Важнасць кантэнту

Тэма бяспечных паводзін дзяцей у віртуальнай прасторы будзе актуальнай да таго часу, пакуль існуе інтэрнэт. Узнімалася яна і падчас нядаўняга Рэспубліканскага педагагічнага савета. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 9 Слоніма Святлана Мікалаеўна Коваль падзялілася думкамі пра ролю і месца класнага кіраўніка ў супрацьдзеянні дэструктыўным інфармацыйным атакам на моладзь, паведаміла пра адпаведны вопыт работы сваіх калег.

Многія з нас памятаюць часы, калі яшчэ не існавала інтэрнэт-прасторы. Усё вакол было выключна рэальным: людзі, эмоцыі, прадметы, рэчы, гульні. Не было сацыяльных сетак, а значыць, і лайкаў, падпісчыкаў, “сяброў”. Не ведалі мы і што такое аватаркі, таму пры зносінах з людзьмі ў рэальным часе бачылі іх сапраўдныя твары, маглі зазірнуць у вочы, заўважалі іх міміку, маглі адчуваць, праўду нам гавораць ці не. Мы ведалі, што Пеця — гэта Пеця і ён твой аднакласнік; што Ганулька — гэта твая равесніца, а не, скажам, дарослая Ганна Іванаўна, якая на аватарку змясціла фотаздымак дзяўчынкі і адправіла табе запыт на сяброўства.

Жарты жартамі, аднак адсутнасць 100-працэнтнай упэўненасці ў тым, хто на самай справе твой віртуальны сябар, якраз і з’яўляецца адной з небяспек, што могуць чакаць дзяцей (ды і дарослых таксама) па той бок манітора. Таму, канечне, перад тым як даць дзіцяці смартфон, прадаставіць доступ у інтэрнэт, зарэгістраваць у сацыяльных сетках, і бацькам, і педагогам варта правесці хаця б кароценькую тлумачальную гутарку. Пра што гаварыць, на якія моманты звярнуць увагу — дзясяткі спасылак на карысную інфармацыю прадаставіць любы пошукавы сайт. Яшчэ адна магчымая небяспека — гэта негатыўны кантэнт, з якім мы сустракаемся даволі часта. Як дапамагчы навучэнцам адрозніць праўду ад фэйкаў, а таксама напоўніць віртуальную прастору праўдзівым і станоўчым кантэнтам, ведаюць педагогі 9-й слонімскай школы.

Заняткі школы блогера для навучэнцаў кадэцкіх класаў.

— Імклівае развіццё інтэрнэту аказвае ўплыў на фарміраванне каштоўнасных і сацыяльных норм падрастаючага пакалення. Моладзь, якая знаходзіцца ў глабальнай інфармацыйнай прасторы, зусім не абаронена ад уплыву небяспечнай дэструктыўнай інфармацыі. Педагогі, і ў першую чаргу класныя кіраўнікі, як актыўныя агенты сацыялізацыі асобы павінны садзейнічаць абароне падрастаючага пакалення ад адмоўнага ўплыву інтэрнэту, дапамагаючы выкарыстоўваць яго пазнавальныя і развіццёвыя магчымасці, навучаючы крытычна адносіцца да пастоў у сацыяльных сетках, размешчанай там інфармацыі і супрацьстаяць інфармацыйным атакам дэструктыўнага характару, — падзялілася Святлана Мікалаеўна.

З 2017 года на базе ўстановы рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры карыстальніка інтэрнэт-рэсурсамі для этычных зносін падлеткаў у сацыяльных сетках”. Класнымі кіраўнікамі вызначаны эфектыўныя формы ўзаемадзеяння з навучэнцамі, якія дазваляюць фарміраваць у іх навыкі бяспечных і адказных паводзін у інтэрнэце. Поспехам сярод падлеткаў карыстаецца школа блогера, клубы “Інфасвет” і “Імідж прафесіянала”, школьная газета “Зусім несакрэтна”, на старонках якой расказваецца аб правільным выкарыстанні сацыялізуючых магчымасцей інтэрнэт-прасторы. Дапамагаюць у рабоце рэдакцыі школьнай газеты ўдзельнікі вучнёўскай кібердружыны і анлайн-аб’яднання “Антымаветон”.

Напрыклад, школа блогера дапамагае навучэнцам правільна выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэту для самарэалізацыі і самапрэзентацыі. Па словах Святланы Мікалаеўны, напярэдадні адкрыцця школы блогера сярод вучняў было праведзена анкетаванне. Яно паказала, што з 26 апытаных толькі 13 ведалі, што такое блог, 5 змаглі растлумачыць тэрмін “блогінг”, 3 ведалі, як ствараюцца блогі ў дадатку Blogger. Амаль ні ў кога з апытаных не было вопыту вядзення блога. Многія вучні разглядаюць блог як забаўку, а не як сродак для самаўдасканальвання. Каб змяніць гэтае меркаванне, школа блогера і пачала сваю дзейнасць.

Першы набор складаўся з 16 навучэнцаў 8—9 класаў, для якіх на працягу навучальнага года заняткі праводзіліся два разы на месяц. “Мінімум тэорыі і максімум практыкі”, — менавіта такім стаў дэвіз школы. Асваенне спецыяльных камп’ютарных праграм і тэхнічных асаблівасцей стварэння блога адбывалася праз рэалізацыю падлеткамі сваіх уласных праектаў на цікавыя для іх тэмы, якія тычыліся ў тым ліку сеткавага этыкету, правіл зносін і каменціравання блогаў, выканання аўтарскага права і інфармацыйнай бяспекі. Дзякуючы школе блогера, дзеці набылі веды і ўменні для далейшага прасоўвання сваіх ідэй у сацыяльных сетках. Падлеткі пераканаліся, што інтэрнэт — гэта не толькі забаўкі, а бязмежныя магчымасці для творчага і інтэлектуальнага развіцця. Ужо на працягу першага паўгоддзя дзейнасці школы блогера дзеці асвоілі тэарэтычныя і практычныя навыкі блогінгу, навучыліся падбіраць і структураваць свой кантэнт.

“Падлеткавы ўзрост — гэта перыяд актыўных зносін, якія ўсё часцей адбываюцца не ў рэальным, а ў віртуальным жыцці. Менавіта ў папулярных сярод падлеткаў сацыяльных сетках “УКантакце”, Instagram, TikTok ідзе актыўны абмен рознай інфармацыяй як з дзецьмі з іншых частак свету, так і з тымі, каго кожны дзень яны сустракаюць у школе. Для многіх дзяцей сацыяльныя сеткі з’яўляюцца неабходнай умовай для жыцця, некаторыя падлеткі ўжо не ўяўляюць свайго існавання без інтэрнэту і недахоп зносін у штодзённым жыцці кампенсуюць у глабальнай сетцы. У той жа час інтэрнэт-рэсурсы маюць не толькі станоўчы кантэнт, часта сустракаецца адмоўны і нават небяспечны, на што якраз і рэагуюць у першую чаргу падлеткі, моладзь”, — падзялілася Святлана Мікалаеўна.

Улічваючы гэта, ініцыятыўная група навучэнцаў 9-х кадэцкіх класаў пад кіраўніцтвам Алены Мікалаеўны Абрамчык і Васіля Георгіевіча Рап’яўца стварыла групу ва “УКантакце” “Антымаветон”. Мэтай суполкі стала размяшчэнне важнай інфармацыі для розных узроставых груп навучэнцаў, пісьменнае і цікавае напісанне навін, арганізацыя анлайн-конкурсаў, анлайн-чэленджаў, актыўнае супрацьдзеянне дрэннаму тону ў зносінах паміж падлеткамі як у рэальным, так і ў віртуальным свеце. Па словах Святланы Мікалаеўны, за некалькі месяцаў існавання групы колькасць яе падпісчыкаў вырасла з 26 да 558, палова з якіх — навучэнцы 5—11 класаў. Дэвізам анлайн-аб’яднання сталі такія словы: “Наш кантэнт праўдзівы, пазітыўны, крэатыўны, матывуючы і натхняльны”. Вынікі шостага школьнага дня, інфармацыя пра мерапрыемствы праекта “ШАГ”, віншаванні з перамогамі ў конкурсах і алімпіядах, навіны пра мерапрыемствы ў класах, экскурсійныя паездкі, спартыўныя спаборніцтвы — такім з’яўляецца кантэнт, што размяшчаецца ўдзельнікамі анлайн-аб’яднання.

Мадэратарамі выступаюць два класныя кіраўнікі і двое навучэнцаў. Яны з’яўляюцца і каардынатарамі розных анлайн-конкурсаў. У групе ініцыіруецца абмеркаванне актуальных тэм і праблем, абмен думкамі, водгукамі, арганізуецца рэфлексія па выніках праведзеных сумесных спраў. А самае галоўнае — паказваюцца ўзоры этычных зносін і каменціравання размешчаных матэрыялаў. “Мы не толькі напаўняем інтэрнэт станоўчым кантэнтам, але і вучым падлеткаў этычным паводзінам у віртуальным свеце”, — адзначыла С.М.Коваль.

Як прызналася педагог, у першыя месяцы дзейнасці “Антымаветону” сярод каментарыяў навучэнцаў былі і тыя, якія даводзілася выдаляць, а з падпісчыкамі праводзіць тлумачальную гутарку. Менавіта такія выпадкі падштурхнулі мадэратараў да стварэння валанцёрскага аб’яднання “Кібердружына”. Сёння ў склад гэтай суполкі ўваходзяць 150 вучняў 7—11 класаў. У чым заключаецца сутнасць дзейнасці кібердружыны? Група актыўных вучняў імкнецца як мага хутчэй знаходзіць у сацыяльных сетках тых, хто пускае плёткі, спам, выкарыстоўвае ненарматыўную лексіку, размяшчае адмоўны кантэнт на сваіх старонках. Потым да ўладальнікаў гэтых старонак паступае прапанова выдаліць змешчаны імі негатыўны кантэнт або выйсці з патэнцыяльна небяспечнай групы, а таксама далучыцца да кібердружыны. Для папулярызацыі сеткавага этыкету праводзяцца інфармацыйныя акцыі, у групах публікуюцца цікава пададзеныя навіны з жыцця горада, школы, навучэнцаў.

Значная ўвага ўдзяляецца і відэакантэнту. Невыпадкова школьная студыя “Дзявятачка” стварыла ў YouTube свой канал. Перайсці на яго можна па спасылцы, змешчанай на сайце ўстановы адукацыі. Значная ўвага ўдзяляецца размяшчэнню кантэнту патрыятычнай тэматыкі. Так, напярэдадні
76-годдзя Вялікай Перамогі ўдзельнікамі студыі быў створаны віртуальны навігатар “На брацкіх магілах стаяць абеліскі” і відэаролік “Сыны Айчыны”, удастоены дыплома ІІ ступені Міністэрства адукацыі на рэспубліканскім конкурсе “Не цьмянее летапіс Перамог”. Для свайго новага відэакантэнту ўдзельнікі студыі “Дзявятачка” рэгулярна збіраюць матэрыялы з успамінамі ветэранаў і родных тых, хто змагаўся за Радзіму, чые подзвігі заўсёды будуць у памяці нашага народа. Кантэнт, які размяшчаюць навучэнцы 9-й слонімскай школы ў віртуальнай прасторы, накіраваны на развенчванне фэйкаў і міфаў пра Вялікую Айчынную вайну.

Па словах Святланы Мікалаеўны, паказваючы навучэнцам пазнавальныя, развіццёвыя і сацыялізуючыя магчымасці інтэрнэту, а таксама прывіваючы навыкі крытычнага мыслення, можна паспяхова фарміраваць асобу, для якой інтэрнэт стане пляцоўкай для самаразвіцця, самапрэзентацыі, самаўдасканальвання, фарміравання пазітыўнага іміджу любімай установы адукацыі, малой радзімы, сваёй краіны. І важная роля тут адводзіцца менавіта кантэнту.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.