Вэб-сэрвісы для мадэлявання маналагічнага выказвання

- 14:41Адукацыйная прастора

Падрыхтоўка навучэнцаў да вырашэння камунікатыўных задач ва ўмовах глабалізацыі немагчыма без навучання маналагічнаму маўленню. Сучаснаму чалавеку вельмі важна ўмець правільна будаваць сваё вуснае выказванне і пераканаўча абараняць уласную пазіцыю.

У педагогіцы праблему развіцця лагічнай пабудовы выказвання эфектыўна вырашае традыцыйны сродак арганізацыі адукацыйнага працэсу — выкарыстанне лагічных апор, ментальных карт, схем. Аднак навучанне маналагічнаму маўленню стане больш эфектыўным, калі будзе праходзіць з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

У сваёй рабоце я спалучаю лагічныя апоры, ментальныя карты з выкарыстаннем вэб-сэрвісаў як сродкаў лічбавай адукацыйнай тэхналогіі.

Навучэнцы самастойна працуюць з вэб-сэрвісамі, ствараючы апоры, ментальныя карты ці схемы пры падрыхтоўцы да мадэлявання маналагічнага выказвання.

У традыцыйнай методыцы навучання замежным мовам вылучаюць два асноўныя шляхі развіцця такога ўмення, як гаварэнне, — навучанне на аснове тэксту і пакрокавае навучанне. У кожнага шляху ёсць тры этапы развіцця гаварэння. На кожным этапе я прапаную выкарыстоўваць вэб-сэрвісы для арганізацыі самастойнай дзейнасці навучэнцаў пры падрыхтоўцы да маналагічнага выказвання.

На этапе асэнсавання новай інфармацыі пры навучанні маналагічнаму маўленню па маналогу-ўзоры фарміруюцца навыкі гаварэння на ўзроўні фразы. Выкарыстоўваецца вэб-сэрвіс lucidchart.com. Навучэнцы самастойна складаюць блок-схемы моўных клішэ і, выкарыстоўваючы іх у далейшым, дэманструюць уменні маналагічнага маўлення на ўзроўні беспамылковых фраз. Так, пры вывучэнні ў 8 класе камунікатыўнай сітуацыі “Новы год — новыя надзеі” прапаную навучэнцам скласці блок-схему “10 спраў на Новы год”. Працуючы з тэкстам, кожны навучэнец, зыходзячы са свайго ўзроўню ведаў і ўменняў, выбірае словазлучэнні, падае іх у выглядзе блок-схемы на lucidchart.com і, выкарыстоўваючы ў далейшым выбраныя словазлучэнні, дэманструе ўменні маналагічнага маўлення на ўзроўні беспамылковых фраз.

На павышаным узроўні навучання дзецям прапануецца абмяняцца блок-схемамі і скласці сказы са словазлучэнняў блок-схемы партнёра. Падрыхтаваныя карткі навучэнцаў з блок-схемамі, напоўненымі лексічным матэрыялам вучэбных заняткаў, можна раздрукаваць і выкарыстоўваць на этапе паўтарэння і замацавання вывучанага матэрыялу.

Мэтай другога звышфразавага этапу ўдасканалення навыкаў маналагічнага маўлення з’яўляецца пабудова лагічнага і паслядоўнага маналагічнага выказвання. Для рэалізацыі гэтай мэты выкарыстоўваюцца вэб-сэрвісы coogle.it, cacoo.com, smartdraw.com і традыцыйная арганізацыя адукацыйнага працэсу праз пабудову ментальных карт. Такі прынцып работы дазваляе навучэнцам авалодаць пазнавальнымі ўніверсальнымі вучэбнымі дзеяннямі (аналізам, параўнаннем, сінтэзам, абагульненнем, класіфікацыяй, вызначэннем прычынна-выніковых сувязей) праз выкарыстанне лічбавай адукацыйнай тэхналогіі. Так, пры вывучэнні ў 8 класе камунікатыўнай сітуацыі “Звычаі і традыцыі Рэспублікі Беларусь і краін мовы, якая вывучаецца” прапаную навучэнцам скласці зрокавую апору “Аповед пра Вялікабрытанію” з выкарыстаннем розных вэб-сэрвісаў.

Кожны навучэнец выбірае той вэб-сэрвіс, з якім яму лягчэй працаваць пры падрыхтоўцы да вуснага выказвання. Рэалізоўваецца асобасна арыентаваны падыход праз прынцып выбару. Выбар пры падрыхтоўцы да гаварэння паміж рознымі інтэрнэт-рэсурсамі матывуе школьнікаў да самастойнай арганізацыі маўленча-разумовай дзейнасці праз лічбавую адукацыйную тэхналогію.

Усе складзеныя пры дапамозе вэб-сэрвісаў апоры можна праглядаць у поўнаэкранным рэжыме як прэзентацыю. Можна падзяліцца сваёй работай з аднакласнікамі праз спасылку ці ўстаўку схемы на інтэрнэт-старонку, зрабіць скрыншот апоры і выкарыстоўваць у далейшым пры падрыхтоўцы да праекта па тэме маналагічнага выказвання.

Працуючы на другім этапе навучання маналагічнаму маўленню, я выкарастоўваю такія заданні, як “Стварыце вэб-апору для аповеду пра асаблівасці жыцця ў Вялікабрытаніі”, “Прааналізуйце асаблівасці геаграфічнага становішча Вялікабрытаніі і Беларусі, выкарыстоўваючы вэб-апору”, “Параўнайце навагоднія традыцыі Вялікабрытаніі і Беларусі з дапамогай вэб-апоры”.

Мэтай трэцяга этапу навучання маналагічнаму маўленню з’яўляецца разгорнутае маналагічнае выказванне. Выкарыстоўваючы створаныя вэб-апоры, навучэнцы беспамылкова, лагічна і паслядоўна выкладаюць змест тэксту, які мае высокую ступень інфарматыўнасці, што прадвызначае каштоўнасць маўленчых выказванняў. У далейшым адпрацаваныя на ўроку моўныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пры самастойным мадэляванні ўласных выказванняў.

Працуючы на заключным этапе навучання маналагічнаму маўленню на аснове тэксту, я прапаноўваю такія заданні, як “Складзі аповед па вэб-апоры аднакласніка”, “Перакажы тэкст, выкарыстоўваючы вэб-апору, у драматычным жанры”.

Другі шлях развіцця ўменняў маналагічнага маўлення — пакрокавае навучанне. Ён прадугледжвае наступныя этапы:

  • сціслыя выказванні кожнага навучэнца па тэме, якая абмяркоўваецца, на аснове раней вывучанай інфармацыі на роднай і замежнай мове;
  • этап канкрэтызацыі, удакладнення і дапаўнення матэрыялу, што спрыяе павелічэнню аб’ёму выказвання кожнага навучэнца;
  • этап самастойнага разгорнутага выказвання (у прамову ўключаюцца элементы ацэнкі, аргументацыі, характарызуюцца прычынна-выніковыя адносіны).

Мэта першага этапу пакрокавага навучання — усведамленне навучэнцамі камунікатыўнай задачы, падахвочванне да прагназавання тэмы абмеркавання. Для рэалізацыі гэтай мэты выкарыстоўваюцца вэб-сэрвісы tagul.com, wordle.net, wordittout.com, imagechef.com, пры дапамозе якіх ствараюцца воблакі слоў.

Пры рабоце з сэрвісам “Воблака слоў” прымяняюцца такія камунікатыўныя заданні, як “Выкажыце свае адносіны да прыказкі, якая тут зашыфравана”, “Знайдзіце лішнія словы і растлумачце свой выбар”, “Раскажыце пра сваё школьнае жыццё, выкарыстоўваючы воблака слоў”, “Расшыфруйце выказванне і скажыце, пра што пойдзе гаворка на ўроку”.

Мэтай другога этапу пакрокавага навучання з’яўляецца павелічэнне лексічнага матэрыялу, які прадукцыйна засвойваецца, канкрэтызацыя, дапаўненне і структураванне маналагічнага выказвання. Навучэнцы дапрацоўваюць свае вэб-апоры, створаныя ў сэрвісах coogle.it, cacoo.com, smartdraw.com, дабаўляючы новую лексічную інфармацыю.

Рэалізацыя трэцяга этапу пакрокавага навучання, накіраваная на развіццё ўменняў маналагічнага маўлення, адбываецца праз арганізацыю праектна-даследчай дзейнасці навучэнцаў і вэб-сервісу wikiwall.ru. Выкарыстоўваючы віртуальную інтэрактыўную дошку, навучэнцы сумесна ствараюць праект. На старонцы можна размяшчаць тэкставыя фрагменты, выявы, відэа. Кожны падбірае матэрыял па сваёй праблеме, прадумвае сродкі вызуалізацыі і змест вуснага выступлення. У вэб-сэрвісе wikiwall.ru няма архіва створаных газет, таму можна захоўваць спасылкі ў блогу ці на старонках сацыяльных сетак. Роля настаўніка на гэтым этапе — быць мадэратарам праекта. Так, пры абагульненні вывучанага матэрыялу ў 8 класе па тэме камунікатыўнай сітуацыі “Звычаі і традыцыі Рэспублікі Бедарусь і краін мовы, якая вывучаецца” прапаную навучэнцам стварыць для маналагічнага выступлення праекты “Што мы ведаем пра Вялікабрытанію?” і “Што мы ведаем пра Беларусь?” з выкарыстаннем вэб-сэрвісу wikiwall.ru.

Клас дзеліцца на групы. Навучэнцам прапануюцца такія заданні, як “Раскажыце пра памятныя даты і традыцыі”, “Апішыце народнае свята”, “Парэкамендуйце наведаць культурнае мерапрыемства”.
На этапе праверкі дамашняга задання навучэнцы прадстаўляюць абарону свайго праекта з дапамогай інтэрактыўнай дошкі, якая працуе ў рэжыме анлайн.

Калі ўзнікаюць цяжкасці з паняццем інтэрфейсу праграмы, то неабходна памятаць, што на платформе YouTube пададзена многа відэаўрокаў, якія вучаць рабоце з вэб-сервісамі. Навучэнцы самастойна знаёмяцца з відэаінструкцыяй і ў далейшым паспяхова ствараюць праекты для развіцця ўменняў маналагічнага маўлення.

Аксана ЛОЙ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 15 Мінска.