Ведаем, разважаем, дзейнічаем

- 12:00Навіны рэгіёнаў

У школах Міншчыны прайшлі заняткі для дзевяцікласнікаў па рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Падчас заняткаў разглядаліся тры інфармацыйныя блокі.

ШАГ 1 — “Мы даведваемся” — прадугледжваў абмеркаванне ў класах вядомых фактаў пра падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы знаёміліся з мэтамі нацысцкай Германіі ў вайне супраць СССР, планам “Барбароса” па хуткім захопе савецкіх тэрыторый, асаблівасцямі вядзення прыгранічных баёў, з дзейнасцю савецкага кіраўніцтва па арганізацыі мабілізацыі, народнага апалчэння, эвакуацыі.

ШАГ 2 — “Мы разважаем” — падахвочваў да актыўнага абмеркавання мэт нацысцкай Германіі па каланізацыі захопленых зямель. У фокусе размовы быў план “Ост”, аналіз плана “Барбароса” і мер па ператварэнні краіны ў ваенны лагер.

ШАГ 3 — “Мы дзейнічаем”. Разглядаючы подзвіг савецкіх пагранічнікаў, Чырвонай Арміі, народнага апалчэння, дзякуючы якім планы гітлераўцаў не здзейсніліся, вучні наведвалі школьныя музеі. Напрыклад, дзевяцікласнікі Стаўбцоўскага раёна завіталі ў музей сярэдняй школы № 3 “Зямля і людзі Стаўбцоўшчыны”.

Марына КУНЯЎСКАЯ.