У сярэдняй школе № 4 Салігорска Мінскай вобласці рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнтнасці ў вучняў 9—11 класаў на аснове сацыяльна-каштоўнасных адносін да вывучэння замежнай мовы”. Педагогаў радуюць змены ў стаўленні вучняў да прадмета, пераадоленне дзецьмі не толькі моўнага, але і псіхалагічнага бар’ера, а ў выніку — большая актыўнасць на ўроках, жаданне выказвацца і ўпэўненасць у сабе ў розных жыццёвых сітуацыях.
У мінулым навучальным годзе ў праекце прымалі ўдзел больш за 60 вучняў 9—11 класаў і 5 настаўнікаў англійскай мовы. Навуковымі кансультантамі выступілі загадчык кафедры педагогікi, доктар педагагічных навук, прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Фёдар Уладзіміравіч Кадол і выкладчык кафедры “Славянскія і рамана-германскія мовы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Вера Сяргееўна Багалюбская.
— Актуальнасць гэтага праекта абумоўлівае сітуацыя на рынку працы: сёння высокі сацыяльны заказ на спецыялістаў, здольных да іншамоўнай камунікатыўнай дзейнасці ў розных прафесійных і жыццёвых сітуацыях, — адзначыла каардынатар праекта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Салігорска Вольга Іванаўна Нагорная. — Наш праект мае на мэце рэалізацыю тэхналогіі сацыяльна-каштоўнаснай накіраванасці вывучэння замежнай мовы ва ўстанове адукацыі. У гэтым яго прынцыповае адрозненне. Такі падыход прадугледжвае эмацыянальна-пачуццёвае перажыванне ў вучняў і прадвызначае праяўленне іх актыўнасці ў вывучэнні мовы, аказваючы тым самым развіццёвы ўплыў на асобу. Менавіта асэнсаванне і прыняцце вучнямі сацыяльнай і асобаснай каштоўнасці ведання замежнай мовы дазваляе найбольш эфектыўна павысіць інтарэс і матываваць да вучобы.
У рамках праекта салігорскія школьнікі штогод вядуць моўныя планеры. Гэты дакумент маштабны і пастаянна дапрацоўваецца. Работа пачынаецца са складання на англійскай мове планаў на новы навучальны год. Напрыклад, вучань можа зрабіць запіс: сёлета я хацеў бы атрымаць дзевяць балаў за год па англійскай мове. Аднак проста паставіць сабе задачу, вядома ж, мала. Трэба прадумаць крокі, якія варта зрабіць для яе выканання як у школе, так і ў пазаўрочны час. Так, каб атрымаць жаданыя 9 балаў, вучань можа запланаваць наступныя дзеянні: рэгулярны прагляд відэа на YouTube па любімай тэме на англійскай мове, праслухванне песень, удзел у Тыдні англійскай мовы, дадатковае чытанне і г.д. Таксама ў планеры ёсць старонка пад назвай “Рэсурсы”, дзе кожны пазначае, якімі крыніцамі будзе карыстацца. Частка рэсурсаў з’яўляецца агульнай для ўсіх аднакласнікаў, а частку кожны падбірае сабе індывідуальна (фільмы, серыялы, кнігі, сайты і г.д.). На асобнай старонцы распісваюцца дасягненні, каб бачыць канкрэтныя крокі, якія ўжо зроблены для дасягнення пастаўленай мэты. На працягу года дабаўляюцца запісы: паўдзельнічаў у праекце, прачытаў пэўную кнігу на англійскай мове, напісаў эсэ на зададзеную тэму, штосьці мне спадабалася ці пакуль удалося не вельмі добра. Развіццю ў вучняў навыкаў эфектыўнага планавання сваёй вучэбнай дзейнасці ўдзяляецца асаблівая ўвага. Пры пастаноўцы юнакамі і дзяўчатамі SMART-мэт на навучальны год у 11 “Б” класе кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы Вольгай Мікалаеўнай Кругловай была прыменена коўчынг-тэхніка “Чатыры пытанні планавання”. Вучням было прапанавана адказаць на шэраг пытанняў: What do you want to achieve this year? How will you realise that you’ve achieved your goal? Why is it important to you? What can you do to achieve your goal? (Чаго ты хочаш дасягнуць? Як ты зразумееш, што дасягнуў сваёй мэты? Чаму гэта для цябе важна? Як ты можаш атрымаць тое, што ты хочаш?). Прымяненне такой методыкі дазволіла вучням атрымаць запатрабаваныя ў жыцці навыкі пастаноўкі мэт і планавання крокаў па іх рэалізацыі. Мы ўзялі за правіла ў пачатку новага навучальнага года вяртацца да гэтай тэмы і дэталёва аналізаваць, наколькі ўдалося рэалізаваць пастаўленыя дзецьмі мэты, ці правільнымі былі шляхі іх рэалізацыі, якія памылкі былі дапушчаны. Гэтая работа праводзіцца на англійскай мове з абмеркаваннем і абменам думкамі ў класе, што, да таго ж, спрыяе развіццю камунікатыўных навыкаў вучняў.
— Сутнасць у тым, што пры такім падыходзе дзеці не толькі асвойваюць англійскую мову, але і вучацца планаваць, сістэматычна і асэнсавана ісці да пастаўленай мэты, — дадае Вольга Мікалаеўна. — Акрамя таго, робім стаўку на развіццё ўмення будаваць зносіны, выказваць і прэзентаваць свае меркаванні і ідэі. Так што праект спрыяе выпрацоўцы важных у наш час жыццёвых навыкаў. Менавіта таму і педагогам, і вучням працаваць вельмі цікава.
На працягу 2020/2021 навучальнага года моўныя планеры выкарыстоўвалі больш за 60 вучняў: з іх 28 дзевяцікласнікаў, 14 дзесяцікласнікаў і 20 адзінаццацікласнікаў. Па выніках анкетавання, вядзенне планераў лічаць карысным 68,6% вучняў 9-х класаў, 87,7% вучняў 10-х класаў і 89,2% вучняў 11-х класаў. У сваіх адказах маладыя людзі звярнулі ўвагу на важнасць уменняў арганізоўваць свой час, планаваць, навыкаў самастойнай работы і здольнасці несці адказнасць за сваю вучэбную дзейнасць.
Складовымі часткамі планера сталі карты памяці (інтэлект-карты) і тэматычныя слоўнікі з тлумачэннем значэння лексічных адзінак на англійскай мове па пэўных вучэбных тэмах у адпаведнасці з праграмай. Дзевяцікласнікі склалі карты памяці і тэматычныя слоўнікі па 5 вучэбных тэмах: Family relationships, Interpersonal relationships, A healthy lifestyle, The world of fashion, Weather. Яны рабілі гэта пад кіраўніцтвам настаўнікаў Наталлi Канстанцiнаўны Ляшонак і Таццяны Аляксандраўны Талпекі. Вучні 11 класа распрацавалі па 8 карт памяці і тэматычных слоўнікаў па наступных тэмах: Family, Jobs, Environment, English speaking Countries, Belarus, Great Britain, National character and stereotypes, Tourism (настаўнікі Вольга Мікалаеўна Круглова і Вераніка Аляксандраўна Бебех). А дзесяцікласнікі распрацавалі па 8 карт памяці і тэматычных слоўнікаў з тлумачэннем лексічных адзінак на англійскай мове па такіх тэмах, як About myself, Accommodation, Education, Art, Youth organizations, Outstanding people, Science and technology (настаўнік Наталля Алегаўна Капітонава). Работа па стварэнні вучнямі інтэлект-карт і тэматычных тлумачальных слоўнікаў спрыяе пашырэнню слоўнікавага запасу i развіццю камунікатыўных навыкаў. Так, пры складанні слоўніка вучням прыходзілася тлумачыць значэнне новых слоў менавіта на англійскай мове з дапамогай раней вывучаных лексічных адзінак.
Карта памяці нагадвае кластар, у якім раскладзена па паліцах пэўная тэма. Напрыклад, у цэнтры напісана тэма “Беларусь”, ад яе, нібы промні, разыходзяцца падтэмы (знакамітыя людзі, традыцыі, дасягненні ў розных галінах). Такія падтэмы дапамаюць сарыентавацца, як развіць любую тэму. Да таго ж, па іх вельмі зручна пісаць эсэ, якія Вольга Мікалаеўна пастаянна задае сваім вучням. Менавіта на іх аснове і вядуцца вывучэнне пэўных тэм і падрыхтоўка да экзаменаў. Варта адзначыць, што першапачаткова такое заданне, як напісанне эсэ на англійскай мове, палохала вучняў сваёй складанасцю. Дзякуючы праекту і грунтоўнай падрыхтоўцы да напісання сітуацыя істотна змянілася. Кожны на сваім узроўні навучыўся спраўляцца з такім заданнем, а значыць, зрабіў крок наперад у сваім развіцці.
У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта для вучняў 9—11 класаў быў арганізаваны спецкурс “Замежная мова: на шляху да паспяховай сацыяльнай будучыні”. Ён таксама спрыяў вырашэнню важнай задачы — фарміраванню вучняў як суб’ектаў міжкультурнай камунікацыі. На спецкурсе імкнуліся яшчэ больш шырока прадэманстраваць маладым людзям практычную значнасць вывучэння англійскай мовы. Перш-наперш на занятках спецкурса гаворка вялася пра тое, што англійская мова патрэбна не толькі для таго, каб здаць выпускны ці ўступны экзамены. Былі паказаны ўсе магчымыя сферы прымянення гэтай мовы ў рабоце і жыцці. Размова вялася і пра тое, як мяняецца і развіваецца мова міжнародных зносін з часам, прадстаўнікам якіх прафесій неабходна ці важна яе ведаць. Яшчэ абмеркавалі шляхі пераадолення цяжкасцей у вучобе, стратэгіі авалодання іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыяй, а таксама стратэгіі самастойнага вывучэння, сучасныя сродкі і інструменты вывучэння замежнай мовы.
Заняткі праходзілі ў рознай форме. Сёлета вучням асабліва прыйшліся даспадобы дэбаты, якія, вядома ж, ладзіліся на англійскай мове. Прычым вялікая ўвага ўдзялялася яшчэ і моўнаму этыкету: уменню выслухаць субяседніка, тактоўна выказаць супрацьлеглую пазіцыю, не перапыняць іншых удзельнікаў.
— Часта даводзіцца чуць, што неабходна зняць моўны бар’ер у вучняў, — гаворыць В.М.Круглова. — На мой погляд, на справе часцей за ўсё перашкаджаюць псіхалагічны бар’ер, страх сказаць штосьці не так, зрабіць памылку. Таму дзяцей варта ўцягваць у сітуацыі актыўнага гаварэння. Гэта і дэбаты, і разнастайныя моўныя конкурсы, і праекты. Яны павінны быць не рэдкасцю для вучняў, а літаральна часткай жыцця. Тады і вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць. Упэўніліся ў гэтым чарговы раз напрыканцы навучальнага года. Звычайна выпускнікі вельмі хвалююцца, калі здаюць вусныя экзамены. Зараз жа яны трымаліся значна больш упэўнена і раскавана. Гэтаму, дарэчы, паспрыяла і тое, што на працягу года я пастаянна падкрэсліваю: “У нас на ўроках англійскай мовы няма няправільных адказаў, таму не бойцеся гаварыць. Лепш сказаць і памыліцца, чым прамаўчаць”. Мне важна, каб актыўная пазіцыя стала нормай для вучняў.
У мінулым навучальным годзе ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта на Тыдні англійскай мовы ў 9 “В” і 11 “Б” класах быў праведзены пяцідзённы марафон па сацыяльна-эмацыянальным навучанні 5-Day self-love challenge. Такую практыку педагогі салігорскай школы збіраюцца працягваць. Мерапрыемства прайшло эфектыўна і пакінула шмат станоўчых эмоцый ва ўсіх. Кожны з пяці дзён марафону быў прысвечаны пэўным заданням. Вучні абмяркоўвалі тэму развіцця эмацыянальнага інтэлекту і навыкаў кіравання сваімі эмоцыямі. Ім было вельмі цікава вучыцца думаць пазітыўна і апісваць свае эмоцыі і станоўчыя якасці. Напрыклад, неабходна было напісаць свой працяг незакончанага сказа: “Я ўнікальная (унікальны), таму што…” З радасцю вучні паспрабавалі свае сілы і ў вырабе эмодзі-закладак для кніг. Іх асаблівасць у тым, што неабходна было напісаць выразы і свае каментарыі, падабраць да іх пэўны малюнак ці смайлік.
Падчас пяцідзённага марафону школьнікі паспрабавалі нават медытацыю. Для гэтага былі створаны адпаведныя ўмовы. Гучала музыка, вучнi слухалі на англійскай мове спецыяльны запіс, маглі заплюшчыць вочы ці назіраць за малюнкамі на экране. У канцы вучні адзначылі, што хацелі б, каб сумесная медытацыя праводзілася яшчэ. Яркім момантам стала прымяненне разнастайнных тактык медыяцыі. Пры гэтым усе, вядома ж, карысталіся англійскай мовай і кожны раз у абсалютна новых, нестандартных сітуацыях. Паралельна педагогі імкнуліся накіраваць маладых людзей на пазітыўнае ўспрыманне жыцця, пераканаць, што на праблему варта глядзець не як на катастрофу, а як на выклік, з якім трэба справіцца, праявіўшы сваю крэатыўнасць. Вольга Мікалаеўна Круглова і яе калегі звяртаюць увагу на гэта не толькі на марафоне, але і падчас урочнай дзейнасці.
Таксама ў рамках Тыдня англійскай мовы прайшоў анлайн-конкурс публічных выступленняў для вучняў 9—11 класаў. Яго галоўнай мэтай было развіццё камунікатыўных навыкаў і навыкаў публічных выступленняў. Юнакам і дзяўчатам неабходна было паразважаць на тэмы, непасрэдна звязаныя з інавацыйным праектам (“Для чаго я вучу англійскую мову?”, “Англійская мова — мова міжнародных зносін?”). Такі конкурс ва ўстанове адукацыі паспеў стаць традыцыйным. Але апошнім разам было вырашана змяніць яго фармат і даволі сур’ёзна ўскладніць задачу. Вучні рыхтавалі прэзентацыі ў фармаце Pecha Kucha: 20 слайдаў аўтаматычна мяняюцца праз 20 секунд, неабходна паспець усё сказаць, пакуль не з’явіцца новы слайд. Усяго на выступленне прадугледжана 6,5 мінуты. Трэба было шмат рэпеціраваць дома, каб справіцца з такой задачай.
У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй вучнi стваралі скрынкасты — запісы свайго публічнага выступлення з экрана камп’ютара. У выніку гледачы адначасова бачылі прэзентацыю і ўнізе ў невялікім акенцы — таго, хто яе агучвае. Затым скрынкасты выступленняў удзельнікаў былі размешчаны на адукацыйнай анлайн-платформе Edmodа ў групе школьнай сеткавай супольнасці настаўнікаў англійскай мовы, дзе журы дыстанцыйна ацэньвала работы вучняў.
Вельмі важны і вопыт зносін на англійскай мове непасрэдна з яе носьбітамі. Салігорскім школьнікам прадастаўляюць і такія магчымасці. Тым больш што зараз можна рабіць гэта дыстанцыйна. Так, з лютага па май бягучага года ў рамках праекта ладзіліся анлайн-заняткі з удзельнікам праграмы акадэмічнага абмену. У наступным навучальным годзе запланаваны працяг такога супрацоўніцтва і аднаўленне анлайн-заняткаў.
Настаўнікі англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Салігорска адзначаюць: у выніку інавацыйнай дзейнасці ў вучняў у параўнанні з пачаткам рэалізацыі праекта назіраюцца павышэнне матывацыі да навучання, станоўчая дынаміка ў развіцці іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей, камунікатыўных навыкаў, навыкаў крытычнага мыслення і ўмення працаваць у камандзе.
Таццяна ШЫМКО.
Фота з архіва В.М.Кругловай.