Вечар, калі здзяйсняюцца мары

- 10:10Адукацыйная прастора

У Віцебску адбыўся абласны навагодні баль для навучэнскай і студэнцкай моладзі з удзелам кіраўніцтва рэгіёна. 

Запрашэнне на свята атрымалі 43 пары найлепшых студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, навучэнцаў Віцебскага і Полацкага кадэцкіх вучылішчаў, Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Сярод удастоеных гонару быць удзельнікамі — імянныя стыпендыя­ты, выдатнікі вучобы, члены Маладзёжнай палаты горада Віцебска, удзельнікі рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года”, лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу маладых вучоных, прызёры алімпіяд, міжнародных канферэнцый, конкурсаў і спаборніцтваў, спартсмены, актывісты БРСМ, маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, валанцёрскага і студатрадаўскага руху. 

Віцебшчына — край блакітных азёр, а васілёк — адзін з пазнавальных брэндаў рэгіёна. Невыпадкова сёлетні навагодні баль набыў адметны васільковы каларыт, што прысутнічаў у афармленні залаў, выстаў і фотазон, выразна прасочваўся ўсюды — ад уваходнай аркі ў рэстаран, навагодніх цацак і гірлянд да ёлак і шматлікіх дэкаратыўных кампазіцый. Сімвал Беларусі, творчага пачатку і “Славянскага базару ў Віцебску” расцвіў нават на аксесуарах і ўборах: спецыяльна для ўдзельнікаў і ганаровых гасцей балю ў Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжы вырабілі прыгожыя васільковыя бутаньеркі і эксклюзіўныя маскі. 

— Вельмі прыемна бачыць такіх маладых людзей, якія многага ўжо дасягнулі ў сваім жыцці. Вы таленавітыя, разумныя, юныя: у вас усё лепшае яшчэ наперадзе, — віншуючы моладзь з надыходзячым Новым годам і Калядамі, падкрэсліў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Ула­дзімір Пенін. — Перш за ўсё хочацца пажадаць вам здароўя. Няхай сённяшні пераднавагодні вечар падорыць цудоўную казку і спраўдзіць жаданні. Трэба, каб вы кантактавалі, знаёміліся і сябравалі. Каб вучыліся, марылі і любілі, стваралі новае, ра­зам задумвалі і здзяйснялі добрыя справы. Стаўце перад сабой смелыя амбіцыйныя мэты. Не верце, калі яны здаюцца недасяжнымі, — імкніцеся да росту і развіцця, працуйце настойліва — тады зможаце пакарыць самыя вялікія вяршыні. Заставайцеся патрыётамі Айчыны і роднай Віцебшчыны. Толькі ад вас залежыць будучыня. Якімі станеце вы, такой будзе наша краіна. Шчасця, дабрабыту і ўсяго найлепшага!

Зала звінела песнямі, іскрылася музыкай, ззяла агнямі і ўсмешкамі. Дамы і кавалеры ў элегантных уборах дэманстравалі вытанчаныя манеры, бездакорна лёгка кружыліся ў чароўных рытмах паланэза, вальса, кадрылі, полькі, падэпатынера. Складана было паверыць, што многія з юнакоў і дзяўчат маюць апублікаваныя па выніках даследаванняў артыкулы ў айчынных і замежных навуковых выданнях, з’яўляюцца майстрамі спорту, камандзірамі аддзяленняў і віцэ-сяржантамі, здзейснілі не адзін скачок з парашутам. Дарэчы, па словах прадстаўнікоў Віцебскага кадэцкага вучылішча, гэта было крыху менш хвалююча, чым танцаваць на балі.  

Класічную частку ўрачыстасці ў суправаджэнні Сімфанічнага аркестра Віцебскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Ула­дзіміра Бяляўскага дапоўнілі выступленні салістаў філармоніі, заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля класічнага танца “Піруэт” і іншых творчых калектываў. Прыемны дадатак да навагодняга балю — гульнявыя забавы, паўдзельнічаць у якіх запрасілі Дзед Мароз і Снягурка. Завяршылі свята абмен навагоднімі падарункамі, святочны фуршэт, феерверк і агульнае фота на памяць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.