Ведаць, каб жыць!

У нашай школе навучанню правілам пажарнай бяспекі ўдзяляецца вялікая ўвага. Акрамя тэматычных класных і інфармацыйных гадзін, вучнёўскіх лекторыяў, тыдня асноў бяспекі жыццядзейнасці, традыцыйнымі сталі віктарына “Пажарная бяспека”, спартыўнае спаборніцтва “Бяспечнае кола”, гульнявая праграма “Сакрэты выхавання”, аперацыя “Эвакуацыя”.

Ладзяцца сумесныя з Бераставіцкім РАНС акцыі. Дзеці і падлеткі даведваюцца, што такое агонь, навошта ён патрэбны, якім чынам правільна ім карыстацца, што рабіць, калі пачаўся пажар. Для малодшых школьнікаў настаўнікі праводзяць урокі бяспекі ў гульнявой форме або арганізоўваюць экскурсіі ў пажарную часць, дзе вучні могуць бліжэй пазнаёміцца з асноўнымі абавязкамі ратавальнікаў-пажарных.

Пажарная бяспека ў школе — не толькі правілы, якія вучні павінны вывучыць. Тым больш што вывучыць правілы — не значыць умець імі карыстацца. Дзецям і падлеткам неабходна расказваць, якія сітуацыі здараюцца ў жыцці. Школьнікі павінны ведаць рэальныя гісторыі, звязаныя з пажарам. Але галоўнае, аб чым неабходна ведаць кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы, — як паводзіць сябе падчас пажару і чаго нельга рабіць.

Наталля ШМАРОЎСКАЯ,
намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.