Важныя справы, простыя рэчы

- 17:13Выхаваўчая прастора, Рознае

Навучэнцаў Князеўскай гімназіі Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці на канікулах наўрад ці застанеце дома. Дзякуючы настаўнікам, яны абышлі практычна ўвесь Зэльвенскі раён, аб’ездзілі амаль палову Беларусі, пабывалі за мяжой. З кожнай паездкі дзеці вяртаюцца з новымі ўражаннямі, поўнымі сіл адкрываць для сябе новыя куточкі краіны. Мы з вялікай ахвотай адгукнуліся на прапанову старшыні праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Анатольеўны Кліцуновай прыняць удзел у мерапрыемствах інфармацыйна-адукацыйнай кампаніі “Простыя рэчы”, якая рэалізуецца ў рамках праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё” ПРААН у Беларусі з мэтай павышэння ролі прыватнага сектара (малога і сярэдняга бізнесу) у эканоміцы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, развіцця аграэкатурызму.

Творчая лабараторыя

Дырэктар гімназіі Валянціна Аляксандраўна Семяняка і настаўніца хіміі і біялогіі Ларыса Уладзіміраўна Лабовіч былі адзіныя ў думцы, што рэалізаваць у рамках праграмы “Простыя рэчы” экалагічную адукацыйна-выхаваўчую акцыю “Зямля ў нас адна — іншай не будзе ніколі” добра было б на мясцовым матэрыяле, а менавіта на базе знакамітай аграсядзібы “Верас”. Заставалася толькі заручыцца падтрымкай яе гаспадароў — Ірыны і Міхаіла Макей. Ніхто і не сумняваўся, што Ірына Янаўна і Міхаіл Францавіч адгукнуцца на нашу прапанову: ім таксама карысны вопыт супрацоўніцтва з навучэнцамі і педагогамі. Склалі праграму правядзення акцыі, вызначыліся з удзельнікамі, заручыліся падтрымкай бацькоў і праз тыдзень узяліся за яе рэалізацыю.
Сярод членаў гімназічнага навуковага таварыства “Пошук” прайшоў конкурс-адбор, паколькі ўсім хацелася стаць удзельнікамі акцыі. Пасля таго як вызначыліся з колькасным складам (перавагу аддалі малодшай групе таварыства), педагогі разам з дзецьмі распачалі абмеркаванне мерапрыемстваў, якія можна і неабходна правесці ў межах акцыі. Непрыкметна прабеглі дні падрыхтоўкі, і вось настаў той час, калі князеўскія гімназісты накіраваліся адкрываць для сябе і для вас, калі вы чытаеце гэтыя радкі, непаўторны куточак нашай Зэльвеншчыны.

Гасціннасцю багаты

Ласкавае летняе сонца сваімі промнямі лашчыла дзіцячыя тварыкі, якія ўглядаліся ўдалячынь праз акно школьнага аўтобуса. У думках кожны з іх пераносіўся ў недалёкае мінулае, калі на Ганненскім кірмашы (візітоўцы Зэльвеншчыны) было шматлюдна каля выставы фермерскай гаспадаркі “Верас”. Людзі з цікавасцю разглядалі каваныя рэчы: цмока, якога ўтрымліваў ланцужок; карэты, ля якіх тоўпіліся дзеці і маладыя пары, каб сфатаграфавацца; кулямёт, узяты “ў палон” хлопчыкамі; сланечнікі — своеасаблівы знак-сімвал гаспадаркі…
Пад коламі аўтобуса застаўся не адзін кіламетр, а хваляванне ад сустрэчы з вядомымі на ўсю краіну гаспадарамі не пакідала юных вандроўнікаў. І вось апошні паварот з асфальтаванай дарогі на палявую, пыл доўгай стужкай цягнецца за намі, здалёк падказваючы гаспадарам, што госці вось-вось з’явяцца на парозе, пастукаюць у дзверы, скажуць звычайнае “Добры дзень!”
Размешчаная ў нізінцы аграсядзіба “Верас” паланіла сэрцы дзяцей непаўторнасцю, велічнасцю, беларускасцю, заможнасцю, сучаснасцю. Яна дала магчымасць нават нам, вяскоўцам, быццам бы ўпершыню паглядзець на тыя простыя рэчы, якія знаёмы нам з дзяцінства: плуг, сошку, касу, млын. Што ж тады казаць пра замежных гасцей?! Як у сапраўднай казцы, дарогу нам перапыніў прыгожы паўлін. Ідучы павольна, ён гэтак жа важна распусціў перад намі хвост, нібы кланяючыся, вітаючы гасцей, запрашаючы прайсці далей. Да яго далучыўся другі, трэці… Пакуль дзеці заглядалі ў хатку Бабы Ягі, гладзілі каня ля карэты, фатаграфаваліся ля паравозіка, да нас выйшла гаспадыня аграсядзібы Ірына Янаўна. Сонечная, з усмешкай на твары, яна адразу пацікавілася, як дабраліся, ці не стаміліся, ці не згаладаліся з дарогі. Вельмі абрадавалася, калі пачула беларускую мову і прапанавала прайсці ў асобны дом, у якім дзеці будуць сапраўднымі гаспадарамі.

Урокі ад Ірыны Янаўны

На імправізаванай бізнес-канферэнцыі “Увасабленне мары, або Як стаць гаспадаром слова і справы” жанчына паведаміла пра адзін з кірункаў дзейнасці фермерскай гаспадаркі “Верас” — аграэкатурызм. І каб жыццёвыя ўрокі не прайшлі дарма, яна прапанавала дзецям на працягу двух дзён адчуць сябе гаспадарамі сядзібы. А калі ты гаспадар, то і паводзіць сябе трэба па-гаспадарску: навесці парадак у доме, каля яго, у вольны ад працы час знайсці занятак па душы. Гэтай парадай і кіраваліся дзяўчаты.
Разам з памочніцай Ірына Янаўна раздала дзяўчынкам пасцельную бялізну і пад яе наглядам яны заслалі ложкі. Пасля, расклаўшы ўласныя рэчы па палічках, некаторыя з дзяўчынак узяліся праціраць пыл, падмятаць падлогу. Работу стараліся выканаць добра, каб не было сорамна перад сябрамі і гаспадыняй. Пакуль гаспадыня завіхалася на кухні (па вуліцы разносіўся такі пах, што аж казытала ў носе!), дзяўчаты з захапленнем разглядалі выставу прасаў, маслабоек, бутылёў, талерак, гладышоў, плеценага посуду. Многія з іх успаміналі, што ў бабуль і прабабуль пад страхой дома некалі бачылі падобнае. Гэтыя простыя рэчы дазваляюць нібыта вярнуцца ў тыя часы, калі ў хаце пахла сырадоем, калі гулі рукі і ныла спіна ад працы з раніцы да змяркання. У доме Ірыны Янаўны не музей, таму дзецям дазвалялася дакранацца да гэтых прадметаў. Назіраючы за князеўскімі вандроўнікамі, міжволі лаўлю сябе на думцы, што яшчэ большае задавальненне ад убачанага маглі б адчуць гарадскія дзеці.
Экскурсію па тэрыторыі аграсядзібы вырашылі перанесці на вечар, а пакуль што накіраваліся ў абедзеную залу. Спачатку Ірына Янаўна прапанавала пазнаёміцца з меню. Перавага аддаецца беларускім стравам. Гэта добра, бо беларуская кухня — гэта здаровая кухня.
Размеркаваўшы абавязкі, дзяўчынкі накіраваліся за жанчынай. У дзве рукі дзеці вытрасалі бялюткія настольніцы. Ірына Янаўна расказвала сваім памочніцам, як правільна трэба накрыць стол для гасцей, якія прыборы выкарыстаць. За шчырай размовай непрыметна прыбралі абедзеную залу, пасля накіраваліся ў залу паляўнічага. Са сцен глядзелі чучалы лясных жывёл, шкура воўка ўпрыгожвала лаўкі, рогі аленя здзіўлялі сваёй велічнасцю. У насценных нішах добра адчувалі сябе хамячкі. А якое багацце карцін! І выразаныя з дрэва, і намаляваныя алеем, яны расказвалі пра розныя гістарычныя эпохі і падзеі. Усё так гарманіравала з бела-чорным колерам і ўпрыгожаннем залы, якія вянчалі піяніна і імправізаваны алтар. Налюбаваўшыся інтэр’ерам, дзяўчынкі распачалі работу: вымелі залу, дапамаглі накрыць стол на трыццаць гасцей, расставілі посуд.
Узнагародай за работу стаў абед. З апетытам дзеці з’елі суп, клёцкі і катлеты, запілі кампотам з дамашнім пячэннем. Не забыліся пра тое, што яны не толькі госці, але і гаспадары на сядзібе, таму прыбралі за сабой посуд, акуратна вымылі яго, падрыхтавалі залу да вячэры. Пасля смачнага абеду дзяўчынкі прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні “Прырода, экалогія і мы”.

Дакрануцца сэрцам да святыні

Праграма экалагічнай адукацыйна-выхаваўчай акцыі прадугледжвала наведванне аднаго са старэйшых помнікаў зямлі беларускай — Сынкавіцкай царквы-крэпасці. Нягледзячы на тое, што дарога была не адзін кіламетр, ногі дзяцей лёгка ступалі па пясочку. Поле з жытам і кукурузай змянілася вясковай вуліцай. Дзеці, а сярод нас былі і каталікі, параўналі дарогу да царквы з дарогай, якую паломнікі праходзяць да Тракельскай святыні. Чым бліжэй мы набліжаліся да храма, тым часцей сталі трапляцца машыны, якія рухаліся з намі ў ад зін бок. Гледзячы на нумары, разумелі, што людзі з розных куточкаў Беларусі еду ць, каб памаліцца ў Божым храме, каб прыкласціся да ікон, якія даюць надзею. Удзячнасцю за папраўку становяцца ахвяраванні залатых упрыгажэнняў, якія змяшчаюцца за шкляным абрамленнем іконы. І, мяркуючы па тым мностве прынашэнняў, можна канстатаваць аб цудатворнасці сынкавіцкай іконы.
Яшчэ здалёк царква выклікала ў нас розныя пачуцці. А калі падышлі бліжэй, проста дух заняло ад велічнасці, масіўнасці, старадаўнасці, прыгажосці храма. Дакрананне да святыні было б няпоўным, калі б мы не пабывалі ля святой крынічкі. З якім клопатам уладкавана гэтае месца! Хто стаміўся, можа прысесці на шматлікіх лавачках, схавацца ад сонечных прамянёў ці дажджу пад страхой альтанкі. Абмыўшы твары святой вадой, якая нібы выходзіць з мініяцюрнай царквы, дзеці набралі вады дадому.

Пяць карысных спраў

Вярнуўшыся да ветлівых гаспадароў у “Верас”, мы атрымалі запрашэнне на вячэру. Здавалася, беларуская бульба — часты госць на стале нашых юных вандроўнікаў. Аднак, прыгатаваная клапатлівымі рукамі Ірыны Янаўны і яе памочніц, палітая тлушчам ад смажанай, пальцам піханай каўбаскі, са свежапрыгатаваным салатам з капусты, агурка, аздобленым кропам, не пакінула абыякавым нікога. Нагуляўшы добры апетыт, дзеці з задавальненнем з’елі і па кавалачку пірага.
Здавалася, што насычаны на падзеі дзень пакліча дзяцей у ложак. Аднак, удзячныя за цёплы прыём, дзяўчаты выказалі жаданне дапамагчы гаспадыні паліць кветкі, прапа-лоць і прарыхліць клумбы, падмесці сцежкі. Нашы дзяўчаты любяць працаваць! Каб справа ішла весялей, яны агучвалі планы на наступны год, калі зноў завітаюць у госці да “Верасу”. Незаўважна праляцеў час, усё з запланаванага было выканана.
Гасцявы дом мала чым адрозніваўся ад гасцініцы. Гаспадары да драбніц прадумалі абсталяванне і афармленне пакояў. Здаецца, вытрыманыя ў сучасным стылі прадметы (адна- і двухмесныя ложкі, ВК-тэлевізары, мікрахвалевыя печкі, чайнікі, душавыя кабінкі, гарачая і халодная вада, санвузел) усё ж такі неслі вясковы каларыт: з густам размешчаныя старадаўнія рэчы, тканыя дываны і палавікі, насценныя шафы. А дзеці нават і не думалі скарыстацца рэчамі цывілізацыі: забыліся пра мабільныя тэлефоны і планшэты, тэлевізар. Вечар быў прысвечаны ўспамінам і вызначэнню самага цікавага і непаўторнага месца аграсядзібы.

Новы дзень

Першыя сонечныя промні зазірнулі за фіранкі дзесьці каля 5 гадзін раніцы. Паўліны крыкамі абвясцілі аб пачатку новага дня. На вуліцы чутны крокі вартаўніка, які пачаў займацца гаспадаркай. Дзецям хацелася застацца ў гасцях яшчэ не на адзін дзень, аднак гаспадыні трэба рыхтавацца да прыёму новых гасцей. Дзяўчынкі зноў выклікаюцца дапамагчы: хуценька здымаюць пасцельную бялізну, засцілаюць ложкі новай, выбіваюць палавічкі, падмятаюць падлогу, праціраюць пыл. Дзесяць пар дзіцячых рук спрытна спраўляюцца з работай. Некалькі хвілін — і ўсё гатова. А гаспадыні аграсядзібы патрэбна было б адвесці на гэтую работу значна больш часу.
Пакуль наводзілі парадак у пакоях, быў прыгатаваны сняданак з беларускім каларытам. Смажаныя яйкі з уласнага куратніка, шкваркі з каўбаскай, тваражок і аўсяная каша з мёдам і варэннем — вы яшчэ не паспелі зрабіць выбар, а дзеці са смакам дэгустуюць самую здаровую і карысную ежу.
Атрымаўшы зарад бадзёрасці, дзеці накіраваліся выконваць адно з самых цікавых заданняў акцыі: знайсці самае памятнае непаўторнае месца на тэрыторыі аграсядзібы, каб спыніць момант аб’ектывам фотакамеры. Фотаконкурс “Гэтая зямля твая і мая” выклікаў шмат эмоцый. Вызначыцца толькі з адным эпізодам дзецям было складана. Што з гэтага атрымалася, можна даведацца, зазірнуўшы на сайт Князеўскай гімназіі.

Вольга НАРУШ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Князеўскай гімназіі.
Фота аўтара.