Ведай сам — навучы іншых

Школа з пачатковых класаў павінна закласці навучэнцам асновы ведаў аб самазахаванні, пры гэтым важна спалучаць развіццё самастойнасці з выхаваннем адказнасці за бяспечныя паводзіны. Траўматызм з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, якая аказвае найбольшае ўздзеянне на дзяцей. У той жа час значнасць гэтай праблемы часта недаацэньваецца.

Кожны з нас, а дзіця тым больш, лічыць: “Са мной ніякай бяды здарыцца не можа”. Але небяспека не выбірае ні па ўзросце, ні па гендарнай прыналежнасці, ні па сацыяльнаным становішчы. Бяда прыходзіць раптоўна і там, дзе не чакаеш. Але траўматызму можна пазбегнуць шляхам прыняцця мер прафілактыкі або барацьбы з ім. Гуманістычны характар гэтай праблемы выяўляецца ў выхаванні адказнага стаўлення да ўласнай бяспечнай жыццядзейнасці, як асабістага самазахавання здароўя ва ўсіх яго значэннях, так і беражлівых адносін да здароўя іншых людзей. Менавіта па гэтай прычыне ў рамках абласной інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Займальны маршрут” з мэтай прафілактыкі супрацьпраўных паводзін, арганізацыі карыснага вольнага часу, прававой асветы вучняў і іх законных прадстаўнікоў, якія пражываюць у аддаленых населеных пунктах, адбыўся выезд устаноў дадатковай адукацыі “Аршанскі раённы цэнтр фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі” і “Аршанскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” з гульнявой праграмай “Рознакаляровыя далоні” ў нашу школу.

Прафілактычная праграма складалася з двух блокаў. Першы, інфармацыйна-асветніцкі, разлічаны на бацькоў. Спачатку інспектар МНС Мікіта Шурмін паведаміў прысутным пра небяспеку, якая можа падсцерагаць дзіця, калі тое знаходзіцца без кантролю дарослых, і прывёў падрабязную статыстыку падобных здарэнняў па Аршанскім раёне і Віцебскай вобласці за 2020 год. За праглядам відэаролікаў бацькі мусілі задумацца: ці заўсёды яны ведаюць, як бавяць вольны час іх дзеці, дзе сын ці дачка бывае і што робіць, калі дарослыя знахо­дзяцца на рабоце, ці змогуць выратаваць сябе, калі напаткае бяда. У замацаванне законныя прадстаўнікі не толькі адказалі на тэарэтычныя пытанні інспектара МНС, але і выканалі практычную частку: знайшлі парушэнні пры эксплуатацыі печы. Усе ўдзельнікі атрымалі буклеты, інфармацыйныя брашуры аб правілах бяспечных паводзін для дзяцей і дарослых.

Другі блок, інфармацыйна-гульнявы, разлічаны на дзяцей. Педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі правялі для навучэнцаў гульнявую праграму. Усе жадаючыя змаглі прадэманстраваць тэарэтычныя веды аб правілах бяспечных паво­дзін і практычна адпрацаваць свае навыкі. Для гэтага дзецям прапанавалі прайсці некалькі станцый: “Спартыўную”, “Краязнаўчую”, “Турыстычную”, “Танцавальную”, “Музычную”, “Вакальную” і прыняць удзел у віктарыне па правілах бяспечных паводзін.

Вельмі прыемна, што нашы вучні дастойна прайшлі ўсе станцыі, змаглі аказаць дапамогу “пацярпелым”, не разгубіліся і правільна выклікалі службы дапамогі. Усе ўдзель­нікі гульнявой праграмы атрымалі каштоўныя падарункі і падзяку ад арганізатараў мерапрыемства за актыўнасць і інфармацыйную дасведчанасць. У завяршэнне мера­прыемства прадстаўнік МНС прапанаваў арганізаваць экскурсію для дзяцей і іх законных прадстаўнікоў у Цэнтр бяспекі МНС, які знаходзіцца ў Барані.

Наталля ВАРАБ’ЁВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.