Важнае свята

- 11:56Аўтарскія калонкі, Меркаванне

Ігар ГРЭЧКА

 

 

 

 

 

 

 

Беларусь упершыню адзначае Дзень бацькі — вельмі важнае і патрэбнае свята.

Для кожнага сына або дачкі гэта выдатная нагода зрабіць падарунак тату, сказаць яму цёплыя словы, падзякаваць за любоў і клопат. А для кожнага таты гэта цудоўная магчымасць падумаць пра сваю ролю ў сям’і, шчыра адказаць, ці клапатлівы я бацька, ці з’яўляюся аўтарытэтам для сваіх дзяцей…

Мы з радасцю віншуем жанчын і 8 Cакавіка, і 14 кастрычніка. Але ўсё роўна ў гэтыя дні апаноўвае невялікая крыўда. Хіба мужчыны не заслужылі асобнага дня ў календары? Мы ж таксама гадуем і выхоўваем дзяцей. Ды і атрымліваць віншаванні любім не менш за жанчын. Канечне, заслужылі. Таму цудоўна, што з’явіўся Дзень баць­кі. І ўсё ж будзем шчырымі: у беларускіх сем’ях асноўны цяжар выхавання дзяцей нярэдка кладзецца на плечы жанчыны. Аднак мужчынскае выхаванне не менш значнае, асабліва для хлопчыкаў.

Я і цяпер часта ўспамінаю свае школьныя гады, нашы сумесныя з татам і братам велапаездкі на рыбалку, у грыбы. Сярод штодзённай мітусні дарослага жыцця тыя моманты ўзгадваюцца з асаблівай цеплынёй. Спа­дзяюся, мой сын, калі стане дарослым, таксама прыгадае нядаўнюю прагулку па беразе Свіслачы, адпачынак пад шатамі пажаўцелага кастрычніцкага дуба, а таксама самыя смачныя на свеце сардэлькі, якія мы смажылі на вогнішчы.

Сумесна праведзены час — галоўны сакрэт паспяховага бацькоўскага выхавання. А яшчэ прыклад. Можна бясконца гаварыць сыну пра тое, што да дзяўчынак трэба ставіцца з павагай, але калі на яго вачах ты павышаеш голас на жонку, то ўсе словы становяцца пустымі. Канечне, мы не заўсёды бываем ідэальнымі татамі, аднак імкнуцца да гэтага трэба. Важна, каб дзеці кожны дзень адчувалі нашу любоў, клопат.

Невыпадкова перыяд з 14 па 21 кастрычніка называецца Тыднем бацькоўскай любові і накіраваны на захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Вельмі важна ў гэтыя дні як мага часцей удзяляць дзецям увагу, свой вольны час. Рабіць гэта можна, напрыклад, падчас сумесных мерапрыемстваў. У кожнай установе адукацыі праходзяць конкурсы кшталту “Супертата”. Педагогі, вучні, іх бацькі адпраўляюцца ў паходы па родным краі падчас рэспубліканскай акцыі “Вандруем разам з сям’ёй”.

Магчымасцей правесці Бацькоўскі тыдзень цікава і карысна шмат. Галоўнае — праводзіць яго разам з дзецьмі. Тады абавязкова пачуем і “дарагі татачка”, і “ты ў мяне самы мужны, самы лепшы, самы любімы”. Прычым не толькі сёння, у Дзень бацькі.