Векавая гісторыя ў палотнах

- 12:54Актуально, Апошнія запісы

У чацвер у Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава “Юнацтва камсамольскае”. У экспазіцыю ўвайшлі больш за 60 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, створаных у перыяд з 20-х па 80-я гады. Праект дазваляе прасачыць гісторыю камсамольскага руху, адзначыць яго галоўныя дасягненні. Тут жа прайшла ўрачыстая цырымонія гашэння паштовай маркі “100 гадоў УЛКСМ”.

У мастацкіх работах прадстаўлены эпізоды грамадзянскай вайны і падзеі пасляваенных часоў, ліквідацыі непісьменнасці, героі ваенных гадоў, моладзь, якая пасля вайны дапамагала ў будаўніцтве і на вытворчасці. Знайшлі адлюстраванне ў мастацтве і тэмы вучобы камсамольцаў, адпачынку, спорту, службы ў войску.

“Гэта ўнікальная выстава твораў беларускіх мастакоў, звязаных з камсамолам. Думаю, што гэты праект будзе цікавым не толькі для спецыялістаў і навучэнцаў мастацкіх УВА, але і для простых людзей, асабліва для старэйшага пакалення. Бо гэта іх жыццё, маладосць. Таму мы ўпэўнены, што гэтая выстава будзе мець добры водгук у старэйшага пакалення, а таксама моладзі, якая пераймае традыцыі камсамола”, — сказаў гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.

Выступаючы на адкрыцці выставы перад яе наведвальнікамі, Ігар Карпенка, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, адзначыў, што выстава прадстаўляе добрую магчымасць падрастаючаму пакаленню дакрануцца да гісторыі станаўлення камсамольскага руху, прасачыць шлях яго развіцця і вызначыць для самога сябе шляхі актыўнага і асобаснага станаўлення.

Ён падарыў экзэмпляры кнігі “У рытме імклівых гадоў…”, выпушчанай спецыяльна да юбілею камсамола, Нацыянальнаму мастацкаму музею і Міністэрству сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, якія сталі ініцыятарамі выставы.

Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга сказала: “Камсамол — гэта не толькі будоўлі, студатрады, тыя здзяйсненні, якія маюць матэрыяльнае ўвасабленне, не толькі тая велізарная выхаваўчая работа, але і багатая мастацкая спадчына. Менавіта камсамол быў заснавальнікам прэмій, якімі адзначаліся лепшыя творцы нашай краіны: мастакі, кампазітары, выканаўцы — усе тыя, хто зараз з’яўляецца легендамі нашай культуры, нашага мастацтва. І дзякуючы менавіта мастакам — былым камсамольцам, на гэтай выставе ўвасобіліся тыя падзеі, якія былі вехамі ў гісторыі камсамола”.

Выстава “Юнацтва камсамольскае” будзе экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім музеі да 25 лістапада.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.