Вектар на развіццё

- 9:00Людзі адукацыі

Вольга Віктараўна Разноўская прайшла шлях ад маладога спецыяліста да дырэктара школы. Які ён быў? Па яе меркаванні, шлях поўны выпрабаванняў і перамог, радасцей і цяжкасцей, мар і здзяйсненняў.

У кожнага з нас ёсць мары, і ад таго, якія шляхі да іх дасягнення мы выбіраем, будзе залежаць і наш лёс. Вольга Віктараўна Разноўская цяжкасцей баяцца не прывыкла. Яна не шукае лёгкіх шляхоў! Да таго ж яна заўсёды імкнецца развівацца і рухацца наперад. Яшчэ калі была студэнткай ВДУ імя П.М.Машэрава, Вольга Віктараўна стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скончыла магістратуру. Потым паступова паднімалася па прыступках службовай лесвіцы: малады спецыяліст, настаўніца хіміі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і вось цяпер — дырэктар. Школа для Вольгі Віктараўны стала сэнсам жыцця.

Жыццёвы шлях В.В.Разноўскай ужо 15 гадоў звязаны з педагагічнай дзейнасцю. У 2007 годзе яна прыйшла працаваць у гімназію № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна і адразу зарэкамендавала сябе кампетэнтным настаўнікам, патрабавальным да сябе і чулым да сваіх вучняў. Яна паспяхова займалася з навучэнцамі даследчай дзейнасцю і з’яўлялася кіраўніком гімназічнага навуковага таварыства “Крок у будучыню”. Пераможцы гімназічнага этапу далей прымалі ­ўдзел у раённых, гарадскіх і міжнародных канферэнцыях. На працягу пяці гадоў яна ўзначальвала навукова-метадычны савет гімназіі. Акрамя таго, Вольга Віктараўна аказвала значную дапамогу настаўнікам нашай гімназіі ў падрыхтоўцы матэрыялаў па апісанні і абагульненні іх педагагічнага вопыту ў перыядычных выданнях.

На ўроках хіміі Вольга Віктараўна выкарыстоўвала як традыцыйныя тэхналогіі, так і элементы новых педагагічных тэхналогій. Да кожнага навучэнца яна падбірала свой ключык: гэтаму са­дзейнічаў дыферэнцыраваны падыход. Як мэтанакіраваны настаўнік-прадметнік яна кожны год рыхтавала навучэнцаў, якія станавіліся пераможцамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.

Хтосьці з нас застаецца выдатным настаўнікам-прадметнікам на ўсё жыццё, а іншыя бяруць на сябе адказнасць за агульную справу, за калектыў, збіраюць вакол сябе аднадумцаў і ствара­юць сваё педагагічнае асяроддзе. На пытанне “Які ён, сучасны малады кіраўнік установы адукацыі?” Вольга Віктараўна ўпэўнена адказвае: “Сучасны дырэктар школы — гэта перш за ўсё менеджар, які ў сучасных умовах павінен пера­адольваць стэрэатыпы, знаходзіць новыя і нестандартныя шляхі вырашэння праблем, якія стаяць перад установай адукацыі. Трэба ўмець не толькі арганізаваць адукацыйны працэс, але і стварыць камфортнае асяроддзе для вучобы і развіцця вучняў”.

Вольга Віктараўна акцэнтуе ўвагу на тым, што гімназія № 3 Віцебска, дзе яна пачынала свой шлях маладога настаўніка, пад кіраўніцтвам дырэктара Людмілы Васільеўны Сомавай з’яўляецца сапраўднай кузняй кадраў у Кастрычніцкім раёне. Менавіта гэтая ўстанова адукацыі за апошнія некалькі гадоў стала пляцоўкай для старту трох дырэктараў школ і двух намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце.

Адным з такіх маладых дырэктараў школы і з’яўляецца Вольга Віктараўна Разноўская, якая ў цяперашні час кіруе сярэдняй школай № 29 Віцебска імя В.В.Піменава. Яна лічыць, што дырэктар сучаснай школы павінен вало­даць стратэгічным мысленнем, таму адна з першарадных задач — распраца­ваць свой стыль кіравання школай, у якім і будзе праяўленне асобасных якасцей кіраўніка. Па меркаванні Вольгі Віктараўны, дырэктар — гэта эфектыўны кіраўнік, які валодае такімі якасцямі, як кампетэнтнасць, камунікабельнасць, сме­ласць у прыняцці рашэнняў, здольнасць творча вырашаць праблемы.

Школа № 29 Віцебска мае свае добрыя шматгадовыя традыцыі. Тут вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі, рабоце з маладымі спецыялістамі, падтрымцы ветэранаў педагагічнай працы. У школе створаны ўсе ўмовы для ўдасканалення прафесійнай кампетэнцыі педагогаў праз самаадукацыю, павышэнне кваліфікацыі, авалоданне абноўленым зместам адукацыі, элементамі сучасных педагагічных тэхналогій. Паступова павышаецца і ўдасканальваецца педагагічнае майстэрства настаўнікаў праз максімальнае выкарыстанне магчымасцей урока, праз правядзенне прадметных тыдняў, узаеманаведванне ўрокаў, актыўны ўдзел у семінарах, канферэнцыях, творчых майстэрнях. Укараняюцца ў практыку прагрэсіўныя педагагічныя тэхналогіі, арыентаваныя на ўдасканаленне ўзроўню выкладання прадметаў, на фарміраванне асобы навучэнцаў.

За апошні год у 29-й школе Віцебска падрыхтавалі пераможцу абласнога і ўдзельніцу заключнага этапаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020” настаўніцу біялогіі Ірыну Генадзьеўну Бедарык. Яе перамога невыпадковая. Вучні Ірыны Генадзьеўны неаднаразова станавіліся пераможцамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, навукова-практычных канферэнцый. Так, у 2020 годзе вучаніца Ірыны Генадзьеўны Паліна Пячэрская атрымала падзяку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, І.Г.Бедарык з’яўляецца аўтарам падручніка “Біялогія: вучэбны дапаможнік для 8 класа”. Парадаваў і навучэнец 11 класа Уладзімір Мішурны, які пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Наталлі Мікалаеўны Савіцкай стаў пераможцам абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі.

Пад кіраўніцтвам Вольгі Віктараўны праводзіцца паслядоўная метадычная работа, якая ўяўляе сабой сукупнасць мерапрыемстваў для авалодання настаўнікамі метадаў і прыёмаў вучэбна-выхаваўчай работы, творчага прымянення іх на ўроках і ў пазакласнай рабоце. Вядзецца пошук новых тэхналогій для ўдасканалення працэсу навучання і выхавання. Вольга Віктараўна прымае актыўны ўдзел у семінарах, канферэнцыях. Яна паспяхова дзеліцца сваім педагагічным вопытам на старонках перыя­дычных выданняў. За плённую працу, высокія дасягненні і прафесійнае майстэрства Вольга Віктараўна Разноўская была неаднаразова ўзнагаро­джана падзякамі і граматамі.

Яна належыць да ліку тых маладых кіраўнікоў, якія ўтрымліваюць у сабе багаты педагагічны вопыт, выдатнае веданне свайго прадмета, а таксама майстэрства кіраўніка ўстановы адукацыі. Вольга Віктараўна не спыняецца на дасягнутым і далей плануе імкнуцца да поспехаў у шматграннай, нялёгкай штодзённай працы на пасадзе дырэктара ў творчым калектыве школы.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.