Велафестываль

Язда на веласіпедзе сама па сабе цудоўны занятак. А калі побач сябры і цікавыя людзі, гарачыя спаборніцтвы і вясёлыя забавы, то яна ператвараецца ў свята. Такім святам стаў веласіпедны фестываль “Будучыя алімпійцы” ў Мар’інай Горцы Пухавіцкага раёна. Фестываль прайшоў упершыню і быў прысвечаны II Еўрапейскім гульням.

Навучэнцы і супрацоўнікі Мар’інагорскай гімназіі не раз ладзілі і ўдзельнічалі ў веламерапрыемствах — нярэдка адпраўляліся ў велапрабегі, а ў Год малой радзімы часцей сталі праводзіцца краязнаўчыя велапаходы і велапаходы па месцах баявой славы. Вырашылі паспрабаваць і новыя формы сустрэч аматараў веласіпедаў. Задумвалася мера-прыемства як спартыўныя спаборніцтвы ў рамках шостага школьнага дня ў гімназіі, а дарасло да маштабнага фестывалю з цікавымі гасцямі і забаўкамі. Удзел у мерапрыем-стве прынялі не толькі навучэнцы Мар’інагорскай гімназіі, якая з’яўлялася арганізатарам і ініцыятарам, але і навучэнцы іншых устаноў горада, іх бацькі і настаўнікі. І нават дашкаляты — выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расток” прыехалі на сваіх веласіпедах. Самыя маленькія спартсмены спаборнічалі па-за конкурсам.

Ганаровымі гасцямі сталі вядомыя беларускія спартсмены і трэнеры — Наталля Цылінская, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года, 8-разовая чэмпіёнка свету, 28-разовая пераможца кубкаў свету; Міхаіл Іларыёнавіч Дваракоў, загадчык кафедры веласіпеднага, канькабежнага і коннага спорту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, дацэнт, заслужаны трэнер БССР, майстар спорту; Віктар Пятроўскі, заслужаны трэнер БССР па веласпорце.

Удзельнікаў падзялілі на тры ўзроставыя групы, кожнай з якіх прапаноўваліся трасы рознай ступені складанасці. Прызёры спаборніцтваў атрымалі заслужаныя ўзнагароды і граматы “За імкненне да перамогі” з подпісам Уладзіміра Уладзіміравіча Камінскага — савецкага велагоншчыка, алімпійскага чэмпіёна Алімпіяды ў Манрэалі 1976 года.

— Веласіпедны спорт — адзін з самых даступных відаў фізічнай актыўнасці, які ўключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў. Менавіта таму мы вырашылі праводзіць велапрабегі і велафестывалі ў рамках шостага школьнага дня, — расказвае Марыя Валер’еўна Лосік, намеснік дырэктара Мар’інагорскай гімназіі па выхаваўчай рабоце. — Такія акцыі спрыяюць умацаванню здароўя і папулярызацыі веласіпеднага спорту, даюць магчымасць наведаць цікавыя месцы, вывучыць навакольны свет і сваю малую радзіму.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Мар’інагорскай гімназіяй.