Веды XXІ стагоддзя: як праект Акадэміі адукацыі дапамагае рэалізоўваць патэнцыял педагогаў

- 15:07Образование

Рэспубліканская метадычная школа “Урок XXІ стагоддзя” — праект Акадэміі адукацыі, накіраваны на рэалізацыю патэнцыялу педагогаў і ўдасканаленне педагагічнага майстэрства. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як адзначылі ў акадэміі, суарганізатарамі праекта сталі абласныя інстытуты развіцця адукацыі. Яго мэта — павышэнне метадычнага ўзроўню педагогаў. Асноўнай формай рэалізацыі праекта з’яўляюцца комплексныя выязныя заняткі з наведваннем адкрытых урокаў і правядзеннем майстар-класаў у канкрэтнай установе адукацыі. Тэмы заняткаў вызначаюцца праз сацыяльныя даследаванні ў педагагічнай супольнасці. 

У ліку задач рэспубліканскай метадычнай школы — удасканаленне прафесійных кампетэнцый настаўнікаў па такіх пытаннях, як мэтавызначэнне на сучасным уроку, арганізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на вучэбных занятках, рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрока, аналіз вынікаў урока, кантроль і ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці школьнікаў, карэкцыя гэтых вынікаў. Дзеля выканання пастаўленых задач арганізуюцца майстар-класы настаўнікаў-метадыстаў, што садзейнічае развіццю творчай індывідуальнасці і інавацыйнага патэнцыялу педагогаў.

Праект стартаваў у кастрычніку мінулага года. За гэты час праведзена 5 комплексных выязных мерапрыемстваў, падчас якіх наведаны цікавыя, сучасныя ўрокі перадавых настаўнікаў. Напрыклад, урок геаграфіі па тэме “Горныя пароды і мінералы зямной кары”, які правяла настаўніца геа­графіі сярэдняй школы № 2 Брэста Юлія Багдасарава, або ўрок беларускай літаратуры, прысвечаны твору В.Быкава “Круты бераг ракі”, на які запрасіла педагог Алена Сякацкая з Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна.

Як заўважыў рэктар МАІРА кандыдат філалагічных навук Фёдар Драбеня, новы праект Акадэміі адукацыі каштоўны тым, што аб’ядноўвае прафесіяналаў і пачынаючых педагогаў, дазваляе павысіць узровень тых, хто не адважваўся на прымяненне новых тэхналогій і методык выкладання.  У сваю чаргу прарэктар па вучэбнай рабоце ГАІРА Вольга Блажко заўважыла, што прапанаваны фармат метадычнага навучання з шырокай геаграфіяй яго ўдзельнікаў дазваляе разгледзець падыходы да арганізацыі і правядзення ўрокаў настаўнікаў розных прадметаў у самых розных кутках краіны.

“Аналіз матэрыялаў па выніках выязных заняткаў і распрацоўка метадычных рэкамендацый дапамогуць настаўнікам рэспублікі пераасэнсаваць уласны вопыт правядзення ўрокаў і ўкараніць у практыку найбольш актуальныя і эфектыўныя метадычныя знаходкі і рашэнні. Акрамя таго, такая метадычная дапамога і трансляцыя вопыту дазволяць узняць прэстыж педагога-майстра, педагога-прафесіянала, шырэй прадэманстраваць магчымасці для прафесійнага росту педагогаў краіны”, — падкрэсліла Вольга Блажко.

А пасля ўрока гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (урока-абагульнення па раздзеле “Свет у эпоху Ранняга і Высокага сярэднявечча. Першыя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі”), які праводзіў настаўнік гісторыі Доўскай сярэдняй школы Іван Магіла, яго калега пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2023” Сяргей Шамінскі шчыра парадаваўся, што яго былы вучань дасягнуў такіх вяршынь.

“Калі Іван вучыўся ў школе, я і ўявіць не мог, што некалі буду прысутнічаць на яго адкрытым уроку. Прыемна ўсведамляць, што твае вучні пераўзыходзяць сваіх педагогаў. Насамрэч так і павінна быць. Гэта заканамерны працэс развіцця. Ганарова было бачыць цяпер ужо Івана Юр’евіча прафесіяналам, які дасканала валодае спецыфічнай тэрміналогіяй і гістарычнымі фактамі. Мне, настаўніку выяўленчага мастацтва, было вельмі важна ўбачыць міжпрадметную сувязь. І, трэба адзначыць, гэта было выдатна прадэманстравана. А методыка выкладання з дапамогай інтэлектуальных гульняў, гульнявых платформ садзейнічалі не толькі добраму засваенню матэрыялу, але і кантролю атрыманых ведаў”, — заўважыў Сяргей Міхайлавіч.

Іван Юр’евіч Магіла адзначыў, што новы вучэбны прадмет і вучэбны дапаможнік дазваляюць будаваць урокі такім чынам, каб засваенне вучэбнага матэрыялу адбывалася не з дапамогай механічнага завучвання, а шляхам развіцця навыкаў супастаўлення, разважання, аналітычных магчымасцей вучняў.

Запамінальнымі былі і ўрокі біялогіі. Сваімі метадычнымі знаходкамі з ахвотай падзяліліся настаўніца біялогіі і хіміі Дар’я Бабарэнь (урок па тэме “Унутраная будова майскага жука”) і настаўніца біялогіі Ганна Мяркулава (урок па тэме “Слыхавая сенсорная сістэма”) з гімназіі № 7 Віцебска імя П.Я.Кандраценкі.

Як адзначылі ў Акадэміі адукацыі, па выніках выязных заняткаў абагульняюцца метадычныя матэрыялы, якія будуць прадстаўлены на сайце акадэміі і ў педагагічных навуковых выданнях. Тым самым педагогам будзе забяспечана станоўчая матывацыя для прафесійнага росту і каштоўнаснага стаўлення да ўласных распрацовак.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота  з сайта Акадэміі адукацыі