“Веданне гісторыі Халакосту з’яўляецца шляхам да чалавечнасці”

Да падзей Вялікай Айчыннай вайны звяртаюцца ўсе педагогі-краязнаўцы. Адны робяць акцэнт на вывучэнні партызанскага руху, другія даследуюць франтавы шлях землякоў, трэція аднаўляюць імёны салдат, пахаваных у брацкіх магілах. Праца складаная, як фізічна, так і маральна. Самым цяжкім з маральнага пункту гледжання з’яўляецца вывучэнне палітыкі генацыду на акупіраванай тэрыторыі. Напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту (27 студзеня) пра асаблівасці краязнаўчых даследаванняў у гэтым напрамку гутарым з настаўніцай гісторыі сярэдняй школы № 2 Асіповіч Неанілай Львоўнай ЦЫГАНОК.

“У Беларусі шмат людзей рызыкавала сваім жыццём дзеля выратавання яўрэяў, але, на жаль, пра гэтыя по­дзвігі пакуль мала вядома”.

Шмат добрых слоў можна пачуць пра беларусаў: і працавітыя, і гасцінныя, і адкрытыя, і шчырыя, і добрыя, і, канечне, талерантныя, спагадлівыя. Нядзіўна, што сотні нашых землякоў атрымалі ганаровае званне праведнікаў народаў свету за тое, што ратавалі ад смерці яўрэйскіх дзяцей, жанчын, старых. І гэта толькі на аснове пацверджаных фактаў. А колькі подзвігаў засталіся невядомымі! Колькі праведнікаў не расказалі пра свае геройскія ўчынкі! Тысячы, дзясяткі тысяч? З-за даўнасці падзей дакладную лічбу мы наўрад ці калі-небудзь даведаемся. І ўсё ж вяртаць з небыцця подзвігі землякоў, якія, ахвяруючы ўласным жыццём і жыццём сваіх сем’яў, захоўвалі жыццё суседзям, а часцей проста незнаёмым лю­дзям, — справа пачэсная і надзвычай важная.

Неаніла Львоўна практычна з нуля распрацавала сістэму даследавання гісторыі Халакосту на тэрыторыі Асіповіцкага раёна і дасягнула ў гэтай справе краязнаўчых вяршынь, пра што сведчаць не толькі шматлікія дыпломы за перамогі на конкурсах і канферэнцыях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, але і выданне трох тамоў унікальнай кнігі “Вайна вядомая… і невядомая”, куды ўвайшлі навуковыя артыкулы, даследчыя работы, эксклюзіўныя фотаздымкі і нават план паўднёвай часткі Асіповіч даваеннага перыяду, складзены на аснове ўспамінаў мясцовых жыхароў. Аднак самым галоўным сваім дасягненнем педагог лічыць збор звестак пра 364 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці, якія да вайны пражывалі ў Асіповічах: “Па даных допыту нямецкага ваеннапалоннага, у Асіповічах было забіта 770 яўрэяў. Пры гэтым доўгі час былі вядомы імёны толькі 23”.

Усё вядомае цяпер — гэта вынік 13-гадовых даследаванняў Неанілы Львоўны і яе выхаванцаў. Трэба было прыкласці тытанічныя намаганні, каб амаль праз 80 гадоў даказаць, што той ці іншы чалавек выратоўваў яўрэяў, бо самі героі не любілі расказваць пра свае ўчынкі. Складанасць пошукаў яшчэ і ў тым, што тыя, каго ратавалі, маглі загінуць у вайну, а хто выжыў, раз’язджаліся па розных куточках Саюза і свету, сувязь з імі гублялася. Каштоўныя звесткі пачыналі здабывацца традыцыйна для краязнаўства — шляхам апытання мясцовых старажылаў. Абысці сотні дамоў, у кожным затрымацца, як след пагутарыць — на ўсё патрэбны час, сілы, здароўе і, безумоўна, вялікае жаданне. Па словах настаўніцы, пошукавая справа вельмі зацягвае. Гэта як разблытаць клубок нітак. Ты пацягнуў за адну нітачку, а потым з’явілася іншая, яшчэ адна… Нітачкі ў гэтым выпадку — лёсы людзей, чуллівыя жыццёвыя гісторыі, якія адбываліся ў гады вайны.

“Гаварыць пра Халакост — значыць гаварыць не толькі пра трагедыю яўрэй­скага насельніцтва, але і пра самаахвяр­насць беларусаў, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, якія ратавалі яўрэяў ад немінучай гібелі”.

“Некаторыя лічаць, што даследаваннем тэмы Халакосту павінны займацца выключна яўрэі. Але ж гаварыць пра Халакост — значыць, гаварыць не толькі пра трагедыю яўрэйскага насельніцтва, але і пра самаахвярнасць беларусаў, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, якія ратавалі яўрэяў ад немінучай гібелі. Менавіта таму мы з вучнямі робім упор на вывучэнне лёсу праведнікаў. На мой погляд, сёння іх подзвіг не ацэнены належным чынам. Пра яго, на жаль, недастаткова гавораць. Невыпадкова адну з нашых работ мы назвалі “Неапетыя героі”. Слова “неапетыя” вельмі трапнае. У Беларусі шмат лю­дзей рызыкавала сваім жыццём дзеля выратавання яўрэяў, але, на жаль, пра гэтыя подзвігі пакуль мала вядома”, — падзялілася Неаніла Львоўна.

Асновай работы “Неапетыя героі” стала гісторыя мясцовага ўрача Аляксея Дзянісава. Знаёмства з подзвігам гэтага чалавека адбылося ў 2006 годзе, калі настаўніца завітала ў госці да сына Сары Рыгораўны Уцеўскай, якую Аляксей Афанасьевіч выратаваў падчас вайны. Пазней Неаніла Львоўна змагла знайсці сваякоў Дзянісава ў Беларусі і Ізраілі, а таксама ўстанавіць, як жыў і як загінуў гэты чалавек і яго сям’я. “У 1942 го­дзе Аляксею Афанасьевічу ўдалося па фіктыўных дакументах вывезці Сару Уцеўскую (сяброўку сваёй жонкі) разам з сям’ёй з Асіповіч літаральна за дзень да карнай аперацыі. Аднак сваю сям’ю ён ад смерці не выратаваў. Нават цяжка ўявіць, які няпросты выбар давялося зрабіць гэтаму чалавеку. Па асабістай просьбе Аляксей Афанасьевіч быў расстраляны разам з жонкай-яўрэйкай і дачкой, хаця акупанты адпускалі мужчыну, не збіраліся забіваць урача. Разам з вучаніцамі Вітай Новік і Валерыяй Зайцавай мы пачалі супрацоўнічаць з музеем Яд Вашэм аб прысваенні Аляксею Дзянісаву звання “Праведнік народаў свету”. Нашы намаганні аказаліся паспяховымі”, — падзялілася Неаніла Львоўна.

Важным дасягненнем настаўніцы з’яўляецца і прысваенне звання “Праведнік народаў свету” праваслаўнаму святару Сцяфану Кучынскаму, які ўкрываў у сваім доме двух яўрэйскіх хлопчыкаў Леаніда і Барыса Грышановічаў. Унук Кучынскага расказваў Неаніле Львоўне, што ў дом да айца Сцяфана часта заходзілі немцы па бытавых пытаннях. І ў гэты час на ложку пад падушкамі або проста за дзвя­рыма прытойваліся яўрэйскія хлопчыкі. Калі таямніца была б раскрыта, то расстралялі б не толькі братоў Грышановічаў, але і вялікую сям’ю бацюшкі. А жыў ён у доме разам з жонкай, дачкой, нявесткай і двума малалетнімі ўнукамі.

“Разумець гэтую праблематыку вучні пачына­юць прыкладна з 16 гадоў. Аднак калі метадычна правільна распрацаваць тэму, то гаварыць пра Халакост можна нават у пачатковай школе”.

“Вырашальную ролю ў прысваенні звання праведніка народаў свету адыгрывае сведчанне выратаванага. Я знайшла родных айца Сцяфана ў Віцебску, сустракалася з унукам, па тэлефоне размаўляла з унучкай, якая пражывае ў Расіі, знайшла жонку Леаніда Грышановіча, ездзіла да яе ў Літву і запісвала ўспаміны. Але самае галоўнае, што сустрэлася з Барысам Грышановічам, які цяпер жыве ў Мінску. Атры­манне праваслаўным святаром звання “Праведнік народаў свету” з’яўляецца ўнікальным выпадкам. У Беларусі толькі двум бацюшкам прысвоена гэтае званне, і адзін з іх наш зямляк Сцяфан Кучынскі. Вялікую дапамогу ў пошуку матэрыялаў для прысваення пачэснага звання айцу Сцяфану аказалі мае былыя вучні Кацярына Анюхоўская, Вольга Яроміч і Сцяпан Новік, якія з’яўляліся ўдзельнікамі лектарскай групы, створанай з мэтай інфармавання насельніцтва Асіповіцкага раёна пра падзеі Халакосту і захавання гістарычнай памяці. Тэма дзейнасці праваслаўных святароў у часы вайны для нас яшчэ не закрыта. Вядома, напрыклад, што айцец Пётр Таратута, які служыў у асіповіцкай царкве, таксама хаваў яўрэяў, потым пайшоў у партызанскі атрад. На жаль, у афіцыйных спісах святароў, якія змагаліся ў партызанскіх атрадах, яго прозвішча няма. Таму разам з вучнямі мы працягнем пошук”, — падзялілася Неаніла Львоўна.

Настаўніцай устаноўлены яшчэ 28 новых выпадкаў выратавання яўрэяў у Асіповіцкім раёне. Многія з гэтых выпадкаў, хутчэй за ўсё, не атрымаецца даказаць дакументальна, аднак важна, што пра мясцовых жыхароў, для якіх чалавечнасць стала даражэйшай за ўласнае жыццё, будуць памятаць наступныя пакаленні. “Калі вывучаеш лёс праведнікаў, то абавязкова задаеш сабе і сваім вучням пытанне: “А ці змог бы ты так зрабіць?” — дзеліцца Неаніла Львоўна. — Наогул, цэнтральным пры вывучэнні тэмы Халакосту з’яўляецца пытанне маральнага выбару. На жаль, з-за абмежаванасці вучэбных гадзін грунтоўна выву­чаць гэтую тэму можна толькі ў межах пазаўрочнай дзейнасці”.

З якога ўзросту далучаць вучняў да тэмы Халакосту? Па словах Неанілы Львоўны, разумець гэтую праблематыку вучні пачынаюць прыкладна з 16 гадоў. Аднак калі метадычна правільна распрацаваць тэму, то гаварыць пра Халакост можна нават у пачатковай школе. “Лічу, што для любога чалавека веданне гісторыі Халакосту з’яўляецца шляхам да чалавечнасці. Для Асіповіцкага раёна гэта актуальна яшчэ і таму, што да вайны насельніцтва нашага краю было амаль на палову яўрэйскім”, — адзначыла настаўніца.

Захаванню гістарычнай памяці пра людзей, чые продкі на працягу многіх стагоддзяў пражывалі на асіповіцкай зямлі ў міры і зго­дзе з беларусамі, садзейнічае праект “І памяць сэрца гаворыць…”, распрацаваны Неанілай Львоўнай. Ён накіраваны на пашырэнне ведаў вучняў пра ключавыя пытанні гісторыі Халакосту, развіццё павагі да людзей розных нацыянальнасцей, выхаванне ў маладога пакалення чалавечнасці. Тэма Халакосту не толькі пра трагедыю яўрэйскага народа. Гэта пра спагадлівасць, дабрыню, талерантнасць, самаахвярнасць — тыя якасці, якімі заўсёды славіліся беларусы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.