Настаўнік фізікі, чарчэння і тэхнічнай працы Віктар Савіцкі ўжо два дзясяткі гадоў паспяхова рыхтуе навучэнцаў да алімпіяд па працоўным навучанні. За шматгадовую паспяховую педагагічную дзейнасць ён узнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У скарбонцы дасягненняў працавітых сельскіх юнакоў 43 дыпломы на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды і 13 дыпломаў — на заключным. Шэсць вучняў Віктара Мікалаевіча сталі ўладальнікамі дыпломаў І ступені. Двое з іх абсалютныя пераможцы.
— У школу, дзе з пачатку яе заснавання многа гадоў настаўнічаў мой бацька Мікалай Аляксандравіч Савіцкі, я прыйшоў працаваць у пачатку 1980-х гадоў. Яшчэ будучы маладым спецыялістам, вёў гуртковую дзейнасць па фотасправе і тэхнічнай творчасці, выкладаў фізіку і тэхнічную працу. А калі з’явіўся фармат алімпіяд, зацікавіўся гэтым напрамкам і пачаў рыхтаваць дзяцей да ўдзелу ў іх. Цяпер гэта, можна сказаць, мой канёк і педагагічнае хобі, — успамінае суразмоўнік свае першыя настаўніцкія крокі ў алімпіядным руху.
Падрыхтоўка да алімпіяды па працоўным навучанні — працэс працяглы і творчы. Зараз дзеці ўдзельнічаюць у тэарэтычным і практычным турах, а раней выконвалі яшчэ і абарону творчага праекта. Па словах настаўніка, самае складанае ў яго дзейнасці — гэта адшукаць зацікаўленага вучня.
— Да патэнцыяльных алімпіяднікаў пачынаю прыглядацца з 5 класа, — расказвае педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з 42-гадовым стажам. — Спачатку, каб зацікавіць дзяцей, вяду іх у школьны музей, дзе сабрана больш за паўсотні праектных і алімпіядных работ з натуральнага дрэва: элементы кухоннай мэблі, сервіравальныя і часопісныя столікі, а таксама іншыя карысныя ў побыце вырабы. Калі пяцікласнікі апынаюцца ў музеі, па іх першай рэакцыі відаць, каго можа зацікавіць праца рукамі. У такіх хлопчыкаў загараюцца вочы, яны задаюць мноства пытанняў, спяшаюцца дакрануцца і разгледзець, як выраблена тая ці іншая рэч. Гэтым вучням прапаноўваю наведваць факультатыўныя заняткі і паспрабаваць свае сілы ў алімпіядах. З тымі, хто пагаджаецца, з 5 класа і пачынаем рыхтавацца.
Ужо з першых заняткаў хлопчыкі выконваюць няхітрыя практычныя заданні. Зразумела, адразу змайстраваць нават самую простую рэч бездакорна не заўсёды атрымліваецца. Педагог суцяшае дзяцей: маўляў, нічога страшнага, на памылках вучымся. І вучыць пачаткоўцаў аналізаваць, на якім этапе ў іх рабоце былі недахопы.
Як заўважае настаўнік, працоўнае навучанне — той прадмет, дзе патрабуюцца не толькі залатыя рукі, але і светлая галава. Менавіта таму педагог ужо ў першыя дні падрыхтоўкі звяртае ўвагу на матэматычныя здольнасці вучняў, іх агульны кругагляд і цікавіцца, ці сябруюць яны з матэматыкай, ці любяць чытаць, а ў далейшым прапаноўвае належным чынам вывучаць фізіку і чарчэнне, цікавіцца хіміяй.
Гэтыя веды неабходны, каб без памылак спраўляцца з тэарэтычнымі заданнямі на рэспубліканскай алімпіядзе, дзе трэба і задачы рашаць, і ведаць, хто, напрыклад, вынайшаў першы механізаваны супарт для такарнага станка, якая бывае сталь па хімічным саставе, умець устанаўліваць адпаведнасць паміж механічнымі ўласцівасцямі матэрыялаў і іх назвамі, ведаць найменні розных відаў малярных пэндзляў. І з году ў год тэсты ўскладняюцца.
Паступовая падрыхтоўка
Спачатку свае сілы навучэнцы спрабуюць на так званых малых прадметных спаборніцтвах Гомельшчыны, якія праводзяцца для вучняў 5—9 класаў. А з 7 класа майстравітыя вучні ўліваюцца ў рэспубліканскі алімпіядны рух. Штогод 6—7 юнакоў з невялікай сельскай школы, дзе ў 5—11 класах вучацца ўсяго 50 хлопцаў, прымаюць удзел у раённым і абласным этапах рэспубліканскай алімпіяды. Віктар Мікалаевіч з усмешкай успрымае нараканні калег з вялікіх гарадскіх устаноў адукацыі, якія засмучаюцца, што няпроста адабраць адораных хлопцаў з некалькіх соцень вучняў.
Сёння тры выхаванцы В.М.Савіцкага рыхтуюцца да ўдзелу ў раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды: дзесяцікласнік Сяргей Пацюк і васьмікласнікі Уладзіслаў Курыла і Канстанцін Атрошчанка. І старэйшыя, і малодшыя хлопцы выконваюць заданні аднолькавага ўзроўню складанасці, таму васьмікласнікам даводзіцца цяжэй. Каб рашыць тэарэтычныя задачы, яны павінны ведаць шэраг тэм па матэматыцы, фізіцы, чарчэнні, якія вывучаюцца толькі ў 9—10 класах.
— Займаючыся штодня па некалькі гадзін, навучэнцы паўтараюць заданні мінулых гадоў. Кожнае з іх разбіраюць дэталёва, абапіраючыся на падручнікі. Дадаткова складаю ўласныя задачы па зададзеных тэмах. Вучу азам чарчэння, бо 50% поспеху пры выкананні практычнага задання залежыць ад правільнага прачытання чарцяжу. А яшчэ яго трэба здолець беспамылкова перанесці з паперы на метал ці дрэва. Менавіта таму васьмікласнікі добра ведаюць тэму “Злучэнне”, якая вывучаецца па праграме на ўроках чарчэння ў 10 класе, — знаёміць з асаблівасцямі алімпіяднай падрыхтоўкі настаўнік. — Да таго ж алімпіяднікам важна мець творчае мысленне. У практычным туры, убачыўшы чарцёж нейкай рэчы, трэба не толькі стварыць яе па схеме, перанёсшы ўсе ўказаныя памеры на матэрыял у межах дапушчальных хібнасцей, але яшчэ ўпрыгожыць выраб дэкаратыўнымі арыгінальнымі элементамі — што-небудзь выразаць, выпаліць.
Пры падрыхтоўцы да гэтага тура на дадатковых занятках юнакі пад кіраўніцтвам педагога адпрацоўваюць кожны сталярны рух стамескай, пілой, рубанкам, лобзікам, даводзячы яго да аўтаматызму, а затым і дасканаласці. Акрамя гэтага, юныя ўмельцы вучацца самастойна распрацоўваць пэўную мадэль, ствараць яе чарцёж, а па ім — задуманую рэч.
Недарэмная праца
Сакрэтамі сістэмы падрыхтоўкі, што адточвалася гадамі, настаўнік ахвотна дзеліцца з калегамі ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, а таксама на рэспубліканскіх семінарах. Здараецца, Віктару Мікалаевічу раяць не раскрываць усіх сакрэтаў педагагічнага і сталярнага майстэрства настаўнікам з іншых рэгіёнаў: маўляў, гэта патэнцыяльныя канкурэнты. Але ў педагога на гэты конт іншае меркаванне:
— Я ў такіх выпадках кажу, што гадаваць дастойных канкурэнтаў — гэта добра. Калі няма канкурэнцыі, то няма і руху наперад. Таму стараюся ўсімі сваімі напрацоўкамі па тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўцы дзяліцца з калегамі.
Сталярная і слясарная майстэрні папоўніліся новымі дрэваапрацоўчымі і свідравальнымі станкамі, ручным электраінструментам, сярод якога электралобзік, электрарубанак, дрыль, шліфавальная машынка. Побач з сучаснымі варштатамі суседнічае і абсталяванне 1960-х гадоў выпуску, якое знаходзіцца ў рабочым стане.
Тыя вучні, якія з цікавасцю асвойвалі тэхнічную працу, удзельнічалі ў алімпіядах, звычайна паступаюць на тэхнічныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Так, сёлета выпускнік Улад Пінчук, вырашыўшы пайсці па шляху свайго настаўніка, паступіў на педагагічную спецыяльнасць фізіка-інжынернага факультэта ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна. Можна спадзявацца, што рыхтуецца надзейная змена майстру.
Ёсць сярод вучняў Віктара Мікалаевіча і тыя, хто, атрымаўшы тэхнічную спецыяльнасць, працуе на буйных прадпрыемствах. Прыязджаючы на дні сустрэчы, выпускнікі розных гадоў заўсёды з задавальненнем зазіраюць у майстэрню і цікавяцца, якія сёння заданні прапануецца выканаць алімпіяднікам. Тыя ж, хто яшчэ вучыцца ў каледжы ці ўніверсітэце, расказваюць, як ім лёгка даюцца заняткі па матэрыялазнаўстве, бо многае добра вядома дзякуючы настаўніку.
— Ёсць і тыя, для каго праца з дрэвам стала заняткам для душы, якім можна займацца ў вольны час у гаражы, папаўняючы хатні інтэр’ер новымі драўлянымі крэсламі, паліцамі, этажэркамі, — з задавальненнем гаворыць Віктар Савіцкі. — У любым выпадку я радуюся, што мае вучні авалодалі карыснымі навыкамі, якія патрэбны ў жыцці любому мужчыну, а значыць, мая праца не была дарэмнай.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Ігара ГРЭЧКІ і з архіва школы