Веды, памножаныя на працу

- 9:23Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Адразу два 100­-бальныя вынікі на ЦТ атрымала Анастасія Більдзь з Ліды.

Выпускніца сярэдняй школы № 8 Ліды на цэнтралізаваным тэсціраванні здавала беларускую мову, матэматыку і фізіку. Першыя два прадметы прынеслі ёй найвышэйшыя балы. І калі па матэматыцы дзяўчына чакала такога выніку, то выпрабаванне па беларускай мове нечакана парадавала. Але ж пра выпадак тут гаварыць не даводзіцца. Глыбокія веды, памножаныя на працу на працягу ўсіх школьных гадоў, прывялі Анастасію да такога выніку. Пацвярджэнне яе праца­здольнасці і стараннасці — сярэдні бал атэс­тата 10.

— Рыхтуючыся да ЦТ па беларускай мове, я з 10 класа пачала наведваць факультатыў, які вяла мая настаўніца па беларус­кай мове і літаратуры і класны кіраўнік Наталля Казіміраўна Яцкевіч. Па матэматыцы ў мяне ўжо была добрая база ведаў дзякуючы Жанне Яўгенаўне Бурнос, за што я ёй вельмі ўдзячна. Я ўдзельнічала ў алімпіядах па матэматыцы, таму спецыяльна не рыхтавалася, толькі здавала рэпетыцыйнае тэсціраванне і падтрымлівала свае веды ў тонусе, — расказала Насця.

Выпускніца прызналася, што ёй па душы матэматыка. Гэта і вызначыла выбар будучай прафесіі: дзяўчына збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасць “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”.

— Матэматыка мяне захапіла яшчэ ў малодшых класах, з 5 класа я пачала прымаць удзел у алімпіядах, атрымлівала дыпломы на раённых этапах, у 10 класе выйшла на ўзровень вобласці, а затым і рэспублікі, — прызналася дзяўчына. — У мінулым годзе заваявала дыплом III ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Рыхтавацца да алімпіяд было не складана, мне ва ўсім дапамагала Жанна Яўгенаўна, да яе я магла звярнуцца з любым пытаннем. Таксама я наведвала алімпіядную школу, дзе мы разбіралі складаныя заданні, што таксама дапамагло мне на ЦТ.

Анастасія расказала, што вынік тэсціравання па матэматыцы яе, безумоўна, парадаваў, але быў чаканым, бо на РЦ яна ўжо набірала 100 балаў, таму разу­мела, што для яе гэта рэальна. А вось вынік па беларускай мове выпускніцу здзівіў. Адразу па­дзялілася радасцю з мамай і з настаўніцай. Пра 100 балаў па матэматыцы таксама адразу расказала свайму педагогу.

Талент дзяўчыны дапаўняюць велізарная працаздольнасць і мэтанакіраванасць у авалоданні ведамі. Яна ставіць перад сабой задачы і ідзе да іх выканання.

— Мяне ўвесь час вельмі падтрымліваюць мае бацькі, — па­дзялілася Насця. — Мама казала не хвалявацца, калі вынікі бу­дуць не надта добрымі. Я ім вельмі ўдзяч­на і  разумею, што ў любым выпадку яны мяне падтрымаюць.

Настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 8 Ліды Жанна Бурнос вельмі ганарыцца сваёй вучаніцай:

— Я такіх дзяцей называю Богам пацалаванымі. У Насці выдатныя здольнасці, любы прадмет яна ведае дасканала. Пры гэтым яе талент дапаўняюць велізарная працаздольнасць і мэтанакіраванасць у авалоданні ведамі. Яна ста­віць перад сабой задачы і ідзе да іх выканання. Дзяўчына вельмі выхаваная, інтэлігентная, з павагай і дабрынёй адносіцца да ўсіх. Лічу, у гэтым вялікая заслуга яе бацькоў, яны яе падтрымліваюць ва ўсім, дапамагаюць развівацца.

Жанна Яўгенаўна пачала зай­мацца з Насцяй матэматыкай на павышаным узроўні з 6 класа. Спачатку былі перамогі на раённым узроўні, затым і на абласным, рэспубліканскім. Насця яшчэ займалася і англійскай мовай.

— Вельмі добра, што адміністрацыя нашай школы ўвяла перадпрофільную адукацыю, і з 8 класа дзеці прыходзілі да мяне займацца матэматыкай на павышаным узроўні. З такімі навучэнцамі працаваць вельмі прыемна. Матэматыка — складаны прадмет, а калі ў класе сабраліся тыя, каму гэта цікава, урок праходзіць у зусім іншым тэмпе, з іншым наборам заданняў. Ты ідзеш на ўрок і разумееш, што цябе там чака­юць. Я не прымушаю іх нешта ра­біць, дзеці самі чакаюць ад мяне заданняў. У мяне ў гэтым годзе былі два профільныя класы, і ўсе дзеці на ўроку самі шукалі рашэнне. Для мяне як матэматыка гэта важна, я даю адзін спосаб рашэння, а дзеці адразу прапаноўва­юць другі. А ў Насці проста талент знаходзіць, можна сказаць, прыгожыя рашэнні, з прымяненнем нестандартных метадаў. І праца­здольнасць у яе фантастычная, а таксама ёй уласціва добрая ўпартасць. Яе 100 балаў на ЦТ сапраўды заслужаныя, — адзначыла Жанна Яўгенаўна.

Класны кіраўнік Наталля Яцкевіч лічыць сёлетні выпуск сваім самым лепшым выпускам, а было іх у педагога тры. З 25 выпускнікоў 5 атрымалі медалі, сярод іх і залаты медаль Анастасіі Більдзь. Усе медалісты на цэнтралізаваным тэсціраванні выбралі беларускую мову, магчыма, таму, што любоў да роднай мовы ім прывіла класны кіраўнік — беларусазнавец. Высокі вынік на ЦТ па беларускай мове — 96 балаў — і ў залатой медалісткі Вікторыі Хадарцэвіч. Падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове вялася на працягу двух гадоў на факультатыўных занятках. Настаўніца, акрамя тэарэтычных ведаў, прапаноўвала школьнікам шмат практычных заданняў. Педагог адзначае, што хоць Насця матэматык і фізік, але дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці, падрыхтоўцы, любові да роднай мовы дасягнула такіх высокіх вынікаў і па беларускай мове.

Такімі выпускнікамі, як Анастасія Більдзь, школа вельмі ганарыцца. А дзяўчына, у сваю чаргу, удзячна настаўнікам, якія дапамаглі ёй атрымаць веды і мэтанакіравана рухацца да здзяйснення сваёй мары.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота з архіва Анастасіі Більдзь.