Веданне ПДР і артыстызм

200 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў сталі ўдзельнікамі 43-га абласнога злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху. Сёлета школьнікаў з усіх куткоў Гомельшчыны сустракаў аздараўленчы лагер “Лясныя далі” на тэрыторыі Гомельскага раёна.

Асноўнымі арганізатарамі традыцыйна з’яўляюцца ўпраўленне ДАІ УУС і галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама пры непасрэдным удзеле Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. 

25 каманд прынялі ўдзел у конкурсах, якія былі накіраваны на прафілактыку дзіцячага дарожна-
транспартнага траўматызму. Абсалютна кожны ўдзельнік мерапрыемства быў падрыхтаваны да спаборніцтваў і нацэлены атрымаць перамогу.

У конкурсе “Тэарэтычны экзамен на веданне правіл дарожнага руху” лепшыя вынікі паказала каманда Красненскай сярэдняй школы Гомельскага раёна. Самымі ўважлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху сталі навучэнцы сярэдняй школы № 12 Жлобіна. У практыкаванні “Фігурнае ваджэнне веласіпеда” прадэманстравала ідэальную манеру язды на веласіпедзе, хуткасць і спрыт каманда Гадзілавіцкай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна. 

Былі ўпэўненымі і сапраўды ведалі, як аказваць першую дапамогу пацярпелым, прадстаўнікі сярэдняй школы № 7 Рэчыцы. Яны сталі пераможцамі ў конкурсе “Аказанне першай дапамогі”. 

У спаборніцтве пад назвай “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” юным інспектарам неабходна было паказаць артыстызм, музычна і маляўніча прадставіць каманду, зрабіўшы акцэнт на тэме бяспекі дарожнага руху. Тут лепшымі сталі навучэнцы сярэдняй школы № 14 Мазыра.

Апошняе, што неабходна было зрабіць, — намаляваць газету на тэму “85 гадоў на варце бяспекі дарог”. Каманда сярэдняй школы № 1 з Калінкавіч лепш за іншых выканала гэтае заданне. На закрыцці свята юных інспектараў дарожнага руху віншавалі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Руслан Смірноў і намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ падпалкоўнік міліцыі Сяргей Бандарэнка. 

Абсалютным пераможцам 43-га абласнога злёту-конкурсу атрадаў юных інспектараў дарожнага руху стала каманда Красненскай сярэдняй школы Гомельскага раёна. На другой прыступцы — прадстаўнікі сярэдняй школы № 7 Рэчыцы, а трэцяе месца засталося за дзецьмі з сярэдняй школы № 14 Мазыра.

Удзельнікам злёту і пераможцам, акрамя дыпломаў, уручаны памятныя падарункі і ласункі, а каманды, якія занялі першыя месцы, атрымалі галоўныя прызы — веласіпеды. У аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама падкрэслілі, што правядзенне падобных мерапрыемстваў дапамагае выхоўваць законапаслухмяных удзельнікаў дарожнага руху, прапагандуе здаровы лад жыцця, прыцягвае дзяцей да сістэматычных заняткаў фізічнай культурай і вывучэння правіл дарожнага руху. Да таго ж кожны ўдзельнік не толькі вынес многа карыснай і патрэбнай інфармацыі, але і набыў добрых сяброў. Ну а самых кемлівых і спрытных чакае нялёгкая і напружаная барацьба на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.