Вектар на сацыяльнае партнёрства і профільнае навучанне

- 11:55Планёрка ў рэгіёне

Адукацыйна-выхаваўчая сістэма Полацкага раёна даўно працуе зладжана і вынікова, таму сённяшняя гутарка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірынай Афанасьеўнай ДРАЗДОВАЙ пра планы і перспектывы на новы навучальны год.

— Ірына Афанасьеўна, навучальны год толькі пачаўся, таму хочацца спытаць: з якім настроем вы і педагогі вашага рэгіёна сустрэлі яго, як рыхтаваліся?
— “Дарогу адужае той, хто ідзе…” — гэтыя словы з’яўляюцца дэвізам нашай педагагічнай супольнасці. Гэта значыць, што трэба ісці наперад, пераадольваючы складаны шлях прафесійнага станаўлення, і весці за сабой дарогай ведаў вучняў, бачачы сваёй галоўнай узнагародай іх поспехі.
На галоўным педагагічным савеце, які ў гэтым годзе ўяўляў сабой эксклюзіўны выпуск вуснага часопіса “Раённы педагагічны веснік. Адукацыя ў асобах”, 20лепшых педагогаў былі ўдастоены спецыяльнага знака “За прафесійныя дасягненні”. Мы адчувалі гордасць за калег, якія прынеслі перамогу рэгіёну ў абласным конкурсе праектаў па эканоміцы і беражлівасці “Энергамарафон”. Парадавала выступленне загадчыка інфармацыйна-метадычнага аддзела Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, які ў 2015 годзе быў удастоены дыплома I ступені на абласным конкурсе “Педагог дадатковай адукацыі-2015”.
Медалі былі ўручаны настаўнікам, якія падрыхтавалі пераможцаў III, IV этапу алімпіяды па вучэбных предметах. Хачу адзначыць, што наш раён мае высокія вынікі ў нялёгкім алімпіядным марафоне. Акрамя таго, у мінулым годзе ў нас рэалізоўвалася восем праектаў, якія мелі статус эксперыментальных і інавацыйных пляцовак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 12 установах адукацыі і 7 творчых (даследчых) праектаў са статусам абласных пляцовак у 14 установах адукацыі.
Асаблівая ўвага пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года была ўдзелена аб’ектам харчавання ў навучальных установах, спартыўным будынкам і збудаванням, пажарнай бяспецы, а таксама падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да ўстойлiвага функцыянавання ў надыходзячым ацяпляльным перыядзе. Памер фінансавання пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года склаў больш за 4 млрд рублёў.
У 2015 годзе скончаны работы па адкрыцці дашкольнага аддзялення ў базавай школе № 11 Полацка, што дазволіла забяспечыць дзецям мікрараёна Зарэчнага крокавую даступнасць атрымання дашкольнай адукацыі. У выніку праведзеных у 2015 годзе мерапрыемстваў па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі і штатнай колькасці работнікаў эканомія бюджэтных сродкаў склала 2,5 млрд рублёў (у 2014 — 2,2 млрд).

— Ці папоўніліся шэрагі педагагічнай грамадскасці раёна маладымі спецыялістамі? Як вы ацэньваеце педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце маладых настаўнікаў?
— Прыемна адзначыць, што менавіта ў Год моладзі ў вялікі і дружны калектыў педагогаў уліліся 80 маладых спецыялістаў. Штогод колькасць маладых спецыялістаў, якія атрымалі першае працоўнае месца на Полаччыне, павялічваецца (у 2013 годзе іх было 61, у 2013 — 63, у 2014 — 65).
Аддзел адукацыі актыўна працуе над прыцягненнем у сістэму адукацыі маладых спецыялістаў. Склалася сістэма работы па аналізе і ўліку патрэбы ў педагагічных кадрах, удасканальваецца сістэма прагназавання, падборкі і расстаноўкі кадраў, распрацоўваюцца меры па пераадоленні дэфіцыту і зніжэння цякучасці маладых спецыялістаў.
Сёння мы ганарымся шматгадовым супрацоўніцтвам з Полацкім каледжам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і самім універсітэтам, Полацкім дзяржаўным універсітэтам, якое з кожным годам становіцца больш трывалым і будуецца на прынцыпах узаемнай павагі і партнёрства. Дзякуючы гэтаму, у новы 2015/2016 навучальны год ўстановы адукацыі Полаччыны ўступілі са стапрацэнтнай забяспечанасцю педагагічнымі кадрамі. Не сакрэт, што маладыя педагогі, учарашнія студэнты, не маюць дастатковага вопыту работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, таму важным з’яўляецца тое, як мы, вопытныя педагогі, здолеем прыняць, арганізаваць і дапамагчы маладым калегам вырашыць іх праблемы.

— А якія прыярытэты былі вызначаны на новы навучальны год?
— Калі гаворыць пра вучэбную дзейнасць, то гэта забеспячэнне высокай якасці агульнай сярэдняй адукацыі, развіццё профільнага навучання. Прыярытэтам застаецца сістэмная прафарыентацыйная работа. Наладжана сацыяльнае партнёрства з установамі сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, прадпрыемствамі эканамічнай і сацыяльнай сферы раёна, дзейнічаюць дамовы аб прафарыентацыйным супрацоўніцтве.
Па-ранейшаму будзе шырока выкарыстаны рэгіянальны кампанент у працэсе грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў. У бягучым навучальным годзе асаблівая ўвага будзе ўдзелена шостаму школьнаму дню. Па запыце дзяцей і бацькоў у гэтым годзе адкрыты новыя аб’яднанні па інтарэсах: школа моладзёжнага бізнесу Progress, гурткі праваслаўнага краязнаўства “Вытокі”, клубы “Пошук”, “Памяць”, “Святагор” і многія іншыя.
У кастрычніку 2015 года на полацкую зямлю вернуцца XIV Рэспубліканскія Свята-Ефрасіннеўскія педагагічныя чытанні “Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў і праваслаўная педагогіка: вопыт работы і перспектывы”, на якіх выступяць педагогі ўстаноў адукацыі Полаччыны. Сёння мы ганарымся і тым, што ў 2014 годзе Полоцку было прысвоена ганаровае званне “Полацк — горад, дружалюбны да дзяцей”. Яшчэ ў 2015 годзе працягне сваю работу дзіцячы маладзёжны парламент, які дзейнічае пры Полацкім раённым Савеце дэпутатаў.

— Ірына Афанасьеўна, і асобна хочацца спыніцца на арганізацыі профільных класаў. Ці ўзнікалі складанасці ў рабоце з бацькамі? Як педагогі ўспрынялі ідэю адраджэння такіх класаў? Ці ёсць у вас педкласы?
— У нас з 1 верасня на павышаным узроўні ў профільных класах вывучаюць прадметы больш за 50% навучэнцаў. Упэўнена, што кваліфікацыйны і адукацыйны ўзроўні нашых педагогаў дазволяць якасна арганізаваць працэс навучання ў гэтых класах.
Варта адзначыць, што ў школах горада на працягу многіх гадоў ужо функцыянуюць класы прафесійнай накіраванасці: ваенна-патрыятычныя, спартыўныя, медыцынскія, тэхнічныя класы чыгуначнага напрамку, класы пры МНС. У сярэдняй школе № 8 Полоцка ў гэтым годзе адкрыты педагагічны клас. Для навучэнцаў класа арганізаваны міжшкольны факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.
Стварэнню профільных класаў папярэднічала маштабная тлумачальная работа, мэтай якой было вывучэнне патрэб навучэнцаў і іх бацькоў, вызначэнне магчымасцей установы адукацыі, фарміраванне сеткі профільных класаў. Працэс камплектавання класаў прайшоў спакойна. Вядома, мы не спынімся на дасягнутым і ў далейшым разам будзем рэалізоўваць усё задуманае.

— Вялікі дзякуй за размову. Поспехаў вам!

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.