Веды, логіка і практыка як складнікі алімпійскага поспеху

Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і біялогіі сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адбыўся на мінулым тыдні ў Магілёве.

Свае веды па гэтых, шмат у чым дапаўняючых адна адну, навуках дэманстравалі звыш 247 (122 па хіміі, 125 па біялогіі) разумнікаў і разумніц з усіх рэгіёнаў краіны. Шлях на Алімп ведаў для іх выдаўся нялёгкі, бо заданні ў гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі складаныя і наватарскія, але паспяховы.
— Сёлета заключны этап прадметнай алімпіяды быў крыху незвычайны, — расказала старшыня журы па біялогіі, загадчык кафедры генетыкі Белдзяржуніверсітэта, прафесар, доктар біялагічных навук Наталля Паўлаўна Максімава. — Адным з новаўвядзенняў стаў новы спосаб тэсціравання школьнікаў. Дыпламанты I ступені па біялогііУ сувязі з тым, што на міжнародных алімпіядах яшчэ з мінулага года ўведзена зусім іншая канструкцыя тэстаў, тэставыя заданні часткі А, да якіх мы прывыклі, на гэты раз адсутнічалі. Іх замянілі творчыя, пошукавыя заданні, пры якіх трэба аналізаваць графікі, дыяграмы, лічбавыя даныя і прыходзіць з дапамогай гэтага аналізу да пэўнай лагічнай высновы. Такая практыка была ўведзена з мэтай разнастаіць характар заданняў, пазбавіцца ад іх трафарэтнасці, калі ўдзельнік мае магчымасць з пэўнай верагоднасцю адгадаць правільны адказ. Таму заданні гэтага года сталі своеасаблівымі тэарэтычнымі даследаваннямі, якія дазволілі выявіць, ці валодае навучэнец лагічным мысленнем і ці можа ён рабіць правільныя высновы. Падобная практыка ўжо не першы год выкарыстоўваецца на міжнароднай алімпіядзе, таму мы таксама звярнуліся да такога ж спосабу тэсціравання ўдзельнікаў, зрабіўшы рэспубліканскі этап алімпіяды свайго роду міні-рэпетыцыяй міжнароднага. І калі навучэнцы справяцца з такімі заданнямі цяпер, то добра праявяць сябе і на міжнародным узроўні.

Пастараліся арганізатары і ў складанні заданняў практычнага тура для юных біёлагаў. Удзельнікам з дзясятых і адзінаццатых класаў трэба было праявіць сябе ў трох практычных лабараторыях: біяхіміі і генетыкі, батанікі і фізіялогіі раслін, а таксама заалогіі. Дзевяцікласнікі ж эксперыментавалі ў практычных кабінетах па батаніцы, заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл. Дарэчы, на практычным этапе членамі журы было ўведзена дадатковае заахвочванне ў палову бала навучэнцам, якія праявілі акуратнасць і падрыхтавалі месца для работы наступнага ўдзельніка.
Заданні практычнага тура былі складанымі, але і цікавымі.
— Былі здзіўлены, што не ўбачылі ў тэарэтычных заданнях стандартных тэстаў. Аднак не магу сказаць, што былі не гатовы да гэтага, — дзеліцца ўражаннямі прадстаўніца каманды Віцебскай вобласці навучэнка сярэдняй школы № 2 Віцебска Кацярына Жаўняроўская. — Складанымі пытанні здаваліся толькі на першы погляд, а калі сталі разбірацца, аказалася, што ўсё проста.
Асабліва ўразіла практыка. Спецыяліст-заолаг з БДУ спецыяльна да алімпіяды выгадаваў да пэўнай стадыі розных прадстаўнікоў жывёльнага свету: прусакоў, павукоў, калаўротак, паводзіны якіх удзельнікі і даследавалі.
Было чаму ўразіцца і прыемна парадавацца і членам журы біялагічнай алімпіяды.
— На шчасце, — расказала Наталля Паўлаўна Максімава, — нягледзячы на вялікі аб’ём заданняў, іх складанасць і наватарства, а таксама сціснутыя тэрміны на выкананне, усе дзеці не толькі паспелі выканаць заданні, але і ў большасці выпадкаў выканаць іх вельмі добра. Гэта сведчыць аб тым, што складанасць ніколькі не палохае дзяцей, а наадварот, мабілізуе і каардынуе іх, стымулюе да дасягнення лепшых вынікаў.

Не менш цікавыя заданні былі прапанаваны і ўдзельнікам алімпіяды па хіміі. На тэарэтычным туры юныя хімікі сутыкнуліся з дваццаццю тэставымі заданнямі, якія выходзілі далёка за межы школьнай праграмы. Гэта былі пытанні, звязаныя з квантавай механікай, арганічнай хіміяй, складаныя тэрмадынамічныя разлікі. Практычны тур адпавядаў тэорыі. Каб знайсці дакладныя рашэнні прапанаваных заданняў, удзельнікам неабходна было не баяцца свабодна думаць, умець аналізаваць і прымяняць логіку. Напрыклад, навучэнцам дзявятых класаў прапаноўвалася правесці аналіз мёду на яго натуральнасць. Дзесяцікласнікі вызначалі ёмістасць батарэй праз хімічныя крыніцы току, а адзінаццацікласнікі вызначалі фосфарную кіслату.
— З заданнямі, якія мы падрыхтавалі ў гэтым годзе (а яны маглі выклікаць складанасць нават у студэнтаў хімічнага факультэта), справіліся ўсе ўдзельнікі, і справіліся бліскуча, — пракаменціраваў вынікі старшыня журы хімічнай алімпіяды, кандыдат хімічных навук, дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі Белдзяржуніверсітэта Віктар Мікалаевіч Хвалюк. — Вынікі, паказаныя ўдзельнікамі, у чарговы раз пацвярджаюць, што нашы дзеці могуць многае і не маюць межаў да дасканаласці сваіх ведаў.

Дыпламанты І ступені па хімііГэтыя словы пацвердзіліся на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд па хіміі і біялогіі: дыпломамі розных ступеней, а таксама пахвальнымі лістамі былі адзначаны 110 хлопцаў і дзяўчат, а гэта амаль палова ўдзельнікаў.
Абсалютнымі пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў І ступені па хіміі сталі дзевяцікласнікі — навучэнец сярэдняй школы № 87 Мінска Валянцін Селязнёў, навучэнка гімназіі № 1 Ліды Настасся Палойка, навучэнка сярэдняй школы № 127 Мінска Кацярына Рагойжа; дзесяцікласнікі — навучэнец сярэдняй школы № 19 Мінска Андрэй Сямёнаў, навучэнец гімназіі № 12 Мінска Андрэй Швед, навучэнец сярэдняй школы № 165 Мінска Андрэй Лойка і адзінаццацікласнікі — навучэнец гімназіі № 1 Мінска Сяргей Кузоўчыкаў, навучэнка гімназіі № 15 Мінска Аляксандра Дземідовіч, навучэнец сярэдняй школы № 12 Слуцка Цімафей Раманоўскі, навучэнец Ліцэя БДУ Мікалай Арцюшэўскі, навучэнка магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Кацярына Нічыпарава.

А вось лепшыя веды па біялогіі паказалі: дзевяцікласнікі — навучэнка сярэдняй школы № 21 Магілёва Таццяна Сцяпанава, навучэнка гімназіі № 1 Іўя Ганна Халява; дзесяцікласнікі — навучэнка Ліцэя БДУ Кацярына Антановіч, навучэнка сярэдняй школы № 15 Магілёва Кацярына Драгунова, навучэнец сярэдняй школы № 3 Любані Мікіта Бокшыц і адзінаццацікласнікі — навучэнка Гомельскага абласнога ліцэя Лізавета Курыліна, навучэнка магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Настасся Івасіўка, навучэнец Мінскага абласнога ліцэя Арцём Скорабагаты, навучэнкі Ліцэя БДУ Марыя Дунай і Таццяна Дзянісава, навучэнец сярэдняй школы № 26 Гродна Арцём Капіца і навучэнка магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Аліна Вайцянкова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.