Ведаць, тварыць і перамагаць

- 12:21Адукацыйная прастора

Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі” і “Грамадазнаўства” прайшоў у Полацку.

Першае ўражанне ад спаборніцтва — няпраўда, што гуманітарныя навукі сучасных маладых людзей не надта натхняюць: па статыстыцы алімпіяды, сярод удзельнікаў пераважалі якраз прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва (60 дзяўчат і 91 юнак). З іх у групе “Гісторыя” спаборнічала 75 чалавек і ў групе “Грамадазнаўства” — 76. Колькасны склад удзельнікаў па класах з адзінаццатага па дзявяты прадстаўлены адпаведна лічбамі 76, 71, 3. Талісманам алімпіяды стаў полацкі абярэг, на фоне якога праходзілі як сур’ёзныя інтэрв’ю, так і памятныя фотасесіі. Сімвалічна, што адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі прымаў удзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды менавіта па гісторыі і грамадазнаўстве. Напружаная работа падчас алімпіядных выпрабаванняў чаргавалася з цікавымі мерапрыемствамі і экскурсіямі. Тыдзень, калі лепшыя навучэнцы краіны парадавалі журы глыбокімі ведамі, набылі новых сяброў, пазнаёміліся са шматвяковай гісторыяй горада, завяршыла цырымонія ў гонар пераможцаў і прызёраў, якая адбылася ў сярэдняй школе № 18 імя Ефрасінні Полацкай Полацка. Герояў дня сардэчна віталі кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Ганушчанка, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў, намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Пётр Пяткевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, прадстаўнікі бізнес-структур і вядучых айчынных устаноў вышэйшай адукацыі. Спецыяльныя прызы, памятныя падарункі аматарам і лепшым знаўцам гісторыі і грамадазнаўства былі ўручаны ад імя Полацкага райвыканкама, Беларускага і Полацкага дзяржаўных універсітэтаў, выдавецтва вучэбнай літаратуры “Аверсэв”.
Дыпломам І ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі ўзнагароджаны Аляксандр Паршанкоў (сярэдняя школа № 8 Гомеля), Кацярына Дзелец (гомельскі гарадскі ліцэй № 1), Багдан Іодчык (Ліцэй БДУ), Сяргей Жук (сярэдняя школа № 19 Брэста), Юрый Дзем’яновіч (гімназія № 4 Віцебска) і Георгій Вінакураў (Ліцэй БДУ). Дыпломам І ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве адзначаны Аляксандра Ляшук і Юлія Лукашова (абедзве навучэнкі гімназіі № 58 імя Гааза Гомеля), Ксенія Ганчарык (сярэдняя школа № 7 Баранавіч), Лада Мількота (Ліцэй БДУ), Дар’я Краўчук (сярэдняя школа № 1 Нясвіжа), Вячаслаў Верашчагін (Ліцэй БДУ), Артур Касцюшка (гімназія № 51 Гомеля). Спецыяльныя прызы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымалі навучэнец 11 класа Наваельнянскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Максім Калюта і навучэнка 11 класа Олтушскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна Вікторыя Канашук.
— Наперадзе ва ўдзельнікаў алімпіяды новыя маршруты і старты, новыя вяршыні. Мы ад усёй душы жадаем, каб спраўдзіліся ўсе мары і самыя патаемныя жаданні гэтых выдатных маладых людзей, якія яны загадалі ў гэтыя вясновыя дні на старажытнай Полацкай зямлі, — адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў. — І няхай ніколі не вычарпаецца іх імкненне ўпарта працаваць і атрымліваць новыя веды, тварыць і перамагаць!

Таццяна БОНДАРАВА.