскага калегі ў Мінск — планавая паездка, якая “ні ў якім выпадку не звязана з нейкімі міжнароднымі падзеямі”. “У нас вынесены для абмеркавання пэўныя пытанні, увогуле яны недзе карэліруюцца (з тым, што абмяркоўвалася ў Варшаве. — Заўв. БелТА.): і па стане міжнародных механізмаў кантролю над узбраеннямі, і па захаванні інфармацыйнай бяспекі. Нельга гэтыя пытанні вырашаць толькі з адным вектарам. Важна выбудоўваць дыялог менавіта з усімі ўдзельнікамі ў гэтым рэгіёне”, — адзначыў Станіслаў Зась.

Як патлумачыў па выніках размовы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў, у час размовы былі абмеркаваны пытанні змяненняў у міжнароднай і рэгіянальнай бяспецы.

“Мы з ім пагаварылі аб пытаннях стратэгічнай стабільнасці, аб тых змяненнях, якія адбываюцца ў міжнароднай і рэгіянальнай бяспецы, як іх трэба ўлічваць, якія новыя выклікі і пагрозы і які ўплыў яны аказваюць, як трэба рэагаваць на тыя дзеянні, якія робяць нашы партнёры”, — сказаў Мікалай Патрушаў.

Сакратар Савета бяспекі прывёў у прыклад выхад Злу­чаных Штатаў Амерыкі з Дагавора аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны ў пачатку 2000-х і з Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці ў гэтым годзе, а таксама заявы ЗША аб намеры размяшчаць гэтыя ракеты на Усходзе. “Перш за ўсё яны бачаць праціўнікам Кітай. Тычыцца нас гэта ці не? Вядома, Расіі гэта тычыцца, таму што тыя ракеты, якія будуць там размешчаны, дастаюць нашу тэрыторыю. Мы павінны гэта ўлічваць”, — адзначыў ён.

Мікалай Патрушаў звярнуў увагу і на пытанні, звязаныя з захаваннем бяспекі ў Еўрапейскім рэгіёне. У Румыніі ўжо разгорнуты сістэмы проціракетнай абароны, у найбліжэйшы час гэтую зброю плануецца размясціць у Польшчы. “У блоках, у якіх размяшчаецца ракета, могуць размяшчаць ударную ракету, — растлумачыў ён заклапочанасць расійскага боку. — Гэта тыя прэтэнзіі, якія мы прад’яўлялі Злучаным Штатам, і наша рэакцыя. Мы не збіраемся першымі нічога рабіць, але будзем рэагаваць на тыя выклікі і пагрозы, якія будуць абазначаны”.

Асобная ўвага ў час сустрэчы была ўдзелена барацьбе з тэрарызмам. Суразмоўнікі сышліся на думцы, што для процістаяння гэтай пагрозе неабходна аб’ядноўваць намаганні. “Вельмі важна, каб ніводная дзяржава не аказвала падтрымку тэрарыстычным дзяржавам і не выкарыстоўвала тэрарыстычныя арганізацыі ў нейкі момант у сваіх інтарэсах”, — падкрэсліў сакратар Савета бяспекі.

Ён заўважыў, што нядаўна ў Мінску адбылася міжнародная канферэнцыя “Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых узнікаючых тэхналогій”, дзе беларускі прэзідэнт агучыў шэраг прапаноў. Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, прапанаваў распрацаваць і падпісаць дагавор аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўрапейскім рэгіёне. “Мы ставімся да гэтага станоўча”, — сказаў Мікалай Патрушаў.