Ведаць, любіць, шанаваць

Апошнія гады ў краіне актыўна праходзіць кампанія па святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы (адзначаецца 21 лютага). І вельмі радуе, што гэтае свята асабліва шануюць ва ўстановах адукацыі — ад дзіцячых садоў да ўніверсітэтаў.

Cа свята роднай мовы ў Коханаўскай сярэдняй школе iмя I.П.Кожара Талачынскага раёна.

У рэдакцыю нашай газеты літаральна за мінулыя тыдзень-два прыйшоў не адзін тузін допісаў ад настаўнікаў школ, выкладчыкаў УВА, выхавальнікаў садкоў, у якіх яны падзяліліся вопытам правядзення розных мерапрыемстваў, прысвечаных міжнароднаму дню, у сваіх установах або проста думкамі, як кажуць, з нагоды. Надрукаваць іх усе на старонках газеты, натуральна, не выпадае. Таму ніжэй прапаноўваем пазнаёміцца з допісамі ў выглядзе кароткага дайджэста, а некаторыя рэспандэцыі вы можаце знайсці на нашым сайце www.nastgaz.by.

Напрыклад, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Партызанаўскага ясляў-сада — базавай школы Слонімскага раёна Тамара Мазур у сваіх нататках, якія красамоўна назвала “Ведаць, любіць, шанаваць”, падзялілася менавіта тым, да чаго самастойна дайшла ў разуменні місіі настаўніка роднай мовы і літаратуры. Вось толькі некаторыя вытрымкі: “Увесці вучняў у атмасферу жывога беларускага слова, даць магчымасць адчуць яго прыгажосць і непаўторнасць, мілагучнасць і таемнасць — задача кожнага настаўніка-філолага. Родная мова павінна ўвайсці ў сэрцы і душы нашых выхаванцаў лёгка, упэўнена, прыстойна. <…> На мой погляд, вельмі важна ва ўмовах білінгвізму асаблівую ўвагу ўдзяляць развіццю крэатыўных здольнасцей вучняў, іх жаданню авалодаць родным словам, важна навучыць дзіця правільна, лагічна, дакладна перадаваць думкі, гатоўнасці да свабоднага маўлення. <…> Вельмі ўдала спрацоўвае такая форма работы, як адкрытая трыбуна “Выкажыся, каб я цябе ўбачыў”… Самае галоўнае тут — не перашкаджаць выказвацца і правільна накіроўваць маўленчую плынь навучэнцаў. <…> Як настаўнік-мовазнаўца лічу сваім абавязкам падтрымліваць устойлівую цікавасць да чытання твораў беларускіх класікаў, газет, часопісаў. Прапаноўваю чытаць беларускамоўныя сайты, допісы ў сацсетках, паведамленні ў інтэрнэце, уключаць на камп’ютары праграмы з беларускім інтэрфейсам. <…> Кожны з навучэнцаў павінен прыйсці да высновы: мова — гэта душа народа, яго спадчына, карані. Адсячыце карані ў дрэве — і яно завяне, засохне, загіне. Пакуль жыве мова — жыве народ. А размаўляць па-беларуску зусім не сорамна — гэта сучасна, годна і модна”.

Па-свойму шчыра і проста разумна выказалася і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна Святлана Войшэль: “Мова — не проста сродак зносін, яна — своеасаблівае люстэрка жыцця народа. У кожным куточку Зямлі, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: у штодзённай гаворцы, у казках, песнях, у падручніках, нарэшце, проста жыве ў генах людзей. Менавіта праз слова адраджаецца душа чалавека. У ёй адлюстроўваюцца звычаі, традыцыі, побыт народа. Яшчэ ў дзяцінстве мова дапамагае нам адкрыць для сябе вялікі свет жыцця. Нам, беларусам, у спадчыну засталася ўнікальная мова — жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Становіцца вельмі прыкра, што сёння “… не звініць і не льецца раздольна-вячыстая мова”.

Хораша разважае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Падсолтаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Вольга Раманава: “Яшчэ ў далёкай старажытнасці людзі здабывалі агонь, прыручалі жывёл, навучыліся апрацоўваць зямлю, вырошчваць ураджай, здабываць карысныя выкапні, будаваць масты, вадзіць па вадзе караблі. Найбуйнейшымі заваёвамі чалавечага розуму ў пазнейшыя часы сталі паравая машына, электрычнасць, радыё, самалеты. А яшчэ пазней вялікім цудам з’явіліся штучныя спадарожнікі Зямлі, касмічныя караблі і выхад чалавека ў космас. Але гэта стала магчыма, бадай, таму, што ў людзей даўным-даўно з’явілася мова. Менавіта яна вывела чалавека ў свет розуму. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Мову з пашанай называюць люстэркам культуры і формай яе існавання”. Акрамя таго, Вольга Анатольеўна паведаміла пра тое, што нядаўна ў іх школе цудоўнай падзеяй стаў Тыдзень роднай мовы і літаратуры, калі навучэнцы мелі магчымасць выправіцца ў падарожжа “Гісторыя роднай мовы”, паўдзельнічаць у моўным турніры “Шануйма родную мову”, бітве літаратараў “Разумніцы і разумнікі”, конкурсе “Быў, ёсць, буду” і іншых акцыях.

Інфармацыйныя нататкі, напоўненыя шчырай гордасцю за праведзеныя мерапрыемствы, даслалі нам настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Светлагорска Анжаліка Ласаева, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Ірына Жалток.

А вось, напрыклад, загадчыца бібліятэкі гімназіі № 2 Ваўкавыска Тэрэза Кавальчук, настаўніца беларускай мовы i лiтаратуры першай катэгорыi Коханаўскай сярэдняй школы iмя I.П.Кожара Талачынскага раёна Жанна Бераснякова, настаўнік-метадыст ліцэя Івацэвіцкага раёна Людміла Бурвін даслалі нам цэлыя разгорнутыя сцэнарыі мерапрыемстваў да Міжнароднага дня роднай мовы. Было відаць па іх допісах, што яны самі літаральна жывуць гэтай тэмай і зараджаюць ёй сваіх юных выхаванцаў. Дзякуючы найперш ім і яшчэ тысячам работнікаў сістэмы адукацыі і жыве сёння наша мова.

Падрыхтаваў Мікола ЧЭМЕР.