Вектар на Азію: чаму кітайцы выбіраюць ГрДУ імя Янкі Купалы

- 14:02Образование: Беларусь — Китай

Як Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы развівае міжнароднае партнёрства з кітайскімі ўстановамі адукацыі, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Супрацоўніцтва з Паднябеснай

— Купалаўскі ўніверсітэт рэалізуе актыўную міжнародную палітыку. Пра гэта свед­чаць лічбы: сёння падпісаны 244 дагаворы з замежнымі ўстановамі і арганізацыямі з 33 краін свету. Тут сваю ролю адыгрывае і той факт, што наш універсітэт мае міжнародную акрэдытацыю. Да таго ж у міжнародных рэйтынгах сярод УВА Беларусі Купалаўскі ўніверсітэт традыцыйна ўваходзіць у пяцёрку лепшых, — паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце ўстановы Лявонцій Паўлаў.

Па яго словах, супрацоўніцтва ГрДУ з універсітэтамі Паднябеснай пачалося яшчэ ў 2001 годзе, калі быў падпісаны першы дагавор з Кітайскім Паўднёва-Цэнтральным эканамічным і юрыдычным універсітэтам. На сёння ў рамках міжнародных дагавораў універсітэт узаемадзейнічае з 35 арганізацыямі КНР. Толькі ў 2024 годзе ГрДУ заключыў 15 дагавораў з універсітэтамі Кітая, адбыліся 3 візіты айчынных дэлегацый у КНР і  6 прыёмаў прадстаўнікоў з Паднябеснай.

Зараз Купалаўскі ўніверсітэт вядзе актыўную работу па стварэнні Інстытута кітая­знаўства імя Канфуцыя сумесна з Сіньцзянскім педагагічным універсітэтам. У снежні 2023 года была пададзена сумесная заяўка ў Кітайскі міжнародны адукацыйны фонд. Летам мінулага года ўніверсітэт наведалі прадстаўнікі Сіньцзянскага педуніверсітэта, яны ацанілі матэрыяльна-тэхнічную базу ГрДУ і ўмовы пражывання ў інтэрнатах, пабывалі на факультэтах, дзе ім расказалі пра спе­цыяльнасці, навуковую дзейнасць, і абмеркавалі магчымыя аспекты ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Напрыканцы восені стажыроўку ў гэтым педуніверсітэце прайшла начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва ГрДУ Вольга Вітальеўна Мінава. Яна дамовілася аб распрацоўцы праграмы міжнароднага супрацоўніцтва дзвюх устаноў і адкрыцці культурна-адукацыйнага цэнтра Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Сіньцзянскага педагагічнага ўніверсітэта — крэатону “Цэнтр супрацоўніцтва”. Плануецца, што на яго адкрыцці ў маі бу­дзе і айчынная дэлегацыя на чале з рэктарам Ірынай Кітурка.

Да таго ж рэктар ГрДУ збіраецца наве­даць Кітайскі міжнародны адукацыйны фонд для канчатковага вызначэння тэрмінаў стварэння Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя.

— Спадзяёмся, што гэтая доўгачаканая падзея адбудзецца да канца года. Яна дазволіць, з аднаго боку, папулярызаваць кітайскую мову і культуру не толькі ў сценах нашага ўніверсітэта, але і ва ўсім Гродзенскім рэгіёне, а з другога — развіваць адукацыйнае і навуковае ўзаемадзеянне, — дадаў прарэктар.

Паспяховы напрамак

Яшчэ адзін прыярытэтны напрамак для ГрДУ — супрацоўніцтва з Ціндааскім вышэйшым каледжам дашкольнай адукацыі, які развіваецца вельмі імкліва і прадукцыйна. Летась з гэтай установай былі падпісаны два дагаворы аб рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм. Згодна з імі, выпускнікі каледжа пасля атрымання спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” прыедуць у Купалаўскі ўніверсітэт на двухгадовае навучанне для атрымання ступені бакалаўра. Прычым займацца кітайскія студэнты будуць на рускай мове, якую яны пачнуць інтэнсіўна вывучаць яшчэ ў каледжы з дапамогай выкладчыкаў беларускага ўніверсітэта. Акрамя таго, супрацоўнікаў Ціндааскага каледжа вельмі зацікавілі методыкі і тэхналогіі навучання Гуманітарнага каледжа ГрДУ, яны прапанавалі супрацоўнічаць і на ўзроўні каледжа.

— У верасні да нас прыязджаў сакратар партыйнага камітэта Ціндааскага кале­джа. Пры яго ўдзеле быў адкрыты беларуска-кітайскі цэнтр па рэалізацыі праекта “Бан Мо (Рубен. Мозі) каледж” на базе Гуманітарнага каледжа. Гэта першая ў нашай краіне міжнародная структура, створаная на базе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — падкрэсліў Лявонцій Юр’евіч. — У нас завяршаюць стажыравацца два выкладчыкі з Ціндааскага каледжа. Адзін з іх мае намер сёлета паступіць да нас у аспірантуру, таму вельмі спадзяёмся, што і гэты напрамак бу­дзе паспяхова развівацца.

У ГрДУ актыўна рэалізуецца і праграма акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў з універсітэтамі — партнёрамі КНР. У 2024 годзе 19 студэнтаў і 14 выкладчыкаў Купалаўскага ўніверсітэта прайшлі навучанне ва УВА Кітая, 5 кітайскіх студэнтаў і 6 выкладчыкаў вучыліся ў беларускай установе адукацыі.

— Акадэмічная мабільнасць — важны паказчык, які ацэньвае нашу дзей­насць, інтэрнацыяналізацыю. У асноўным у КНР пабывалі нашы студэнты спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, дзе першая замежная мова — кітайская. З кітайскага боку нас наведала менш студэнтаў, але ў любым выпадку мы бачым паступовае развіццё ў гэтым плане, — сказаў Л.Ю.Паўлаў.

Эксперыментальная дзейнасць

Варта адзначыць, што многіх спажыўцоў з КНР не задавальняюць стандартныя для ўсіх прапановы адукацыйных паслуг, таму яны шукаюць магчымасці для больш поўнага задавальнення сваіх індывідуальных патрэб. А таму ў ГрДУ імя Янкі Купалы сур’ёзная ўвага ўдзяляецца развіццю эксперыментальнай дзейнасці.

— Кітайцы хочуць больш гнуткіх адукацыйных паслуг па магістратуры. Каб задаволіць іх запыты, мы распрацоўваем эксперыментальныя праекты, якія праходзяць экспертызу ў РІВШ і потым зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі. На сёння мы рэалізуем дзесяць такіх праектаў, а два гады назад іх было толькі два. Так, Купалаўскі ўніверсітэт з 2023 года з’яўляецца ўдзельнікам эксперыментальнага праекта “Рэалізацыя праекта мадэлі інтэграцыі адукацыйнай праграмы І ступені вышэйшай адукацыі (Беларусь) з адукацыйнай праграмай неўніверсітэцкай вышэйшай адукацыі (Кітай) у скарочаныя тэрміны (1,4 года)”. Дарэчы, гэта сумесны праект, які рэалізуецца шасцю рэгіянальнымі ўніверсітэтамі нашай краіны пад кіраўніцтвам  БрДТУ, — паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце.

Ён падкрэсліў, што праект выклікае вялікую цікавасць з боку кітайцаў:

— Калі ў мінулым годзе мы выпусцілі ўсяго 11 чалавек па трох спецыяльнасцях, то сёлета набралі ўжо 100 студэнтаў на восем спецыяльнасцей. Колькасць павялічылася кратна, зараз мы бачым вялікую зацікаўленасць выпускнікоў кітайскіх вышэйшых каледжаў у паступленні на навучанне па гэтай эксперыментальнай праграме.

У мінулым годзе Купалаўскі ўніверсітэт пачаў рэалізацыю эксперыментальнага праекта “Канікулярная магістратура”, дзе чатыры адукацыйныя праграмы праходзяць 56 магістрантаў.

— Многія выпускнікі кітайскіх УВА працуюць, але ім неабходна ступень магістра для таго, каб развівацца прафесійна і расці па кар’ернай лесвіцы. З-за таго, што яны не могуць пакінуць работу на цэлы год, мы вырашылі спраектаваць такі фармат навучання. У яго межах кітайцы прыязджаюць да нас два разы ў год у час канікул, у асноўным у студзені — лютым і ліпені — жніўні. Атрымліваецца, што яны вучацца па чатыры месяцы на першым і другім годзе навучання, а затым яшчэ два месяцы — у анлайн-фармаце. Яны паспяхова завяршаюць вочнае навучанне і атрымліваюць дыпломы магістраў, — патлумачыў Л.Ю.Паўлаў.

Яшчэ адным напрамкам развіцця супрацоўніцтва з кітайскімі УВА-партнёрамі з’яўляецца праек­таванне сумесных адукацыйных праграм. У цяперашні час ідзе актыўная работа ў гэтым напрамку з Універсітэтам Кайлі і Педагагічным універсітэтам Цілу.

У ГрДУ вучацца больш за 1700 замежных студэнтаў з 33 краін свету. Сярод іх — 350 студэнтаў з КНР.

— Усе кітайскія студэнты, магістранты, аспіранты вучацца ў нас на англійскай мове. Для паступлення яны праходзяць субяседаванне па вызначэнні ўзроўню валодання ёй. Кітайскія грама­дзяне зацікаўлены ў адукацыйным працэсе, яны сур’ёзна ставяцца да яго, скрупулёзныя і старанныя, таму паспяхова асвойваюць адукацыйныя праграмы, — адзначыў прарэктар.

Дарэчы, у 2016 годзе ў ГрДУ быў створаны цэнтр інтэрнацыяналізацыі адукацыі, які адказвае за каардынацыю і акумуляцыю ўсёй інфармацыі, звязанай з міжнароднай дзейнасцю ўніверсітэта. Гэта свое­асаблівае “Адно акно” для замежных студэнтаў: тут іх суправа­джаюць на працягу ўсяго працэсу навучання ў Купалаўскім універсітэце.

Навуковае ўзаемадзеянне

Вучоныя ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках развіцця міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння ў галіне прыкладных і фундаментальных навуковых даследаванняў супрацоўнічаюць з кітайскімі калегамі з Універсітэта Цінхуа, Хайнанскага медыцынскага ўніверсітэта, Шанхайскага ўніверсітэта, Чжэцзянскага навукова-тэхнічнага ўніверсітэта і інш.

Так, летась ГрДУ і Інстытут біямеханікі і медыцынскай інжынерыі Універсітэта Цінхуа пачалі рэалізацыю праекта “Механізмы карэкцыі прыроднымі злучэннямі і іх нанаструктураванымі комплексамі метабалічных парушэнняў у тканках печані і сэрца пацукоў пры дыябеце і інтаксікацыі”. А з калегамі з Пекінскага політэхнічнага інстытута ў гэтым годзе распачаты праект “Метад асімптатычнай рэгулярызацыі другога парадку ў прымяненні да зваротных задач храматаграфіі”.

Акрамя таго, вучоныя абедзвюх краін выконваюць сумесныя даследаванні, каб сфарміраваць навуковы задзел для наступнай сумеснай праектнай дзейнасці і ўдзелу ў розных конкурсах навуковых праектаў. Напрыклад, за апошнія тры гады падрыхтаваны і пададзены сумесна з Хайнанскім медуніверсітэтам навуковы праект “Адрозненні ў спектры алергенаў і іх значэнне ў патагенезе астмы ва ўмовах умерана-кантынентальнага клімату Беларусі і трапічнага марскога клімату правінцыі Хайнань”.

Разам з даследчыкамі Універсітэта Фудань падрыхтаваны праект “Вывучэнне распаўсюджвання сігналаў у складаных сетках, якія апісваюць дынаміку мозгу з дапамогай дыферэн­цыяльных ураўненняў”. З Шанхайскім універсітэтам рэалі­зуецца праект “Метады аналізу ўстойлівасці дынамічных сістэм з асаблівасцямі”, а з Чжэцзянскім навукова-тэхнічным універсітэтам — праект “Распрацоўка складу і тэхналогіі нанакампазіцыйных тэрмапластычных паўфабрыкатаў для атрымання функ­цыянальных вырабаў з павышанымі параметрамі эксплуатацыйных характарыстык з прымяненнем адытыўных тэхналогій”.

— Калі падагульніць, то можна смела гаварыць аб тым, што кітайцы выбіраюць беларускія ўніверсітэты, бо іх задавальняе ўзровень адукацыі, яе гнут­касць і эсперыментальныя праекты. Гэта дазваляе ім даволі хутка атры­маць дыплом бакалаўра і магістра, які вельмі важны ў Кітаі пры назначэнні на розныя пасады, — рэзюмаваў Л.Ю.Паўлаў.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлены прэс-службай ГрДУ імя Янкі Купалы