Ведаць кітайскую мову — прэстыжна

- 12:07Навіны рэгіёнаў

Навучэнцы магілёўскай гімназіі № 3 усур’ёз захоплены вывучэннем кітайскай мовы. Ва ўстанове на працягу двух гадоў праводзяцца адпаведныя гуртковыя заняткі. З нядаўніх часоў магчымасці для асваення мовы Паднябеснай у дзяцей сталі больш шырокія. У гімназіі адкрыўся спецыялізаваны клас Канфуцыя.

— Напэўна, перспектывы, якія адкрываюцца перад тымі, хто будзе ведаць кітайскую мову, і павышаюць цікавасць нашых гімназістаў і іх бацькоў да заняткаў. У мінулым навучальным годзе гурток наведвалі 130 дзяцей, сёлета іх колькасць узрасла да 250 чалавек, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Лілія Грамыка.

Адкрыццё спецыялізаванага класа дазволіла гімназіі далучыцца да міжнароднага праекта — глабальнай сеткі інстытутаў Канфуцыя па ўсім свеце. Гэтая падзея прадаставіла дадатковыя магчымасці для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія імкнуцца авалодаць кітайскай мовай. Цяпер урокі праходзяць у тэматычна аформленым кабінеце, сродкі на абсталяванне якога былі вылучаны кітайскім бокам. Значны ўклад у афармленне кабінета ўнёс і педагагічны калектыў навучальнай установы.

Змест заняткаў у аб’яднанні па інтарэсах не змяніўся. Іх праводзіць выкладчык-валанцёр, непасрэдны носьбіт мовы. У настаўніцы У Цінфан штодня, у тым ліку і па суботах, па 4—5 урокаў. Асновы кітайскай мовы яна выкладае як малышам, так і навучэнцам сярэдняга і старэйшага звяна. Вучэбны матэрыял педагог падае ў класічнай і гульнявой форме.

— Усе мае навучэнцы вельмі старанныя. Але, вядома, ёсць моманты, якія даюцца дзецям з пэўнымі цяжкасцямі. Гэта тычыцца і напісання іерогліфаў, і вымаўлення. У такіх выпадках працую з дзецьмі індывідуальна, пастаянна паўтараем з імі пройдзенае. Наогул, яны ўжо шмат чаму навучыліся. Больш за тое, некаторыя навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах і алімпіядах, — адзначыла настаўніца У Цінфан.

Дзеці сапраўды вельмі захоплены прадметам. Яны лічаць кітайскую мову незвычайнай і цікавай. Многія, дзякуючы наведванню заняткаў, ужо нават вызначыліся з будучай прафесіяй.

— Веданне кітайскай мовы сёння запатрабавана і прэстыжна, адкрывае разнастайныя магчымасці, таму я і вырашыла яе вывучаць. У далейшым планую выбраць прафесію, звязаную з перакладчыцкай дзейнасцю ў гэтым кірунку, — падзялілася Паліна Хадасевіч, з якой цалкам згодны яе аднакласніцы Паліна Каплан і Паліна Чукава.

Адметна, што на занятках у класе Канфуцыя гімназісты вывучаюць не толькі іерогліфы, граматыку і вымаўленне. Паралельна яны таксама знаёмяцца з багатай культурай Кітая: народнымі святамі, традыцыйнымі вырабамі, сакрэтамі чайнай цырымоніі. Такі падыход да навучання дазваляе дзецям не толькі вынікова засвойваць кітайскую мову, але і спрыяе іх агульнаму інтэлектуальнаму і духоўнаму развіццю. Таму ў будучыні ў гімназіі хочуць паспрабаваць увесці ў адукацыйны працэс кітайскую мову як вучэбны прадмет. Ды і ўвогуле тут імкнуцца і далей развіваць узаемаадносіны з Кітаем. У найбліжэйшых планах — наладжванне ўзаемаабмену паміж вучнямі, што яшчэ больш паспрыяе педагагічнаму супрацоўніцтву.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.