Вэб-настаўніцкая — у дапамогу педагогам Гомельшчыны

- 10:21Інфармацыйныя тэхналогіі

Абласны клуб “Зорнае крыло”, які аб’ядноўвае педагогаў, удзельнікаў конкурсаў прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, правёў пашыранае пасяджэнне ў рэжыме відэаканферэнцыі. У час прадоўжаных канікул педагогі маглі больш часу ўдзяліць самаадукацыі. Актуальнай сёння з’яўляецца арганізацыя індывідуальнага адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем ІКТ. Абмеркаванню магчымых мадэлей дыстанцыйнага ўзаемадзеяння, найбольш эфектыўных сродкаў, рэсурсаў, магчымых праблем, з якімі могуць сутыкнуцца настаўнікі, пошуку рашэнняў гэтых праблем было прысвечана чарговае пасяджэнне клуба.

Пляцоўкай для правядзення вэбінара была выбрана распрацоўка беларускіх праграмістаў — сэрвіс Meet.naveksoft.com, які дазваляе праводзіць бясплатны вэбінар з удзелам да 50 чалавек, дэманстраваць прэзентацыю, мець зносіны з дапамогай чата. Рэсурс просты ў выкарыс­танні, не патрабуе рэгістрацыі. ­Удзельнікі канферэнцыі — гэта настаўнікі, адміністратары сельскіх і гарадскіх школ, гімназій, супрацоўнікі Гомельскага ІРА, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Калегі падзяліліся вопытам выкарыстання розных электронных адукацыйных платформ, прапанавалі разнастайныя мадэлі ўзаемадзеяння педагогаў з дзецьмі, якія засталіся дома.

Усе ўдзельнікі пагадзіліся з ідэяй, што кожная ўстанова пры выбары той ці іншай мадэлі павінна ацаніць свае рэсурсы, чалавечыя і тэхнічныя, а таксама тэхнічныя сродкі, якімі можа карыстацца навучэнец, што адсутнічае ў школе. Педагогі выказалі ўпэўненасць: найбольш мэта­згодным бу­дзе выкарыстанне ўжо створаных Viber-груп, груп “УКантакце”, электроннай пошты і г.д., дзе настаўнік (класны кіраўнік) зможа размяш­чаць кароткі канспект вучэбных заняткаў з зазначэннем тэмы, мэты, спасылак на тэарэтычны матэрыял, практыкаванні, тэсты, пытанні для самакантролю, рэсурс для зваротнай сувязі. Калі да вучэбных заняткаў падрыхтавана прэзентацыя, відэаролік, канспект павінен змяшчаць гіперспасылку на іх. Навучэнцы, займаючыся самастойна, могуць вывучаць тэарэтычны матэрыял, выконваць практыкаванні, фатаграфа­ваць іх, адпраўляць у групу, створаную настаўнікам. Да таго ж можна выкарыстоўваць QR-коды для арганізацыі зваротнай сувязі, размясціўшы, напрыклад, тэсты, пытанні для самакантролю ці рэфлексіі.

Дырэктар сярэдняй школы № 10 Жлобіна Алег Анатольевіч Купрацэвіч падкрэсліў знач­насць зваротнай сувязі ва ўмовах самастойнага навучання, а таксама неабходнасць вызначыць час, скласці графік індывідуальных кансультацый для бацькоў і дзяцей, бо ў іх абавязкова будуць узнікаць пытанні.

На думку намесніка дырэ­ктара гімназіі № 51 Гомеля Вольгі Аляксандраўны Кісловай, магчымасць правядзення відэатрансляцыі праз вэб-камеру з мэтай стварэння эфекту прысутнасці на ўроку — самы аптымальны, але, на жаль, не агульнадаступны спосаб арганізаваць заняткі. Усе іншыя мадэлі павялічваюць нагрузку на настаўніка, бо ён павінен правесці вучэбныя заняткі для тых, хто прыйшоў у школу, а потым забяспечыць навучанне тых, хто застаўся дома. Без выкарыстання ІКТ у гэтым выпадку не абысціся. Разумеючы гэта, многія педагагічныя калектывы сталі асвойваць найноўшыя распрацоўкі ІТ-кампаній для арганізацыі дыстанцыйнага ўзаемадзеяння.

Члены клуба, творчыя, неабыякавыя педагогі, якія маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, вырашылі, што могуць выкарыстоўваць свой патэнцыял для дапамогі іншым настаўнікам вобласці. Падчас пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі прыйшлі да высновы, што для мінімізацыі дадатковай нагрузкі на педагога неабходна знайсці аптымальную форму прадстаўлення вучэбнага матэрыялу, нейкі канспект (яго педагог павінен мець да кожных вучэбных заняткаў), які зможа выкарыстоўваць настаўнік на ўроку, а таксама які будзе зразумелы навучэнцам, што займаюцца самастойна дома, і іх бацькам.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава старшыня клуба “Зорнае крыло” Алена Аляксандраўна Ананчыкава прапанавала форму гэтага канспекта і назву — маршрутны ліст. Прарэктар Гомельскага ІРА Вольга Аляксанраўна Блажко стала ініцыятарам стварэння на базе сайта інстытута вэб-настаўніцкай, дзе бу­дуць размешчаны маршрутныя лісты па ўсіх вучэбных прадметах для ўсіх класаў у адпаведнасці з КТП на чацвёртую ­чвэрць. Маршрутныя лісты ці спасылкі на іх можна размясціць на сайце ўстановы адукацыі як расклад з інтэрактыўнымі спасылкамі (дарэчы, выкарыстанне сайта ў гэтых мэтах рэкамендавана і Нацыянальным інстытутам адукацыі). Хтосьці з настаўнікаў зможа выкарыстоўваць маршрутныя лісты цалкам, хтосьці возьме за аснову, хтосьці зможа выкарыстоўваць некаторыя структурныя элементы. Безумоўна, яны палегчаць работу педагогаў пры рабоце з новай формай у педагагічнай дзейнасці — навучаннем на адлегласці.

У дапамогу педагогам вэб-настаўніцкая змяшчае прэзентацыі, якія навучаюць выкарыстанню ІКТ, мабільных дадаткаў, карысныя спасылкі на гатовыя рэсурсы, а таксама дадатковыя, якія можна выкарыстоў­ваць пры стварэнні канферэнцый, QR-кодаў, прэзентацый, відэаролікаў, уласных маршрутных лістоў (у тым ліку на відэафрагменты, створаныя нашымі калегамі з Гродна).

Да работы над напаўненнем вэб-настаўніцкай матэрыяламі падключыліся настаўнікі-метадысты, педагогі, якія працу­юць творча. Першыя маршрутныя лісты былі размешчаны ўжо ў пятніцу. Гэта сведчанне таго, што педагагічны калектыў Гомельскай вобласці — моцная, прафесійная і надзейная каманда аднадумцаў, а таксама прафесійны адказ тым, хто ­сцвярджае, што настаўнікі краіны не гатовы да рэалізацыі ідэй навучання на адлегласці.

Вольга БЛАЖКО,
прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.