Вектар на новую якасць адукацыі

- 11:27Планёрка ў рэгіёне

Сістэма адукацыі Шклоўскага раёна дае шырокія магчымасці для рэалізацыі інтэлектуальных запытаў і творчых здольнасцей дзяцей, таму новы навучальны год прынясе яшчэ не адно адкрыццё. А сёння некаторымі вынікамі і планамі з намі дзеліцца начальнік аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама Васіль Мікалаевіч МАЛАЛЕТКІН.

— З якімі паказчыкамі сістэма адукацыі Шклоўскага раёна ўступіла ў новы навучальны год?

— Дзейнасць аддзела і ўстаноў адукацыі была накіравана на забеспячэнне якасці адукацыі, павышэнне яе эфектыўнасці ў адпаведнасці з актуальнымі і перспектыўнымі патрэбамі раёна. Сетка ўстаноў адукацыі Шклоўскага раёна прадстаўлена 39 установамі адукацыі. У цэнтры ўвагі знаходзіліся пытанні па ўмацаванні матэрыяльнай базы, гарантаванні бяспекі жыццядзейнасці, удасканаленні эканомікі ў сферы адукацыі.

Створаныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі забяспечылі станоўчую дынаміку паказчыкаў работы сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Павысілася выніковасць цэнтралізаванага тэсціравання: 100-бальны вынік па матэматыцы ў выпускніка гімназіі Арцёма Прохарава, максімальныя балы набралі нашы выпускнікі па рускай мове (97 балаў — гімназія Шклова), па фізіцы (89 балаў — сярэдняя школа № 4), па англійскай мове (97 балаў — гімназія Шклова), па сусветнай гісторыі (87 балаў — сярэдняя школа № 1 Шклова), стабільны працэнт паступлення выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Пэўныя вынікі ёсць у павышэнні якасці агульнай сярэдняй адукацыі. У 2017/2018 навучальным годзе на высокім і дастатковым узроўнях вучылася 64% навучэнцаў. Атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатымі медалямі атрымалі 9 выпускнікоў 11-х класаў. Пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай выдадзены 7 выпускнікам 9-х класаў.

У раёне захоўваюцца сфарміраваныя за многія гады падыходы да арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі. Развіццю інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў спрыяе іх удзел у прадметных алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях. У III (абласным) этапе рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах удзельнічала 22 чалавекі. І як вынік — 9 дыпломаў (у 2017 годзе было 12). Двое навучэнцаў прадстаўлены да заахвочвання спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Як ажыццяўлялася падрыхтоўка да новага навучальнага года?

— Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі ажыццяўлялася за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў. За перыяд 2017—2018 года на капітальны і бягучы рамонты ўстаноў адукацыі з бюджэту накіравана 2165,9 тысячы рублёў, у тым ліку ў 2017 годзе — 840,1 тысячы рублёў, у 2018 — 1325,8 тысячы рублёў. Ва ўсіх установах адукацыі зроблены касметычныя рамонты вучэбных кабінетаў, спартыўных залаў, харчаблокаў і добраўпарадкавана тэрыторыя. За летні перыяд у раёне аздараўленнем было ахоплена 2557 (90,5%) школьнікаў.

— Васіль Мікалаевіч, як ідуць справы з профільным навучаннем, дапрофільнай падрыхтоўкай, пра якую сёння шмат гавораць?

— Сённяшнія магчымасці сярэдняй школы ў профільным навучанні ў поўнай меры забяспечваюць патрэбы ў якаснай агульнай сярэдняй адукацыі, ствараюць роўныя ўмовы для яе атрымання. У новым навучальным годзе 51,6% вучняў 10-х класаў будуць ахоплены профільным навучаннем (у тым ліку ў класах педагагічнай накіраванасці — 8%, аграрнай — 10,8%), 48,4% будуць ахоплены прафесійнай падрыхтоўкай з атрыманнем кваліфікацыі “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці” і “візажыст” на базе Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12.

Працягваецца работа па павелічэнні ахопу школьнікаў заняткамі фізічнай культурай і спортам. На працягу шэрага гадоў навучэнцы раёна з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі і прызёрамі Абласной спартакіяды школьнікаў па летнім і зімнім мнагаборстве “Абаронца Айчыны” сярод дапрызыўнай і прызыўной моладзі. І як вынік — 1-е месца па абавязковых відах спорту, 4-е агульнакаманднае месца сярод 21 раёна вобласці. У 2018/2019 навучальным годзе на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Александрыі будуць арганізаваны трэніроўкі выхаванцаў футбольнага клуба “Дынама-Брэст”.

— Ці сочыце за інавацыямі, якія сёння актыўна ўкараняюцца ў адукацыйны працэс?

— Важнай умовай і адначасова рэсурсам, якія забяспечваюць бесперапыннае павышэнне якасці адукацыі, выступае інавацыйная дзейнасць. У 2017/2018 навучальным годзе ў раёне працягнуць работу 2 рэспубліканскія інавацыйныя пляцоўкі на базе сярэдняй школы № 4 Шклова па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання метадалагічнай культуры вучняў у адукацыйным працэсе” і ясляў-сада № 14 у Александрыі Шклоўскага раёна па тэме “Укараненне мадэлі грамадзянскай ідэнтычнасці выхаванцаў у рамках арганізацыі дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”.

— Якія задачы перад педагагічнай грамадскасцю былі пастаўлены на жнівеньскай нарадзе ў раёне?

— У 2018/2019 навучальным годзе дашкольную адукацыю будуць атрымліваць 1084 выхаванцы, а школьную — 2885 навучэнцаў. Арганізацыю адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі ажыццяўляюць 616 педагагічных работнікаў, з іх 69,2% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Папоўнілі педагагічную сям’ю раёна 13 маладых спецыялістаў. У бягучым навучальным годзе асноўнай мэтай з’яўляецца стварэнне ўмоў для ўстойлівага і дынамічнага развіцця сістэмы адукацыі раёна, якая задаволіць патрэбы асобы, грамадства і дзяржавы ў якаснай адукацыі. Дасягненне мэты плануецца ажыццявіць праз павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў і засваенне новых тэхналогій і форм кіравання, развіццё шматфункцыянальнай сеткі дашкольных устаноў, выхаванне культуры здаровага ладу жыцця, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, пашырэнне форм правядзення прафарыентацыйнай работы з вучнямі, планамернае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, правядзенне рамонтаў будынкаў і збудаванняў, выкананне ўсіх патрабаванняў па стварэнні бяспечных умоў правядзення адукацыйнага працэсу.

— Што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— На сённяшні дзень мяне як начальніка аддзела адукацыі раёна найперш хвалюе здароўе нашых выхаванцаў і педагогаў. Па-другое, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстаноў адукацыі, і па-трэцяе, падрыхтоўка да жыцця ўсіх без выключэння вучняў. Мы павінны дапамагчы ім у ажыццяўленні жыццёвага і прафесійнага самавызначэння, каб кожны выпускнік быў паспяховым у жыцці. І, вядома, каб годна ацэньвалася настаўніцкая праца.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.